Суббота, 12 октября 2024

Смачна паесці, ці Гастранамічны турызм па-пружанску. Наш гайд па аб’ектах грамадскага харчавання

784

Хто добра працуе, той добра харчуецца. Ці наадварот? Здаецца, як бы ні перастаўляў месцамі словы ў гэтай прыказцы, яна будзе актуальнай ва ўсе часы. Уласна, як і патрэба чалавека ў ежы і пітве. Нездарма ж, калі мы прыязджаем у нейкі горад, цікавімся не толькі яго славутасцямі і знакавымі месцамі, але і папулярнымі кропкамі грамадскага харчавання. А якая сітуацыя з імі ў Пружанах? Карэспандэнт вырашыў разабрацца і, што называецца, адправіўся «ў разведку».

Але ж спачатку звязаўся з начальнікам аддзела эканомікі райвыканкама Ірынай Ліхтаровіч. Як расказала Ірына Дзмітрыеўна, у горадзе сёння сапраўды ёсць з чаго выбраць. Пры гэтым варта ўлічваць, што акрамя агульнадаступных і вядомых кропак харчавання існуюць і тыя, якія абслугоўваюць пэўную катэгорыю людзей. Гаворка пра школьныя сталовыя ці сталовыя пэўных арганізацый. Так, у сталовай «Пружанскага льнозавода» ў сувязі са спецыфікай прадпрыемства харчуюцца толькі яго работнікі.

Прааналізаваўшы ж даступныя ўсім пункты харчавання, мы вывелі сваю класіфікацыю і падзялілі пружанскія кафэ, рэстараны, аб’екты фастфуду і не толькі на некалькі катэгорый.

Па комплексны абед — сюды!


Калі не любіце доўга выбіраць і цалкам давяраеце густу прафесіяналаў, раім завітаць у рэстаран «Пружаны». Па буднях, з 12 да 15 гадзін, тут прапануюць гасцям два варыянты комплекснага абеду. Як расказала інжынер-тэхнолаг Алена Трафімчук, адрозніваюцца яны, вядома, складам страў: у адным — мяса свініны, у другім — курыцы. Таксама ёсць розніца ў напоях і, адпаведна, цане. Але ў сярэднім комплекс у галоўным пружанскім рэстаране абыдзецца вам у 12-13 рублёў — праверана на сабе. У дзень майго візіту ў рэстаран у склад комплексу ўваходзілі суп са свежай капусты, адварны рыс, філе курыцы, салата «Слаёная», хлеб і чарнічны напой. І гэта было вельмі смачна! Дарэчы, абнаўляюць комплекснае меню штоаўторак.

Многа наведвальнікаў і ў вячэрні час — з 17 да 23 гадзін. Тут ідзе ў ход іншае меню. Яшчэ адно — для буйных заказаў — юбілеяў, вяселляў, дзён нараджэння. Выязджаюць работнікі ўстановы і на арганізацыю фуршэтаў. Таксама працуе банкетная зала — для больш цесных кампаній. Повары рэстарана пастаянна ўдасканальваюць сваё прафмайстэрства, удзельнічаючы ў курсах і майстар-класах. З’яўляюцца ў меню і навінкі.

А дзе яшчэ?

«Вазьму з сабой» (кафэ ў будынку гасцініцы «Мухавец»). Многія ўжо прывыклі браць тут комплексныя абеды. З восені такая магчымасць з’явіцца зноў па буднях, з 12.00 да 15.00. Склад страў на кожны пэўны дзень тыдня фіксаваны, як і цана. У асартыменце таксама шаурма, хот-догі, бургеры, піца, ролы, сушы і многае іншае. Арганізуюць тут урачыстыя мерапрыемствы, ёсць магчымасць дастаўкі.

