Воскресенье, 12 января 2025

Сляды дзяцей ветру: пра лёс і генацыд лыскаўскіх цыган

490

«Калі свет не зменіцца зараз… Калі ён не пабудуе праўдзівы свет, — каб у маіх праўнукаў быў шанец жыць у ім, я не змагу растлумачыць, чаму я перажыла Асвенцім, Берген-Бельзен і Равенсбрук», — сказала аднойчы аўстрыйска-цыганская мастачка і пісьменніца Цэйя Стойка, якая перажыла ў 10 гадоў свой, «цыганскі халакост».

Яе пакаленне сыходзіць, а спадчыннікі дагэтуль сутыкаюцца з дыскрымінацыяй, сегрэгацыяй і расізмам. І мы не павінны гэтага дапускаць.

Цыганы — гэта шматпакутны народ. У гады вайны нацысцкая Германія лічыла «дзяцей ветру» істотамі-паразітамі, пагрозай чысціні арыйскай расы і метадычна іх знішчала. Дакладная колькасць цыган, якія сталі ахвярамі нацызму, невядомая. некаторыя даследчыкі называюць лічбу паўмільёна, гэта прыкладна палова даваеннага цыганскага насельніцтва Еўропы. Шкада, што гісторыя еўрапейскіх цыган шмат у чым замоўчваецца, застаецца не да канца вывучанай і задакументаванай.


З ліста прэзідэнта Народнай судовай палаты Германіі Ота Цірака Марціну Борману ад 13.10.1939 года:
«Цыганскае пытанне можна будзе лічыць вырашаным, толькі калі большую частку асацыяльных і непатрэбных цыган змешанага паходжання збяруць у лагеры працоўнага прызначэння, дзе будуць прыняты дзейсныя меры супраць іх далейшага ўзнаўлення. Толькі так можна пазбавіць будучыя пакаленні нямецкага народа ад гэтай цяжкай ношы».


Тысячы цыган былі расстраляны, тысячы былі знішчаны ў лагерах смерці Майданэк, Трэблінка, Сабібор, Асвенцім, Бухенвальд… Цыганскія дзеці былі галоўным аб’ектам доследаў злавеснага доктара Менгеле. Аднак халакост цыганоў быў забыты пасля вайны, і большая частка арганізатараў іх генацыду так і засталася непакаранай.

Многія цыганы нароўні з прадстаўнікамі іншых народаў уступілі ў рады Чырвонай Арміі. Былі яны і сярод удзельнікаў партызанскага руху. Служылі пехацінцамі, танкістамі, лётчыкамі, артылерыстамі. Цыганскія жанчыны ў якасці санітарак дапамагалі ў шпіталях параненым, хадзілі ў разведку. Знакаміты тэатр «Рамэн» і іншыя цыганскія ансамблі выступалі нават на перадавой. А ў тыле сваімі канцэртамі і спектаклямі яны збіралі сродкі ў падтрымку арміі.

Афіцыйна адзінаццаць прадстаўнікоў цыганскага народа былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. У рэчаіснасці, напэўна, іх было больш: многія пры мабілізацыі па пэўных прычынах не ўказвалі сваю сапраўдную нацыянальнасць.

Але значная частка цыганоў была знішчана на тэрыторыях, акупаваных захопнікамі. Пацярпела і цыганскае насельніцтва мястэчка Лыскава. У дакументах архіўнага фонду Брэсцкай абласной камісіі садзейнічання ў працы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў за 1944-1946 гг., у спісах расстраляных, павешаных і закатаваных грамадзян Лыскаўскага сельсавета значацца цыганы: Вансовічы Якуб і Марыя, Каспаровічы Уладзімір і Любоў, Рудкоўскія Антон, Вольга, Марыя, яшчэ адзін Антон, Зінаіда і Раіса (апошняя —1931 года нараджэння).

Фашысты разлічвалі ачысціць зямлю ад цыганоў. Не здолелі. Можа, таму, што яны верылі ў падтрымку вышэйшых сіл, а тыя ім дапамагалі і вельмі многае даравалі.


