Даволі часта даводзіцца сутыкацца з выразам: “Ты мяне не чуеш!”. Сапраўды, у штодзённых клопатах мы часам забываем пра родных і блізкіх, не ўдзяляем ім належнай увагі, не прыслухоўваемся да іх меркаванняў і пажаданняў. Але гэта, хутчэй, праблема нежадання ці няўмення будаваць адносіны з навакольнымі.
У той жа час ёсць сярод нас тыя, хто вельмі б хацеў пачуць. Пачуць тое, як гучыць гэты свет. Пачуць першы крык свайго дзіцяці ці просты спеў птушак. Хацеў бы, але фізічна не можа… На ўліку ў Пружанскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сёлета знаходзіцца 23 інваліды па слыху, двое з якіх – дзеці.
Невялікі пакой, на сценах якога карціны, вышытыя крыжыкам і бісерам, на падаконніку – мноства кветак, а на стале – швейная машынка. За ёй сядзіць усмешлівая жыццярадасная жанчына. Не адразу і заўважаеш, што Алена Бармута дрэнна чуе, а дапамагае ёй спраўляцца з праблемай слыхавы апарат. У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання Алена Яўгенаўна працуе ўжо амаль сем гадоў і займаецца рамонтам адзення, які тут робіцца па сацыяльна нізкім кошце.
Праблемы са слыхам у Алены не прыроджаныя. У трохмесячным узросце дзяўчынцы давялося перанесці цяжкую хваробу, у выніку якой слых паступова пагаршаўся, урачы канстатавалі 4-ю ступень яго страты. Тады ў жыцці Алены і з’явіўся слыхавы апарат, абыходзіцца без якога вельмі складана. У дадатак, у Бабруйскай спецыяльнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі слыху, дзе навучалася дзяўчына, яна асвоіла мову жэстаў.
Там жа, у Бабруйску, жыла бабуля Алены — Ніна Міхайлаўна, у якой была старэнькая швейная машынка. Менавіта бабуля прывіла ўнучцы любоў да шыцця і вязання, навучыла вышыўцы крыжыкам, якой Алена з задавальненнем займаецца з дзяцінства.
Аднак захапленне шыццём перарасло ў прафесію не адразу. Пасля заканчэння школы Алена паступіла ў Гомельскі машынабудаўнічы тэхнікум, вывучылася на тэхніка-тэхнолага. У тэхнікуме і пазнаёмілася з ураджэнцам Пружан Сяргеем Бармутам, таксама інвалідам па слыху. Узаемнае каханне неўзабаве аб‘яднала ў сям’ю. Разам Алена Яўгенаўна і Сяргей Віктаравіч працавалі на прадпрыемстве “Гомсельмаш”. У Гомелі з’явіўся на свет Мікіта, сёння – шасцікласнік СШ №3. Якое шчасце было ў бацькоў, калі ўрачы паведамілі, што дзіця – абсалютна здаровае і, самае галоўнае, яно чуе!
Калі сыну было 1,5 года, сям’я Бармутаў вырашыла пераехаць у Пружаны. Алена памяняла некалькі месцаў працы, пакуль ёй не прапанавалі месца ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Даўняе захапленне — шыццё ёй вельмі падабаецца. Як інвалід яна працуе на ўмовах няпоўнай занятасці. Часам заказаў бывае вельмі шмат, калі ж ёсць вольная мінутка – з радасцю прысвячае яе вышыўцы ці догляду кветак.
Падчас знаходжання ў дэкрэтным адпачынку Алена захапілася бісерапляценнем. Аднак больш па душы ўсё ж вышыўка крыжыкам. На яе карцінах можна ўбачыць і дзіўныя краявіды, і прыгожыя кветкі, якім радуецца душа.
“Ці ўзнікаюць цяжкасці падчас працы ці зносін з калегамі, іншымі людзьмі?” – пытаюся ў Алены Яўгенаўны. Яна ж адказвае, што дапамагае ёй не толькі слыхавы апарат, але і ўменне «чытаць» тое, што гавораць людзі, па губах. Калі ж нечага не разумее, дастаткова проста напісаць пра гэта на лістку паперы. Выручае часам і інтэрнэт. Але самае галоўнае, што дапамагае, — гэта ўменне радавацца жыццю, нягледзячы ні на што.
А
лена Яўгенаўна справядліва адзначае: “Не варта гараваць ці ліць слёзы, калі вы ці вашае дзіця не чуе. Як правіла, гэта змяніць немагчыма. Проста трэба памятаць, што ў кожнага з нас ёсць свой талент. Галоўнае – жаданне і памкненне яго рэалізаваць. Калі ж гэтае жаданне ёсць, магчымасці абавязкова знойдуцца”.
Уладзіслаў ШПАРЛА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).