Для тых, хто любіць фарміраваць абед сам


Раім завітаць у сталовую № 3 Пружанскага райспажыўтаварыства, што каля аўтастанцыі. Тут, як і ў класічнай сталоўцы, самаабслугоўванне. Выбар жа страў вельмі вялікі: ад салаты і супу да адбіўных. Дарэчы, менавіта іх, па словах старшага повара сталовай Вольгі Клімашэвіч, разбіраюць хутчэй за ўсё. У сярэднім за абед тут вы аддадзіце ад 5 да 10 рублёў. Ёсць магчымасць папярэдняга заказу, праўда, забіраць яго трэба самастойна. Калі ж хочаце паесці непасрэдна ў сталоўцы, то ведайце: зала разлічана на 80 месцаў, яшчэ на 20 — банкетная.

У сталовай № 3 Пружанскага райспажыўтаварыства можна самастойна скампанаваць сняданак, абед або вячэру.

Дарэчы, менавіта ў сталоўцы пякуць піражкі, якія рэалізуюцца ў іншых аб’ектах райспажыўтаварыства. Працуе ж сталовая № 3 штодзённа, прычым у будні — з 8-мі, у выхадныя — з 9-ці раніцы.

А дзе яшчэ?

Сталовая Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Час працы — па буднях, з 11.30 да 16.00. Абед з супу, булачкі, пюрэ з катлетай і кампоту тут каштуе прыкладна 5 рублёў. Самая дарагая страва, адзначае загадчыца Марыя Гержый, філе курынае — каля 5 рублёў. Размясціцца ў сталоўцы ёсць дзе: разлічана на 160 месцаў. Прымальныя цэны робяць аб’ект папулярным не толькі ў навучэнцаў каледжа, але і ў гараджан: тут рэгулярна абслугоўваюць спецзаказы. І з задавальненнем запрашаюць усіх!

Для адпачынку з сябрамі


Аднесці сюды варта бургерную лаўку пад назвай «ТехноБургер». Аб’ект, які прапісаўся побач з інтэрнатамі і спартыўнай залай каледжа, ацанілі не толькі навучэнцы ўстановы і пружанцы. Добрыя водгукі гаспадары рэгулярна чуюць ад шматлікіх гасцей з іншых рэгіёнаў Беларусі і нават іншых краін. Так, падчас майго візіту сюды заўважаю аўто з чацвёркай на нумары. Знаёмлюся: кампанія са Слоніма. Хтосьці з іх ужо быў у бургернай — спадабалася, таму прыехалі зноў з сябрамі і дзецьмі. Аналагаў пружанскай установе ў іх горадзе, прызнаюцца жыхары Слоніма, няма. Вось вам і прыклад развіцця гастранамічнага турызму ў Пружанах.

Дырэктар бургернай лаўкі Аркадзій Слабада: «Галоўнае для мяне і ўсёй нашай каманды — каб людзі былі задаволеныя тым, што мы гатуем і як абслугоўваем».

Як кажа ўладальнік аб’екта Аркадзій Слабада, пачынаў работу тут у якасці ўпраўляючага. Сам жа і распрацаваў тую канцэпцыю, у рамках якой лаўка працуе зараз. Як чалавек, які нарадзіўся і вырас у ЗША, хацеў увасобіць у Пружанах канцэпцыю амерыканскай бургернай. І гэта ў іх з бацькам, як карэспандэнт неаднойчы пераконваўся, набываючы бургеры, удалося.

«Спадабалася! Яшчэ абавязкова сюды вернемся!» — так кажуць госці са Слоніма пра «ТехноБургер».

Самы папулярны бургер — «Пружанская цыпа». У ліку нядаўніх навінак — бургер-піца, аналагаў якому амаль няма ў Беларусі! Дарэчы, бургеры тут вялікія і важкія — 400 г, а цэны — ад 7 рублёў і вышэй. У меню нагетсы, бульба фры, ланчбоксы (лічыце, паўнавартасныя абеды) і многае іншае. Магчымы папярэдні заказ і дастаўка, а ў планах — распрацоўка купонаў на зніжку.

А дзе яшчэ?

Кафэ «Сан-Рэма» (вул. Кастрычніцкая, 45а). Па-сапраўднаму ўтульнае кафэ з беларускай і еўрапейскай кухняй таксама ўжо атрымала масу станоўчых водгукаў. Тут можна як паабедаць (у меню — супы), так і заказаць піцу, пасту, сушы, гарачыя і халодныя стравы. На выбар і шматлікія напоі.