Легенда пра гваздара і Хрыста.
«Прыйшлі рымскія салдаты да гваздара-цыгана і запатрабавалі, каб той выкаваў пяць моцных цвікоў — каб прыбіць да крыжа ногі, рукі і галаву Хрыста. У адказ цыган схапіў вядро з халоднай вадой і загасіў горан, сказаўшы: «Чуў я пра Яго, Ён добры чалавек». Аднак салдаты наставілі на яго коп’і — і цыган спалохаўся. Выкаваў пяць цвікоў, а пяты ўсё не астываў. Яго салдаты палівалі вадой, засыпалі зямлёй, але ён так і ляжаў на зямлі распалены. Глядзелі-глядзелі салдаты і зразумелі — справа тут нячыстая, і пайшлі з чатырма цвікамі. Так цыган палегчыў пакуты Хрыста».


Што ж гэта за народ такі, вечны арэол таямніцы вакол якога і палохае, і прыцягвае?

Большасць навукоўцаў сыходзяцца на тым, што цыганы прыйшлі ў Еўропу з Індыі (яны разумеюць старажытны санскрыт). Самі цыганы распавядаюць розныя гісторыі пра сваё паходжанне, але найчасцей кажуць пра тое, што выйшлі з Егіпта. Таму, напрыклад, у англійскай мове іх называюць «gipsy» ад слова «Егіпет». Іспанцы іх называюць «гітанамі», венгры — «фараонамі». Мы выкарыстоўваем варыянт грэчаскага слова «ацыганi». Самі сябе ж яны называюць проста «рома», што літаральна азначае «чалавек».

Адкуль цыганы з’явіліся на нашай зямлі? Вядома, што 25 мая 1501 года вялікі князь Аляксандр Казіміравіч афіцыйна дазволіў ім вандраваць па землях Вялікага Княства Літоўскага.


З ахоўнай граматы, уручанай князем цыганскаму барону Васілю:
«Надаем войту цыганскаму моц і права судзіць цыганоў і разбіраць усялякія спрэчкі паміж імі…»


Больш гуманных адносін да сябе, чым на нашай зямлі, цыганы не сустрэлі больш нідзе, нават пасля змены ўлады. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, у якую ўваходзіла ВКЛ, расійская ўлада паспрабавала асадзіць качэўнікаў: выдала ўказ, каб цыганы на Беларусі абралі сабе «пэўны» лад жыцця. На мэце было абмежаванне вандроўства і прымушэнне да аседласці.

1 студзеня 1812 года быў вызначаны тэрмін, каб запісацца ў горадзе або ў мястэчку «да мяшчанскага саслоўя». Але пры рэвізіі 1847 года выявілася, што шмат цыганоў страцілі мяшчанскія дакументы — і ўсе яны аўтаматычна былі залічаны ў казённыя сяляне.
Многія цыганы прынялі праваслаўе, вывучылі мову і заняліся гандлем конямі, варажбой і пастаноўкамі невялікіх тэатральных прадстаўленняў — тут ім не было роўных.


З успамінаў жыхаркі хутара Разалін Сабіны Пятроўны Казадой:
«Да вайны цыганскія кібіткі прыпыняліся каля нашага хутара, але атабарваліся далей — у полі ці каля лесу. Цыганскія дзеці прасілі ежу, дарослыя прапаноўвалі купіць у іх нажы, падковы, пярсцёнкі, а цыганкі дакучалі прапановамі паваражыць».


Частка цыганоў асела ў мястэчку Лыскава. Лад жыцця яны мянялі паступова, паціху забываючы пра начлегі ў полі і медныя катлы на вогнішчы. Але лепшым сябрам і памагатым застаўся конь. Невыпадкова ў цыганскай песні спяваецца, што цыган без каня, як птушка без крылаў. Дзяўчаты не выходзілі замуж, калі ў жаніха не было каня. Вось чаму часам маладыя хлопцы з бедных сем’яў і кралі коней. А тыя, хто быў багацейшы, самі іх разводзілі і прадавалі.

Вучні Лыскаўскай школы — беларусы, яўрэі, цыгане, 1919 год.

Лыскаўскія цыганы святкавалі нават спецыяльнае «конскае» свята. У гэты дзень яны ўзмоцнена кармілі коней, але на іх не працавалі, шкадавалі. Аб’язджалі маладых жарабцоў, вучылі дзяцей конегадоўлі.


