22 мая споўнілася 150 гадоў з часу асвячэння храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Смаляніца. Нягледзячы на халаднаватае надвор’е, на Святок сабралася вялікая колькасць людзей.
Прыхаджане, жыхары навакольных вёсак і іншых населеных пунктаў раёна, святары, а таксама самадзейныя артысты і майстры народнай творчасці святкавалі ад душы.
Пасля царкоўнай службы ўсіх гасцей вітаў настаяцель айцец Сергій Худзяеў. Потым перад храмам з канцэртнай праграмай выступілі артысты Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры.
Члены аматарскага аб’яднання «Благасць» (кіраўнік Ірына Чайко) запрасілі на літаратурна-музычную кампазіцыю «Свяціцелю Мікалаю». А ўдзельнікі народнага аматарскага аб’яднання «Смаляначка» (кіраўнік Анатоль Харытановіч) выканалі мясцовыя песні і запрасілі ўсіх жадаючых на майстар-клас па народных танцах.
Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікала выстава работ майстроў народнай творчасці, у тым ліку кіраўнікоў студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва гарадскога Палаца культуры. Можна было не толькі палюбавацца работамі, але і навучыцца з дапамогай майстроў ствараць прыгожыя рэчы з саломкі, паперы, маляваць на шкле, бліжэй пазнаёміцца з такімі відамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, як ганчарства, вышыўка, ткацтва.
Спадзяёмся, што «Смаляніцкі Святок», які шмат гадоў таму збіраў вялікую колькасць людзей на агульны фэст духоўнасці і творчасці, адродзіцца і зноў стане традыцыйным і папулярным.
Вольга Шэпель