Среда, 19 февраля 2025

Славутасці Пружаншчыны

648

Наш край славіцца непаўторнымі архітэктурнымі, культавымі збудаваннямі, якія з’яўляюцца аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь і знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

Гэта каменныя гандлёвыя рады з рысамі барока і класіцызму 19 стагоддзя — «Белыя лаўкі», якія да гэтага часу выкарыстоўваюцца па сваім прызначэнні. Канструкцыя нагадвае гіганцкую мнаганожку. Каля кожнай калоны размешчаны ўваход у краму. Спачатку амаль усе крамы належалі яўрэям, на грошы якіх і быў пабудаваны гэты «гандлёвы цэнтр». У сярэдзіне збудавання ёсць скразны праход. Пажар у 1896 г. знішчыў значную частку горада, пасля чаго на месцы драўляных крам былі пабудаваны каменныя гандлёвыя рады, а стары рынкавы пляц пераўвасобіўся ў новы архітэктурны ансамбль.

За апошнія 30 гадоў маленькія райцэнтры сталі дагледжанымі, добраўпарадкаванымі гарадамі з развітай сучаснай інфраструктурай, разнастайнай матэрыяльна-тэхнічнай базай. У нас створаны ўсе ўмовы для масавага адпачынку гараджан, фізкультурна-аздараўленчай, спартыўнай работы і культурнага ўзбагачэння. Аматары хакея і фігурнага катання атрымалі ў сваё распараджэнне цудоўны Лядовы палац на 770 пасадачных месцаў, у якім папулярнымі відамі спорту займаецца каля 400 хлапчукоў і дзяўчынак. Побач з Лядовым знаходзіцца адно з найпрыгажэйшых сучасных збудаванняў — Водны палац, таксама важнейшы цэнтр для заняткаў спортам і фізічнай культурай для дзяцей і дарослых. Абодва аб’екты карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў жыхароў і гасцей нашага раёна.

Менавіта ў Пружанах бярэ свой пачатак рака Мухавец. У 2003 г. у яе вытоку ўсталявана ўнікальная скульптурная кампазіцыя: з хваляў нараджаюцца мужчына, які сімвалізуе канал Вец, і жанчына, як увасабленне рэчкі Муха. Скульптура стала адзінай у сваім родзе, устаноўленай над вадаёмам у Беларусі.

Таксама на вул. Савецкай размешчаны ўнікальныя пабудовы, якія спалучаюць у сабе дзве канфесіі: праваслаўе і каталіцызм. Гэта саборная царква, асвечаная ў памяць святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага —помнік праваслаўнай культавай архітэктуры 19 ст. і касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі — помнік рымска-каталіцкай культавай архітэктуры ў стылі неакласіцызму.

Гаворачы аб знакавых месцах горада, хочацца адзначыць манументальна-дэкаратыўны роспіс «Знакамітыя землякі», які з’явіўся ў 2003 годзе да рэспубліканскіх дажынак. На ёй адзначаны людзі, якія сваёй творчасцю праславілі Пружаншчыну па-за межамі Беларусі. Гэта Міхаіл Забэйда-Суміцкі — оперны спявак, які ўпершыню вынес беларускую песню на міжнародную сцэну; Станіслаў Жукоўскі — адзін з заснавальнікаў руху мастакоў-перасоўнікаў у Расіі; Юзаф-Ігнат Крашэўскі — пісьменнік, гісторык, публіцыст. Увайшоў у Кнігу рэкордаў Гінэса, як чэмпіён эпохі «Гусінага пяра». Вялікая колькасць тамоў, напісаных ад рукі, належаць менавіта яму.

Упрыгожваннем горада, несумненна, з’яўляецца музей-сядзіба «Пружанскі палацык», пабудаваны павятовым лідарам дваранства, мясцовым шляхцічам Валенціям Швыкоўскім у сярэдзіне 19 ст. Тры пакаленні сям’і валодалі маёнткам. За час свайго існавання сядзіба зведала мноства ўзрушэнняў. За ўдзел у паўстанні 1863 г. маёмасць Швыкоўскіх была канфіскавана, сам гаспадар вымушаны быў з’ехаць за мяжу. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў будынку размяшчаліся доследная станцыя, сельскагаспадарчы тэхнікум, дзіцячы садок і нават стаматалагічная паліклініка. Пазней у сядзібе была праведзена рэстаўрацыя і з 1998 г. тут размешчаны музей.

Драўляная званіца ў г.п. Шарашэва непарыўна звязана з узвядзеннем Свята-Прачысценскай царквы, якую пабудавалі таксама з дрэва ў 1760 годзе. Свята-Прачысценская царква не захавалася да нашага часу. Драўляная званіца збудавана ў 1799 г. і ўяўляе сабой помнік народнага дойлідства класіцызму, у якім знайшлі адлюстраванне элементы польскай, прыкарпацкай і мясцовай архітэктуры XVI-XVIII стст. Галоўная асаблівасць званіцы заключаецца ў тым, што яна пабудавана без адзінага цвіка і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь.

