Среда, 6 ноября 2024

Следчы камітэт святкуе дзесяцігоддзе з моманту стварэння. Пра гісторыю і будні райаддзела СК — у інтэрв’ю з Максімам Басаком

800

Як бы звыкла ні гучала, іх работа, сапраўды, і складаная, і небяспечная. А яшчэ вельмі адказная, карпатлівая, часта шматгадзінная і нават шматмесячная. Але менавіта дзякуючы ім, становяцца вядомымі імёны злачынцаў, яны «раскопваюць» невядомыя дагэтуль факты, раскрываюць нават самыя заблытаныя справы. Усё гэта пра следчых. Роўна дзесяць гадоў таму быў створаны Следчы камітэт. У нядзелю яго работнікі будуць святкаваць першы сур’ёзны юбілей. Пра тое, што сёння ўяўляе сабой раённы аддзел Следчага камітэта, – у размове з яго начальнікам М.В.Басаком.

— Гісторыя СК Рэспублікі Беларусь пачалася 12 верасня 2011 года. У гэты дзень Прэзідэнтам быў падпісаны Указ аб стварэнні такога праваахоўнага органа. Менавіта таму 12 верасня следчыя адзначаюць прафесійнае свята, — расказвае Максім Васільевіч. — Фактычна, з’яўленне СК сведчыла пра частковае аб’яднанне адразу некалькіх ведамстваў. У камітэт увайшлі следчыя падраздзяленні органаў унутраных спраў, пракуратуры і Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Такім чынам, цяпер асобны следчы апарат застаўся толькі ў Камітэце дзяржбяспекі.

— А якая гісторыя ў райаддзела Следчага камітэта, чым і кім ён можа ганарыцца?
— Наш аддзел пачаў працаваць 1 студзеня 2012 года. Спачатку мы размяшчаліся разам з супрацоўнікамі міліцыі, але ўжо ў 2013-м перабраліся ў асобнае памяшканне. Але, як бачыце, не пакінулі калег-міліцыянераў. І такое суседства вельмі карысна абодвум бакам, паколькі разам з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў мы выязджаем на месца злачынства, цесна з імі супрацоўнічаем.

Наш аддзел адносіцца да трэцяй катэгорыі. Такіх аддзелаў у вобласці дзевяць, але менавіта на Пружанскі і Івацэвіцкі прыпадае найбольшая нагрузка па колькасці злачынстваў і здарэнняў. Але з ёй следчыя паспяхова спраўляюцца. У пацвярджэнне маіх слоў – шматлікія ўзнагароды. Напрыклад, у 2017-м годзе аддзел стаў лепшым у краіне ў сваёй катэгорыі. Вядома, не было б гэтага без былога начальніка Наталлі Уладзіміраўны Гурскай. Менавіта яна стаяла ля вытокаў стварэння аддзела і рабіла ўсё, каб пра пружанскіх следчых ведалі. Пружанскі райаддзел СК РБ часта прызнаваўся лепшым у вобласці. Усё гэта – заслуга работнікаў. Імі мы і ганарымся.

— Чым займаюцца следчыя і што ўваходзіць у вашы абавязкі?
— Поле нашай дзейнасці сапраўды шырокае. Мы займаемся расследаваннем разнастайных злачынстваў, пачынаючы ад забойстваў, а таксама злачынстваў супраць палавой свабоды і недатыкальнасці, і заканчваючы ўхіленнем ад платы аліментаў, праводзім праверкі па фактах смерцяў, прычыны якіх не ўстаноўлены. У полі зроку таксама вытворчы траўматызм. У такім выпадку да нас падключаецца Дэпартамент дзяржінспекцыі працы. Летась да ўсяго гэтага дадаліся і так званыя «пратэстныя» справы. У асноўным, гэта паклёпы. А ўвогуле амаль усе дзеянні грамадзян, у якіх прысутнічаюць прыкметы злачынства, трапляюць пад кантроль следчых.

— Апошнім часам усё часцей у нашай газеце з’яўляюцца паведамленні пра ахвяраў фішынгу і вішынгу. Як вядзецца работа ў гэтым накірунку?
— Безумоўна, мы стараемся дапамагчы людзям, якія сталі ахвярамі камп’ютарных злачынстваў, але расследаваць такія справы даволі складана. Усё з-за таго, што карані амаль заўсёды вядуць за мяжу. У выпадку з нашым раёнам – ва Украіну, Расію або ў Прыбалтыку. Устанавіць нумары тэлефонаў, а таксама банкі, з якімі працуюць махляры, няпроста. Таму мы вялікую ўвагу надаём прафілактычнай рабоце. І, карыстаючыся момантам, хачу яшчэ раз нагадаць грамадзянам, што трэба быць вельмі пільнымі. Спецыялісты банка ніколі не пішуць у месенджарах. Калі вам нехта адрэкамендоўваецца супрацоўнікам фінансавай установы, адразу кладзіце трубку, а нумар, з якога паступіў званок, лепей заблакіраваць.

— Што сёння дапамагае следчым у рабоце?
— Безумоўна, гэта найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі. Гэтыя магчымасці значна палепшыліся ў параўнанні з тым часам, калі СК толькі ўтварыўся. З’явіліся новыя віды судовых экспертыз, якія дапамагаюць даследаваць цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы супраць свабоды асобы і палавой недатыкальнасці. Да такой практыкі даводзіцца прыбягаць, калі злачынства з’яўляецца латэнтным, гэта значыць скрытым, калі пацярпелы не звяртаўся да праваахоўнікаў.

Дапамагаюць у раскрыцці спраў генетычныя даследаванні. Па ініцыятыве следчых іх праводзіць Дзяржкамітэт судовых экспертыз. Менавіта дзякуючы такой рабоце, нядаўна раскрыта страшнае забойства Таццяны Аўдзеевай.

— Ці перадаюць следчыя свой вопыт маладому пакаленню?
— Канечне, гэта ж заканамерны працэс! Летась да нас на работу прыйшлі следчыя Яўген Акуневіч і Дыяна Кныш. Літаральна ў чацвер у сталіцы прынялі прысягу малодшыя лейтэнанты Андрэй Ляўчук і Ілья Кандрацюк. Усе яны вельмі старанныя, і запал у іх вачах асабіста я ўбачыў яшчэ тады, калі яны праходзілі ў нас практыку. Хочацца верыць, што яны ніколі не страцяць цікавасць да сваёй работы.

Усім калегам хочацца пажадаць здароўя, радасці, менш расчараванняў і няўдач і, вядома, поспехаў у рабоце. Ну, а грамадзянам — быць законапаслухмянымі і не ўчыняць злачынстваў.

Гутарыў Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік