Кожны з нас, напэўна, хоць раз у жыцці пабываў ва ўнікальных або, як у народзе аб іх кажуць, «святых» мясцінах. Там проста ціха і спакойна, яны прасякнуты духам часу, абвеяны таямніцамі і легендамі, разгадаць якія мала каму пад сілу. Мне хочацца падзяліцца з чытачамі сваёй гісторыяй і расказаць пра адно дзіўнае месца, дзе я апынулася зусім выпадкова. І гэты выпадак зрабіў на мяне невыказнае ўражанне.
Калі ехаць праз в. Паўлава, што за 3 км ад г.п. Ружаны, прама каля дарогі наўрад ці заўважыш тое самае «святое» месца, пра якое крыху ведаюць толькі жыхары бліжэйшых вёсак. Мне прыйшлося па крупінках збіраць хоць нейкую інфармацыю, каб самой ва ўсім разабрацца. Таксама выпадкова даведаўшыся, што яно недзе ёсць, я адправілася на пошукі.
Пад цяністымі кронамі ліп, ясеняў і клёнаў знаходзіцца вялікая паляна авальнай формы, абкладзеная вялікімі камянямі практычна па ўсім перыметры. Гэта вельмі падобна на падмурак старажытнай царквы. Пасярэдзіне стаіць драўляны крыж і навес з маленькім абразком «Пакроў Прасвятой Багародзіцы». Я зразумела, што гэта зроблена для правядзення маленькіх богаслужэнняў у гэтым месцы. У левым куце ад уваходу, з боку дарогі, ляжыць велізарны валун, даўжынёй, як казалі даўней, каля 2 сажняў (па старарускай адзінцы вымярэння роўны 2,16 метра). Ад паўлаўцаў я даведалася, што на ім нібы бачны адбітак ступні Багародзіцы. Камень настолькі вялікі, што даведацца, дзе менавіта ёсць адбітак, я не змагла. Знешне сам валун падобны на вялікі след, з усімі лініямі і выгібамі, а збоку знаходзіцца паглыбленне, у якім ніколі не перасыхае вада. У камені ёсць трэшчынка, і я выказала здагадку, што недзе тут ёсць крынічка, інакш адкуль ёй там узяцца. Можа быць, у гэтым і ёсць нейкі сакральны сэнс, але я ўсяму шукаю навуковае тлумачэнне.
На адным з камянёў я выявіла старадаўнія замкі, ключы і дзвярныя заслоны. Мяркуючы па знойдзеных артэфактах і форме самой паляны, стала зразумела: тут сапраўды была царква, але ніякіх таблічак і іншых апазнавальных знакаў я не знайшла. Цікавасць падагравала тая акалічнасць, як я казала раней, што пра гэта месца мала хто ведае, і нават мае калегі разводзілі рукамі.
Натхнёная выпадковай знаходкай, я перш за ўсё звярнулася да айца Аляксандра, настаяцеля храма Святых Пятра і Паўла ў г.п. Ружаны. Падтрымаўшы маю цікавасць, ён крыху расказаў пра тое, што ведаў сам, і нават паказаў здымак царквы, якая была тут раней:
— Сапраўды, на гэтым месцы яшчэ да ўніяцкіх часоў (канец ХVІ ст.) была маленькая драўляная царква, якая доўгі час знаходзілася ў паўразбураным стане. У памяць аб вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці (1861 г.) і ўціхамірванні польскага мяцяжу (паўстанне Кастуся Каліноўскага ў 1863-1864 гг.) на гэтым месцы ў 1871 годзе была пабудавана вялікая царква з драўлянай агароджай на сродкі галоўнага начальніка краю графа Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва і на зборы жыхароў в. Бярэзніца Слонімскага павета, Гарадзенскай губерні і таксама навакольных паселішчаў, — тлумачыць айцец Аляксандр. — Таму царква і называлася Бярэзніцкай, а прыпісана была да прыходскай Варанілавіцкай Праабражэнскай царквы.
Пакапаўшыся ў архіўных крыніцах, я выявіла электронную версію друкаванага выдання «Веснік Заходняй Расіі» — так называўся часопіс, які выдаваўся ў Вільні (цяперашні Вільнюс) у другой палове XIX стагоддзя. Ён быў накіраваны на прасоўванне на тэрыторыі сённяшняй Літвы, Беларусі і Усходняй Польшчы расійскага бачання гісторыі краю. Ды і падзагаловак у часопіса «Гістарычная ісціна» гаворыць аб многім: на яго старонках ёсць бясспрэчны матэрыял — факты рэальнай гісторыі рэгіёну. У адным з нумароў я знайшла заметку, напісаную Ружанскім святаром Пятром Рафаловічам, верагодна тагачасным настаяцелем царквы святых Пятра і Паўла:
Новая царква стаіць пры вялікай дарозе з мястэчка Ружаны па накірунку ў Пружаны, ва ўрочышчы, названым Ныр. Гэтую дарогу называлі — Кацярынінскі тракт, па якім Расійская імператрыца ездзіла за мяжу. Густы лес уздоўж дарогі звалі — карабельныя сосны (хвоя ў вотруб’і 12 вяршкоў і больш (вяршок роўны 4,4 сантыметра. — Заўв. аўт.)). З такога дрэва, у тым ліку будавалі флот пры Пятры І. Узведзена царква ў выглядзе крыжа з цесаных па абодвух баках бярвенняў і, як кажуць мясцовыя жыхары, без адзінага цвіка. Вялікія жалезныя падвойныя дзверы гаварылі пра веліч храма. Унутры быў зроблены балкон-лоджыя для знакамітых гасцей. У левым куце царквы знаходзіўся прытвор (прыбудова), у якім і ляжаў камень з адбіткам, а побач была крынічка з лекавай вадой. На вялікія святы адкрывалі яго і прыхаджане набіралі ваду, верачы ў яе цудатворную сілу.