Бар «БАР.ДАК» ужо год працуе на вул. Урбановіча, у будынку побач з паркам. У меню — салаты, сушы і піцы, ролы і бургеры, гарачыя стравы — вок і цяхан, чызкейкі і закускі. Часта тут ладзяць тэматычныя вечарынкі, а сярэдні чэк, калі ўзяць гарачае і салат, пацягне на 30 рублёў.

Рэста-фастфуд «SHAWUHA.XL», што ў будынку Воднага палаца, прыйшоў на змену «Рэсціку». Цяпер тут прапануюць шаурму з рознымі дабаўкамі і соусамі, фры-меню, піцы і не толькі. Для гасцей — і шматлікія настольныя гульні. Тут прыемна і смачна.

Каб правесці час з дзецьмі


Не верце таму, хто скажа, што ў Пружанах няма ўстаноў харчавання з дзіцячым меню. Думаю, многія чытачы з настальгіяй успомняць «Церамок». Але час ідзе, і з’яўляюцца новыя аб’екты. Адзін з іх — кафетэрый Пружанскага малочнага камбіната ў фірменным магазіне «Верас» на Палескай, 5. Адкрыўшыся ў апошні дзень вясны, аб’ект ужо заваяваў папулярнасць. Напрыклад, калі мы размаўлялі з прадаўцом, пакаштаваць пружанскае марожанае завіталі жыхары з Маларыты.

Да стварэння ўласнага кафетэрыя кіраўніцтва падштурхнуў той факт, што дзіцячая пляцоўка побач з «Верасам» заўсёды напоўнена хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Вось і вырашылі зрабіць для іх яшчэ адзін падарунак. У асартыменце — мяккае шакаладнае і ванільнае марожанае, як у вафельным ражку, так і ў аднаразавым посудзе і ў кантэйнеры. Кожную раніцу работнікі кафэ пякуць круасаны. Можна пакінуць і папярэдні заказ на гарачую выпечку. Прапануюць пакупнікам каву і чай. А яшчэ — смачную выпечку і кандытарскія вырабы ад «Берасцейскага пекара», які, як і Пружанскі малочны камбінат, уваходзіць у канцэрн «Брэстмясамалпрам». Таксама можна тут паспрабаваць «кандытарку» ад «Гроднахлебпрама», у якога малочны камбінат закупляе ражкі для марожанага.

Для дзяцей — вялікі экран, на якім паказваюць мультфільмы зыходзячы з прапаноў хлопчыкаў і дзяўчынак. Час працы: па буднях — з 10 да 20 гадзін, у суботу і нядзелю — з 9 да 17 гадзін.

Маладая матуля Вераніка разам з паўтарагадовым сыночкам Пятром убачылі вывеску «Веселая Чашка» выпадкова, а цяпер заходзяць сюды пастаянна і вельмі любяць тварожныя шарыкі.

Выдатны варыянт для адпачынку з дзецьмі — і кафейня «Веселая Чашка». Будзеце побач з Лядовым палацам — абавязкова завітайце! Уладальнікі — Марыя і Сяргей — жывуць у Кобрыне. Адкрыць кафетэрый у нашым горадзе параілі сябры. Спачатку працавалі на Юбілейнай, але ў выніку перабраліся на Заводскую, пра што ні кропелькі не шкадуюць.

Штодзень, з 10 да 22 гадзін, для наведвальнікаў тут не толькі якасная кава са стапрацэтнай арабікі, але і шматлікія дэсерты, сырнікі, вафлі і блінчыкі, нагетсы і не толькі. Гатуюць тут аўтарскія ліманады. Магчымы папярэдні заказ. Усяго ў зале 15 пасадачных месцаў, але ў цёплы сезон усталёўваюць столікі на вуліцы.

У ТОПе пераваг наведвальнікаў — тварожныя шарыкі. Іх рэцэпт хацелі высветліць нават госці са сталіцы падчас «Сонцастаяння». Любяць госці і крыветкі. Прыслухоўваюцца ў «Веселай Чашке» да пажаданняў кліентаў, сярод якіх, вядома, адміністрацыя і спартсмены СДЮШАР № 2. Па іх «наводцы» з’явіліся блінчыкі з тварагом і хот-догі з капустай.