Шарашэўскі касцёл Найсвяцейшай Тройцы —помнік архітэктуры эпохі позняга класіцызму, які заслужана занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Пабудаваны ён у 1848 годзе на сродкі вернікаў і ахвяраванні мясцовай каталіцкай шляхты. У гэты перыяд праваслаўнае культавае будаўніцтва шчодра фінансавалася з дзяржаўнай казны, у той час як каталікі ўзводзілі храмы выключна на свае сродкі. З гэтым звязаны і той факт, што Траецкі касцёл у Шарашэве стаў адзіным каталіцкім храмам Пружаншчыны, пабудаваным у той час. Інтэр’ер касцёла ў 1850-1860-я гг. распісаны фрэскамі, якія паказваюць анёлаў з музычнымі інструментамі. Пасля Другой сусветнай вайны храм быў зачынены савецкімі ўладамі, а ў будынку ўладкаваны склад. У канцы XX стагоддзя касцёл вернуты каталікам, богаслужэнні адноўлены.

Унікальным месцам на карце Пружанскага раёна выступае г.п. Ружаны — мястэчка, вядомае з канца 15 стагоддзя, сапраўднай жамчужынай якога з’яўляецца палацавы комплекс роду Сапегаў — адна з найбуйнейшых магнацкіх рэзідэнцый 17-18 стагоддзяў у Беларусі, якую называюць «Беларускім Версалем», пабудаваным па прыкладзе знакамітага французскага палаца. За 4 стагоддзі свайго існавання ён зведаў мноства войнаў і разбурэнняў. Толькі ў 2008 годзе пачалася рэстаўрацыя палаца: адноўлены ўязная брама і два флігелі па баках, заканчваецца аднаўленне аднаго з карпусоў. У 2011 г. у палацы адкрыты музей, дзе працуюць экспазіцыйныя залы і сувенірная крама. Штогод комплекс наведвае больш за 40 тысяч турыстаў і гасцей раёна.

Таксама візітнай карткай раёна з’яўляецца адна з лепшых беларускіх здраўніц з магутнай сучаснай лячэбнай базай — санаторый «Ружанскі», размешчаны на беразе маляўнічага возера Паперня. Санаторый мае вышэйшую санаторна-курортную катэгорыю і прапануе інавацыйныя методыкі лячэння па розных медыцынскіх напрамках. Экалагічна чысты лес, напоўнены гаючымі фітанцыдамі, дапамагае набрацца сіл і паправіць сваё здароўе. У 2023 годзе санаторый «Ружанскі» заняў першае месца ў рэспубліканскім конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне зоны адпачынку на водным аб’екце і стаў лаўрэатам конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» у намінацыі «Выбар спажыўца» за паслугі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.

Падзеі мінулага

Гаворачы аб сучасным абліччы Пружаншчыны, нельга не ўспомніць падзеі Вялікай Айчыннай вайны і той шлях, які прайшлі яе жыхары. З першых гадзін нашэсця фашыстаў на нашу зямлю раён апынуўся ў крывавым водавароце трагічных і гераічных падзей, стаў месцам жорсткіх баёў. Першымі ў баі з захопнікамі ўступілі лётчыкі 33-га авіяпалка, які ў той час стаяў пад Пружанамі. Менавіта тады старшы лейтэнант Сцяпан Гудзімаў здзейсніў адзін з першых паветраных таранаў у гісторыі вайны, а лётчыкі, якія выжылі, паслужылі прататыпамі галоўных герояў фільма Леаніда Быкава «У бой ідуць адны старыя».

У скверы ля гарадскога возера ў пачатку 70-х устаноўлены помнік героям, якія пакарылі неба. Годам пазней у скверы на вул. Чырвонаармейскай (за апошнія гады ён стаў своеасаблівым музеем ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам) з’явіўся помнік Сцяпану Гудзімаву. Адна з вуліц горада таксама названа ў гонар легендарнага лётчыка.

За час фашысцкай акупацыі на тэрыторыі Пружанскага, Ружанскага і Шарашоўскага раёнаў, якія ў другой палове 1950-х зліліся ў адзін, знішчана 134 вёскі, 43 з якіх так і не былі адноўлены, загінула амаль 20 000 мірных жыхароў. Помнік спаленым вёскам, устаноўлены на вул. Савецкай, — напамін аб страшных падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Манумент адкрыты ў 2005г. у знак глыбокага болю і смутку, у памяць аб трагічным мінулым пружанскай зямлі.

Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік і з архіва рэдакцыі