Понедельник, 9 декабря 2024

Смачна, прыгожа, карысна! У рэстаране «Пружаны» прайшоў абласны семінар-конкурс для работнікаў устаноў грамадскага харчавання

879

Пакаштаваць стравы калег, навучыцца нечаму новаму і пераняць тэхналогіі прыгатавання фірменных закусак і дэсертаў маглі ўдзельнікі абласнога семінару-конкурсу для работнікаў устаноў грамадскага харчавання. Мерапрыемства на працягу трох дзён праходзіла на базе Пружанскага, Бярозаўскага і Іванаўскага райспажыўтаварыстваў.

Рэстаран «Пружаны» прымаў удзельнікаў кулінарнага форуму ў першы дзень. Сваё майстэрства тут дэманстравалі 11 повараў з розных раёнаў вобласці. Кожны прадставіў па пяць найбольш папулярных фірменных страў той установы, дзе працуе.
Каб атрымаць кампетэнтную ацэнку, да ўдзелу ў семінары запрасілі кіраўніка Гільдыі повараў і шэф-повараў Беларусі Аляксандра Чыкілеўскага. Менавіта ён выступіў у якасці кулінарнага арбітра: повар не толькі ацэньваў афармленне і смак страў, але і даваў каштоўныя парады па тэхналогіі прыгатавання.

Як адзначыла дырэктар філіяла «Прадтавары» райспажыўтаварыства Таццяна Жук, Аляксандр Чыкілеўскі збірае рэцэпты старажытнабеларускіх, забытых страў і заўсёды цікавіцца, ці ёсць яны ў меню ўстановы.

Пружанскі раён на семінары-конкурсе прадстаўляла адразу два ўдзельнікі. Людміла Архуцік з рэстарана «Пружаны» прапаноўвала фарэль на маркоўнай падушцы, суп-пюрэ з гарбуза, салату са свіных вушак, ялавічыну, запечаную ў вішнёвым соусе, а таксама дэсерт – тварожныя дзьмухаўцы з лімонна-гарбузовым соусам. А вось майстар-повар кафэ «Ружанка» Ніна Кірыкевіч дэманстравала блінцы з рысавай паперы з тварожным крэмам, а таксама з маслам з авакада, а яшчэ — свіныя медальёны з салатай і запечаную скумбрыю. Дэсерт повара меў назву «Чырвоны аксаміт» і ўяўляў бісквіт з крэмам з вяршкоў.

Па выніках дэгустацыі Аляксандр Чыкілеўскі даў поварам агульную параду: у страве варта выкарыстоўваць толькі тыя інгрэдыенты, якія можна з’есці. Таму крытычна ён аднёсся да вялікай колькасці размарыну і салаты, што выкарыстоўваліся ў афармленні. Таксама параіў не рабіць вялікіх порцый, каб у страўніку і на дэсерт месца хапіла, выкарыстоўваць на кухні соусы толькі ўласнага прыгатавання.

Па словах повараў, падобныя семінары садзейнічаюць прафесійнаму росту, дапамагаюць завесці новыя знаёмствы.

Таццяна Жук расказала, што ў бліжэйшы час плануецца запрасіць спецыяліста з Гільдыі повараў для ўдаскалення кухні пружанскага рэстарана. Гэта значыць, што на працягу некалькіх дзён ва ўсіх жадаючых будзе магчымасць наведаць рэстаран «Пружаны», каб даць сваю ацэнку стравам, выказаць свае прапановы. Анонс мерапрыемства можна будзе знайсці на старонцы рэстарана ў «Аднакласніках» і ў Instagram, а таксама ў нашай газеце.

Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена райспажыўтаварыствам