Думаю, што многія чулі пра знакаміты «Неўскі пятачок», як умоўна пазначалі савецкі плацдарм каля Ленінграда, а вось пра падобны выключна важны плацдарм ля Варонежа ведаюць, напэўна, толькі вайсковыя гісторыкі ды жыхары расійскага рэгіёна. Гэты плацдарм атрымаў назву Чыжоўскі, а вайскоўцы, якія абаранялі яго, называлі «Далінай смерці».
Для таго, каб пераправіцца на другі бераг аднайменнай з горадам ракі і замацавацца на плацдарме, летам 1942 года савецкія воіны стварылі падводную пераправу з бітай цэглы і бетонных блокаў. Менавіта па гэтай пераправе ўначы на другі бераг перайшлі танкі і пяхота і захапілі правабярэжную частку горада. Плацдарм з жорсткімі баямі ўтрымлівалі 204 дні, менавіта з яго быў нанесены адзін з асноўных удараў пры вызваленні горада ў студзені 1943-га.
Менавіта тут прыняў сваё баявое хрышчэнне падчас Вялікай Айчыннай вайны выхадзец з мястэчка Шарашова Пружанскага павета будучы Герой Савецкага Саюза Міхаіл Васільевіч Хацімскі, тады намеснік камандзіра 111-й танкавай брыгады 25-га танкавага корпуса. Да гэтага часу былы ўдзельнік Грамадзянскай вайны займаўся падрыхтоўкай кадраў у якасці камандзіра вучэбнага батальёна Ваеннай акадэміі механізацыі і матарызацыі РСЧА, якую сам закончыў у 1937 годзе.
Ад Чыжоўскага плацдарма да Зяелаўскіх вышынь
З успамінаў Міхаіла Хацімскага: «Пра Варонеж і Чыжоўку я не мог забыцца да самага Берліна. Вельмі ўжо цяжкімі і кровапралітнымі былі тыя баі. На Чыжоўскіх пагорках адважна біліся з ворагам і геройскі загінулі мае калегі. Але плацдарм мы пашырылі, паглыбілі і замацавалі. Ён потым меў вялікую ролю ў вызваленні горада…»
Многія з удзельнікаў тых баёў атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Міхаілу Хацімскаму быў уручаны ордэн Чырвонай Зоркі. Вось радкі з узнагароднага ліста: «На подступах да горада Варонежа т. Хацімскі праявіў сябе ініцыятыўным і адважным камандзірам. Быў паранены ў баі, але заставаўся ў страі і працягваў кіраваць боем».
Як вынікае з узнагароднага ліста, Міхаіл Хацімскі, знаходзячыся ўвесь час на перадавых пазіцыях, калі загінуў камандзір стралковага батальёна, часова прыняў на сябе камандаванне і асабістым прыкладам натхніў байцоў на паспяховае адбіцце моцнай контратакі немцаў.
Забягаючы наперад, падкрэслю, што ва ўсіх далейшых узнагародных лістах на Міхаіла Хацімскага асабліва адзначалася, што ён бесперапынна знаходзіўся ў баявых парадках, а ў цяжкія моманты — асабіста ўзначальваў сваіх танкістаў, дамагаючыся поспеху. Так было і пры фарсіраванні Дняпра 29 верасня 1943 года, калі палкоўнік Хацімскі быў прызначаны камандзірам 25-й танкавай брыгады і танкісты, пераправіўшыся на плацдарм у раёне горада Верхнедняпроўска, разам з пяхотнымі падраздзяленнямі прарвалі абарону ворага, вызваліўшы горад і важны чыгуначны вузел Пяціхаткі. Яго камандзірскі талент быў высока ацэнены, на кіцелі камбрыга заззяў ордэн Чырвонага Сцяга. І тут жа адбылося новае прызначэнне: Міхалу Хацімскаму давялося тэрмінова прымаць пад сваё кіраванне 16-ю механізаваную брыгаду.
Корпус вёў цяжкія баі на подступах да горада Кіраваграда, дзе гітлераўцы стварылі магутную абарону. І ўсё ж 8 студзеня 1944 года Кіраваград быў узяты, шмат у чым дзякуючы намаганням брыгады Хацімскага. Вызначылася 16-я механізаваная брыгада ў Бугска-Днястроўскай і Яска-Кішынёўскай аперацыях. За першую палкоўнік Хацімскі быў узнагароджаны ордэнам Суворава 2-й ступені, за ўмелае кіраўніцтва брыгадай і асабістую мужнасць падчас другой — яшчэ адным ордэнам Чырвонага Сцяга.