Гэтыя ж словы пацвярджае і мясцовая жыхарка в. Паўлава, Ганна Васільеўна, з якой мне ўдалося пагутарыць пры асабістай сустрэчы. Яна была зусім маленькай дзяўчынкай, калі яе дзядуля расказваў пра легенду, звязаную з гэтым дзіўным месцам. Нібыта маленькія пастушкі з в. Бярэзніца ў тым самым урочышчы Ныр на лузе пасвілі жывёлу. Раніцай яны ўбачылі прыгожую жанчыну, якая сядзела на камені. Яна ўстала, наступіла на камень, умылася вадзіцай з крынічкі і стала нябачнай. Адбітак яе ступні нібыта так і застаўся на гэтым месцы ў памяць аб яе з’яўленні. Дзеці расказалі бацькам аб убачаным, і яны здагадаліся, што гэта і была Царыца нябесная — Прасвятая Багародзіца. Крыху пазней на месцы з’яўлення збудавалі маленькую каплічку, а потым ужо драўляны храм.
Існуе яшчэ адно павер’е, якое ўказвае на асаблівую значнасць гэтага месца. Вытрымка з часопіса «Гістарычная ісціна»:
Нельга пры гэтым не ўспомніць асаблівы выпадак, які адбыўся падчас асвячэння падмурка для новай царквы і ўразіў усіх прысутных. Пасля літургіі ў Варанілавіцкай царкве прыхаджане з абразом Божай Маці здзейснілі хрэсны ход да месца асвячэння. Дзень быў пахмурны і дажджлівы, як і ўсё лета. У тую самую хвіліну, калі ўсе на каленях заклікалі да Госпада маленне аб асвячэнні месца, дзе стане храм, раптам заззяла сонца, прамянёў якога народ не бачыў больш за месяц. Міжволі сляза радасці і замілавання арасіла твары прысутных. Тут усе адчулі асаблівае спрыянне Божае, як бы ў дар пасланае за добрае пачынанне. (1863 г.)
Можна па-рознаму ставіцца да гэтых паданняў: нехта ў іх шчыра верыць, нехта не, кожны мае права на ўласнае меркаванне. Але тое, што на гэтым месцы стаяла царква і ўжо быў гэты камень з крыніцай, — гэта бясспрэчны факт. У сілу жыццёвых абставін я шмат дзе пабывала і ў розных месцах бачыла так званыя «цуды». У маім выпадку не дапамагло, і аднойчы вера згасла. І вось праз шмат гадоў я даведалася пра гэты камень і неадкладна адправілася на яго пошукі. Прыцяжэнне да гэтага месца стала настолькі вялікім, што яго сіла аказалася мацнейшай за мае перакананні. Гледзячы на гэтыя камяні, можна толькі ўявіць, колькі захоўваюць яны праўды і вымыслу. Гэта цэлы маналіт гісторыі, дзе на працягу амаль ста гадоў трымалася вера людская (падмурак царквы). А ўжо колькі гадоў гэтаму валуну з адбіткам следа на самой справе, можна толькі меркаваць.
Цікавым застаецца той факт, што Мікіта Хрушчоў быў зняты з пасады першага сакратара ЦК КПСС менавіта 14 кастрычніка 1964 года, якраз у дзень праваслаўнага свята Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Такую ж назву мела і Бярэзінская царква, якая па яго загадзе і была разбурана ў часы так званай хрушчоўскай адлігі, калі забаранялі праваслаўе, масава знішчалі храмы і ўсю хрысціянскую культуру. Людзі кажуць, што за гэта ён і паплаціўся.
Чалавек заўсёды да чагосьці імкнецца і ў нешта верыць, інакш усе яго намаганні, як і ўсё жыццё, губляюць сэнс. Мае журналісцкія даследаванні для мяне асабіста ўвянчаліся поспехам. Яшчэ нядаўна аб гэтым месцы я нічога не ведала, а сёння дзялюся з чытачамі сваімі знаходкамі і развагамі. Ці гэта не цуд? Няхай у кожнага будзе свой шлях і сваё прызначэнне. А я заўсёды паўтараю: «Я веру толькі ў тое, што дапамагае мне Жыць!»
Ірына Велясевіч