Увогуле, пануе прыемная атмасфера. На невялікай плошчы — адразу некалькі дзіцячых куткоў. У планах у адміністрацыі — правядзенне музычных вечароў. А дэвіз: працаваць якасна і гатаваць для пружанцаў і гасцей горада як для сябе.

А дзе яшчэ?

Кулінарыя Пружанскага райспажыўтаварыства (у будынку рэстарана «Пружаны»). Вялікі выбар тортаў, кандытарскіх вырабаў у спалучэнні са смачнай кавай, міні-піцай, мяснымі вырабамі, піражкамі і нават дранікамі. Летась кулінарыя абнавілася, а таму можна не толькі забраць ежу з сабой, але і прыемна правесці час прама тут. Працуе аб’ект штодзень, з 7.30 да 19 гадзін.

Калі хочацца перакусіць


«Бістро» (у магазіне «Універсам»). Аб’ект хуткага харчавання райспажыўтаварыства заўсёды парадуе вас піражкамі, рознымі відамі салатаў, бульбай фры, гамбургерамі і бургерамі (кошт апошніх — 5-6 рублёў). А яшчэ навінкай — шаурмой «Пружанскай», упершыню прэзентавалі якую на «Вытоках», а набыць зараз можна менавіта ў «Бістро».

«Кебабушка» (вул. Інтэрнацыянальная). Цудоўны варыянт перакусу для тых, хто любіць шаурму, хот-догі, нагетсы ў спалучэнні з бульбай фры і якім-небудзь напоем. Месца размяшчэння — добрае, цэны — таксама. Той жа хот-дог у сярэднім каштуе 7 рублёў. Ёсць магчымасць дастаўкі.

«SHAWUHA» (у будынку магазіна «Малеч», побач з райваенкаматам). Парадуе шаурмой з рознымі дабаўкамі, кавай і дэсертамі. І гэта будзе не менш смачна, чым у рэста-фастфудзе ў Водным палацы. Зноў жа, праверана на сабе.

«Sushki bar» (у цокальным памяшканні «Пружаны-Сіці»). Установа для гурманаў. На выбар піца, сушы-сэндвічы, ролы, у тым ліку гарачыя, сэты, смачныя тарэлкі і не толькі. Па цэнніку: ролы — ад
9 рублёў. Тут, як і ў іншых установах, працуюць па папярэдніх заказах.

Працуюць па папярэднім заказе

У такім фармаце працуе зараз бар «Фараон» (вул. Р. Шырмы, 30). Банкеты, карпаратывы і памінальныя вячэры з задавальненнем арганізуюць для тых, хто пакідае папярэднюю заяўку. Працуюць у фармаце «ежа на вынас», гатовы выехаць і як кейтэрынг (выезд на аддаленыя кропкі).

Прыйсці, выбраць і набыць


Ну і не варта забываць пра магчымасці, якія сёння маюць буйныя магазіны райцэнтра. Выдатны выбар у «Белмаркеце», дзе працуе ўласная кухня, ёсць свая выпечка. Крыху суб’ектывізму: як здаецца, зона фудкорту, як у буйных гандлёвых цэнтрах таго ж Брэста, менавіта тут карысталася б вялікай папулярнасцю.

Што ў выніку?


Месцаў, дзе можна паўнавартасна паабедаць, адпачыць з сябрамі ці дзецьмі ці проста перакусіць, у райцэнтры дастаткова. Па сутнасці, усе яны спрыяюць развіццю гастранамічнага турызму ў нашым горадзе. Усё таму, што прыцягваюць не толькі гараджан, але і шматлікіх гасцей, многія з якіх заязджаюць у Пружаны, спецыяльна каб наведаць той ці іншы аб’ект.

Што ж, спадзяёмся, што гастранамічная карта горада і раёна ў цэлым будзе папаўняцца новымі аб’ектамі. І няхай ва ўсіх іх наведвальнікам ад душы жадаюць «смачна есці!».

Уладзіслаў Шпарла.

Фота аўтара