Яшчэ не раз палкоўніку Хацімскаму камандаванне давярала кіраваць баямі на самых небяспечных і адказных пляцоўках фронту. І ён не падводзіў. 50-я танкавая брыгада, якой ён камандаваў з верасня па лістапад 1944 года, была ўдастоена звання гвардзейскай, а з 37-й механізаванай брыгадай камбрыг Хацімскі ўдзельнічаў у Вісла-Одэрскай наступальнай аперацыі, калі савецкія войскі выйшлі на польска-германскую мяжу, і закончыў пераможна свой баявы шлях на Зяелаўскіх вышынях каля Берліна.
Хацімскі заўсёды быў разам са сваімі гераічнымі танкістамі, кіраваў баямі не з каманднага пункта брыгады, а знаходзячыся ў вежы камандзірскага танка. Нездарма яго шчыра паважалі падначаленыя, ведаючы, што ў баі камбрыг заўсёды наперадзе. Камандзір корпуса генерал Сямён Крывашэін у сваёй кнізе «Ратная быль» так коратка, але вельмі ёміста характарызаваў камбрыга Міхаіла Хацімскага: «Гэта адзін з камандзіраў, пра якіх салдаты кажуць: «Не падвядзе».
За ўмелае кіраўніцтва брыгадай падчас Вісла-Одэрскай аперацыі палкоўніку Хацімскаму Міхаілу Васільевічу і было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
А 16 красавіка пачалася бітва за Берлін. У гэты дзень 37-я механізаваная брыгада ў складзе 2-й гвардзейскай танкавай арміі ўступіла ў баі на Берлінскім накірунку. Пераадолеўшы некалькі палос гітлераўскай абароны, брыгада Хацімскага 22 красавіка 1945 года дасягнула паўночнага прыгарада Берліна, мястэчка Кётцын, абышла гітлераўскую сталіцу з поўначы. 26 красавіка танкі Хацімскага ўварваліся ў заходнюю частку горада і да 2 мая вялі цяжкія вулічныя баі. І нарэшце такая чаканая, выпакутаваная подзвігамі і чалавечымі жыццямі Перамога!
Танкавы камбрыг Міхаіл Васільевіч Хацімскі быў адным з тых, хто дайшоў страшнымі агнявымі дарогамі Вялікай Айчыннай да Берліна, упісаў у летапіс Вялікай Перамогі сваё імя і ўславіў і Беларусь, і сваю малую радзіму — Пружаншчыну.
Пра карані, покліч малой радзімы і захаванне памяці
Варта нагадаць, чаму асаблівая ўвага надаецца асобе героя менавіта на Пружаншчыне. Нарадзіўся Міхаіл Хацімскі 14 лютага 1903 года ў Шарашове (на памятнай дошцы, змешчанай на доме, дзе ён жыў у Маскве, стаіць дата 27 лютага). Верагодна, што сям‘я праз нейкі час пераехала ў Пружаны: вучыўся хлопец менавіта тут, у народным вучылішчы. А падчас Першай сусветнай вайны яго сям’я, як і многія іншыя, пакінула заходнебеларускі рэгіён.
Як пасля паказала жыццё, у душы Міхаіла Васільевіча захавалася памяць пра родныя мясціны. Пра гэта сведчаць і яго прыезды на Пружаншчыну пасля завяршэння службы ў Савецкай Арміі, сустрэчы з жыхарамі, працоўнымі і вайсковымі калектывамі, школьнікамі. Асабліва цёплым склалася яго шматгадовае сяброўства з педагагічным калектывам і навучэнцамі сярэдняй школы № 1 горада Пружаны. У гэтай школе, якая носіць імя Чырванасцяжнай Беларускай вайсковай акругі, беражліва захоўваюцца яго пісьмы, а педагогі выкарыстоўваюць перапіску з земляком-героем пры правядзенні класных гадзін і агульнашкольных мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці. Немалаважна, што імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Васільевіча Хацімскага носіць піянерская дружына школы і дзеці ганарацца сваім праслаўленым земляком. Захоўваецца памяць пра Хацімскага і ў Пружанскім аграрна-тэхнічным каледжы, у музеі якога ў якасці каштоўных экспанатаў ёсць некаторыя яго асабістыя рэчы.