З успамінаў яўрэя Іоны Бруханскага, які агучыў словы цыганскага гваздара Марка Кралевіча:
«Я працую ад зары да зары. Цяжка мне даводзілася працаваць молатам, каб накаваць гэтых цвікоў фунтаў 50 у дзень. Ром-гваздар не мае сабе роўных, ніхто не бярэцца больш за такую працу. Яшчэ б! Улетку, у спякоту, біць па гарачым жалезе — не дзіцячая забава. А хто вырабляе цяслярскую клямку? Хто куе карабельны цвік? А абцасавы? Ром… А ці лёгка падкаваць каня, калі гняды так і наровіць схапіць цябе зубамі, так і б’е нагамі аб зямлю. Ніхто не ведае. Кажуць толькі, што цыганы крадуць і ў іх няма гонару… А ў нас ёсць гонар».


Цыганы з Лыскава рабілі прыгожы драўляны посуд, лыжкі, верацёны, дзежкі, дзіцячыя цацкі, плялі лапці і кошыкі. Іх прадукцыя карысталася попытам у мясцовага насельніцтва.


З успамінаў Веры Фёдараўны Стасюкевіч:
«Цыганы, канешне, людзі асаблівыя. Але лыскаўцы ўспрымалі іх такімі, якімі яны былі. Жылі па старых традыцыях. Мову сваю перадавалі з пакалення ў пакаленне. Лячылі травамі, замовамі. Усе жанчыны варажылі, часам, праўда, «пускалі туман у вочы».


Цыганкі пяклі сваю абрадавую выпечку і частавалі ёй суседзяў. Яны заўсёды дзяліліся злоўленай імі дзічынай, рыбай. Як правіла, у кожнай цыганскай сям’і было шмат дзяцей. Цыганскія дзеці разам вучыліся з нашымі ў адной школе, сябравалі.

Спявалі цыгане па-заліхвацку! Суправаджалі спевы ігрой на скрыпцы ці гітары. А гралі так, што часам струны лопаліся ў інструментаў.

Адзін цыган па імені Пятрок служыў каняводам у памешчыка ў Магілёўцах, у парку якога быў «звярынец». Там сярод звяроў быў мядзведзь, якога даглядаў цыган Лукаш. Ён навучыў мядзведзя танчыць пад гукі дудкі і кланяцца».

Неяк у лыскаўскай «Таверне» я сустрэлася са старым цыганом і завяла размову пра тое, што цыганы, здабываючы сабе неабходныя сродкі для існавання, часам не спыняюцца перад дзеяннямі, якія ў іншых народаў выклікаюць асуджэнне. Цыган уважліва слухаў, а потым сказаў: «Калі нехта з нашых крадзе, то гэта не цыган, а так — цьфу! У цыганскім асяроддзі крадзеж, махлярства і іншыя злачынствы асуджаюцца гэтак жа, як і ў беларусаў. Многія не ведаюць і не разумеюць нас, а мы звычайныя людзі са сваімі законамі і звычаямі. Мы разам з беларусамі прайшлі вайну, і яна аб’яднала нас, паказала, што няма ніякай розніцы — беларус ты, рускі ці цыган. Мы ўсе стаялі на абароне сваёй Радзімы».

З цеплынёй цыган успамінаў і пра Чарлі Чапліна, і маці Тэрэзу, якія мелі цыганскія карані, а сыходзячы, сказаў: «Бывайце здаровы, жывіце багата! Ведаеце, чые гэта словы?» Адказала: «Магчыма, народныя». «Не, Адама Русака, у якім таксама кроў «дзяцей ветру», — сказаў стары рома.

Гледзячы яму ўслед, я зразумела: гэтых людзей можна не любіць, не разумець ці баяцца, але варта прызнаць: выжыць у сітуацыі пастаяннага прыніжэння, захаваць унікальны этнас і мову могуць толькі моцныя духам людзі.


Цікава ведаць
  • 8 красавіка 1971 г. у Лондане адбыўся першы Сусветны цыганскі кангрэс. Па яго выніках гэты дзень стаў Міжнародным днём цыган. Цыгане былі прызнаны супольнай нетэрытарыяльнай нацыяй і прынялі нацыянальныя сімвалы: сцяг і гімн, заснаваны на народнай песні «Джэлем, джэлем».
  • Замест герба цыгане выкарыстоўваюць шэраг вядомых знакаў: кола Буды, падкову, калоду карт. Такімі знакамі звычайна ўпрыгожваюцца цыганскія кнігі, газеты, часопісы і сайты. Адзін з гэтых знакаў звычайна ўваходзіць у лагатыпы мерапрыемстваў, прысвечаных цыганскай культуры.

Вера Церахава, в. Магілёўцы