
У гарачую пару для аграрыяў ствараюцца ўсе ўмовы, толькі каб не адцягваць іх увагу ад той жа веснавой пасяўной кампаніі. Размова ў тым ліку і пра забеспячэнне на месцы гарачымі абедамі і вячэрамі.
НА ЗДЫМКУ: у такіх прыветных жанчын, як кухонная рабочая Галіна Карняйчук, загадчыца сталовай Таісія Шыцікава і повар Таццяна Харута, па-іншаму і быць не можа, усё толькі самае-самае!
Нічога не дадасі, калі і так вядома, што на галодны страўнік працаваць не вельмі зручна. Якая можа быць размова пра эфектыўнасць работы, калі перад вачыма стаяць каўбасы, піражкі і духмяны чай? А пры фізічнай працы, ды яшчэ на свежым паветры, удвая хутчэй цябе пачынае праследаваць голад. Каб такога не здаралася з нашымі адданымі роднай зямлі аграрыямі, кожная гаспадарка краіны стараецца накарміць людзей прама на палетках. І бачна аддача, работа кіпіць, нормы перавыконваюцца. Сыты чалавек — добры працаўнік.

Гэтак жа мяркуюць і ў ААТ «Жураўлінае». Не проста думаюць, а вельмі стараюцца не пакінуць галодным ніводнага работніка, які на дадзены момант задзейнічаны ў такой важнай для сельгаставарыства справе — вясенняй сяўбе. Што пасееш, тое і пажнеш. Калі ты да чалавека з душой, то і ён адплаціць тым жа, будзе старацца, не падвядзе.
Для прыгатавання вельмі смачных страў у ААТ «Жураўлінае» ёсць Дом механізатара, размешчаны ў аг. Клепачы і аснашчаны сучасным кухонным абсталяваннем. Там шчыруюць прыветлівыя і мілавідныя жанчыны, якія гатуюць як для сябе, укладваюць часцінку душы ў любое меню.
Карміць удзельнікаў пасяўной кампаніі ў гаспадарцы пачалі з 6 сакавіка, а на пастаяннай аснове падвозяцца стравы на свінакомплекс і камбікормавы завод. Разам гэта 140 чалавек.
Што прапануюць? Па словах загадчыцы сталовай Таісіі Шыцікавай, меню на працягу тыдня ніколі не паўтараецца, кожны дзень новыя стравы, каб толькі парадаваць сваіх працаўнікоў. На першае, зразумела, супы — з капусты, гароху, крупяныя. Ды ці ўсе пералічыш! Галоўнае, што ў сталовай ад іх стаіць такі пах, што ў галоднага і галава закружыцца. Другім у меню нярэдка прысутнічае рыба, курыца, каўбасы, адбіўныя з рознымі гарнірамі, усё падаецца з пылу-жару. Абавязковы крытэрый — не менш за 100 грамаў мяса.
Прадукцыя жывёльнага паходжання свая, што змяншае затраты гаспадаркі на яе закупку. А кампот? І не толькі, яшчэ кісель, какава і чай, кававы напой з булкамі, пірагамі. Адным словам, можна проста пазайздросціць працаўнікам сельгаставарыства, галадаць ім у любым выпадку не давядзецца. Дарэчы, можна паесці і ў самім Доме механізатараў. Некаторыя пасля наведвання сталовай нават просяць, каб далі некаторыя стравы дадому.
Акрамя ўсяго, улічваецца каларыйнасць страў, узважваюцца інгрэдыенты, нават бяруцца пробы.
Дадзеная паслуга не бясплатная для аграрыяў. Але якая ж смешная льготная цана духмянага і спажыўнага абеду! Усяго 1 рубель 25 капеек! З такімі грошамі і ў магазін не пойдзеш. А тут паўнавартаснае меню.
Вельмі аператыўна стравы дастаўляюцца 5 адзінкамі тэхнікі ў больш чым 20 кропак. Таму ніхто не спажывае халоднае, для лепшых працаўнікоў толькі ўсё самае свежае і смачнае. А калі пасяўная кампанія набярэ абароты, пачнуць дастаўляць і вячэры, якія па смаку не будуць саступаць абедам, а коштам у 84 капейкі.
Неяк так і жывуць людзі на вёсцы, стараюцца для ўсёй краіны. Таму і шануюць іх работу, прыкладаюць усе намаганні, каб падтрымаць, усяліць упэўненасць, што ніхто забыты не будзе. Яны гэтага заслужылі.
Вадзім Раўнейка
На здымку: кухонная рабочая Таццяна Пацапня ад душы частуе трактарыста-машыніста Аляксандра Тарасевіча на палетку каля в. Мокрае.
Фота Кацярыны Масік