Імя знакамітага земляка ўшанавана і ў самім раённым цэнтры: у Пружанах ёсць вуліца Хацімскага. Таксама ў маі 1974 года яму было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна горада. Дарэчы, тут варта ўзгадаць яго цёзку, Міхаіла Аркадзьевіча Шульмана, дзякуючы ініцыятывам якога ствараліся музеі, наладжваліся сувязі з героямі вайны.
А ў Шарашэве, дзе на будынку мясцовай школы ўсталявана мемарыяльная дошка, цяпер вядзецца сур’ёзная работа па прысваенні школе імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Васільевіча Хацімскага, пра што паведаміў падчас падрыхтоўкі гэтага артыкула намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч.
Гэта выдатна, бо Вялікая Айчынная вайна, подзвіг савецкіх людзей — наша гісторыя. А гісторыя для кожнага чалавека ўсе роўна што другое прозвішча. Мы павінны ведаць, чые мы дзеці і ўнукі, па якой зямлі ходзім, чыёй працай яна нам дасталася. І нашы продкі, якія паклалі свае сілы і нават жыцці на алтар Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, займаюць у гісторыі нашай Радзімы, у нашай з вамі, шаноўныя чытачы, гісторыі, найважнейшае месца.
Замест эпілога
Не прымяншаючы ні заслуг Міхаіла Васільевіча Хацімскага, ні таго, што зроблена і робіцца ў Пружанскім раёне ў пытаннях захавання памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны (а робіцца тут значна больш, чым у некаторых іншых рэгіёнах), дазволю сабе паправіць некаторыя недакладнасці. Вывучаючы шматлікія крыніцы, у тым ліку і мясцовыя, заўважыў, што ў свой час была дапушчана памылка ў трактоўцы ролі Міхаіла Хацімскага ў вызваленні родных мясцін.
Сапраўды, гераічны баявы шлях 37-й механізаванай брыгады пралёг па Баранавіцка-Брэсцкім накірунку, яна вызваляла многія населеныя пункты, сярод якіх былі і Пружаны, але камандаваў ёю тады іншы военачальнік. Гэта палкоўнік Міхаіл Міхайлавіч Кулікоў, умелы камандзір і мужны воін, які загінуў 26 ліпеня 1944 года на подступах да Брэста (а калі верыць звесткам, знойдзеным у адной з крыніц, то на тэрыторыі Пружанскага раёна, калі часці брыгады прарвалі абарону немцаў прыкладна за 10 кіламетраў на захад ад вёскі Чапялі). Пасмяротна камбрыга Міхаіла Кулікова камандаванне корпуса прадставіла да прысваення звання Героя Савецкага Саюза. Вось некаторыя радкі з таго ўзнагароднага ліста: «Поспехі брыгады шмат у чым залежалі ад умення і асабістай адвагі, дзёрзкасці палкоўніка Кулікова». Аднак хадайніцтва чамусьці не было падтрымана вышэйшымі камандзірамі, Кулікоў быў узнагароджаны толькі ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.
А Міхаіл Васільевіч Хацімскі ў перыяд аперацыі «Баграціён» ваяваў на паўднёвым накірунку, вызваляў Малдову, камандуючы 16-й механізаванай брыгадай. І прыняў пад сваё камандаванне 37-ю механізаваную брыгаду толькі ў снежні 1944 года, у Польшчы. Пад яго камандаваннем брыгада, якая раней вызначылася ў баях за вызваленне Слуцка, заслужыла яшчэ адну ганаровую назву, стала Слуцка-Памяранскай.
Дык можа быць, аднаўляючы гістарычную справядлівасць, варта аддаць даніну славы не толькі гераічным воінам 37-й механізаванай Слуцка-Памяранскай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава брыгады, але і персанальна тагачаснаму яе камандзіру палкоўніку Кулікову Міхаілу Міхайлавічу?
Але гэта ўжо справа грамадскасці, краязнаўцаў-гісторыкаў і ўлад рэгіёна.
Уладзімір Касьянаў, г. Бяроза