Воскресенье, 20 апреля 2025

Складаны шлях да адзінства. Рыжскі мірны дагавор і яго сумныя наступствы

347

18 сакавіка 2021 года споўнілася роўна сто год са дня падпісання Рыжскага мірнага дагавора паміж Савецкай Расіяй і Савецкай Украінай з Польшчай. Інтарэсы БССР на гэтых перамовах прадстаўляў расійскі бок. Дагавор падводзіў вынік савецка-польскаму канфлікту, праводзіў мяжу адроджанай Польшчы на ўсходзе. Згодна з Рыжскім пагадненнем, значная частка этнічных беларускіх земляў станавілася часткаю Польшчы.

Станаўленне новай Польшчы не было простым. Трэба было стварыць адзіную краіну з трох кавалкаў тэрыторый, якія ў нядаўнім мінулым належалі да розных імперый: Расійскай, Германскай, Аўстра-Венгерскай. Сітуацыя ўскладнялася тым, што значную частку насельніцтва (па некаторых дадзеных, каля сарака працэнтаў) складалі нацыянальныя меншасці.

Аднак кіраўніцтву новай дзяржавы хапала палітычнай волі, каб будаваць новую краіну. Нацыянальныя меншасці, праўда, часта адчувалі сябе няўтульна ў іх новай айчыне. Дзяржава мэтанакіравана праводзіла палітыку асіміляцыі, паланізацыі.

Чатыры вялікія па колькасці насельніцтва нацыянальныя меншасці жылі ў Польшчы: немцы, украінцы, яўрэі, беларусы. Часта яны выступалі разам у абароне сваіх правоў. Прыкладам могуць быць выбары ў Сейм, калі нацыянальныя меншасці выстаўлялі адзіны спіс для галасавання.

Даваенная Польшча была шматпартыйнай краінай. Былі свае партыі і ў нацыянальных меншасцяў. Асаблівасцю беларускіх партый было тое, што ўсе яны ў праграмных мэтах ставілі пытанне аб’яднання беларускіх земляў у адной дзяржаве. Адны з іх бачылі будучыню ў Савецкім Саюзе, іншыя – у стварэнні незалежнай буржуазнай краіны.
Аб’ектыўна гледзячы, трэба прызнаць, што беларускі рух у Польшчы быў слабейшым, чым у іншых народаў. Яўрэям дапамагала традыцыйная адасобленасць і фінансавая самастойнасць, немцы атрымлівалі розную дапамогу з боку Германіі, асабліва пасля прыходу да ўлады нацыянал-сацыялістаў. А ўкраінцы мелі немалы вопыт узброенай барацьбы за ўласную дзяржаўнасць у 1918-1921 гадах.

У беларускім актыве ўсяго пералічанага не было.

Асобна трэба глянуць на Палессе ў гэты час. У нацыянальным плане яго насельніцтва лічылася неўсвядомленым. Тут праводзілі сваю работу як беларускія, так і ўкраінскія арганізацыі, але найбольшую актыўнасць праяўляла дзяржава. Палессе павінна было стаць своеасаблівым польскім клінам, які б разбіваў маналітнасць усходнеславянскага масіву на ўсходзе Польшчы.

Паланізацыя Палесся была бескампраміснай, ішла праз друк, школу, царкву. Так, у прыватнасці, праваслаўныя святары павінны былі выкарыстоўваць найперш у казані, а пажадана і ў богаслужэнні польскую мову. У выпадку няведання польскай мовы можна было казань гаварыць на мясцовым дыялекце, але катэгарычна забараняліся літаратурныя беларуская і ўкраінская мовы.

Значны ўплыў на сялянскую масу мела Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. Камуністычныя ідэі ў гэты час былі вельмі папулярныя ў заходніх беларусаў. Гэтаму спрыяла як недальнабачная палітыка польскіх улад, так і актыўная прапаганда, якую вёў Савецкі Саюз, дасягненні савецкай культуры. Савецкія фільмы, песні, кнігі аказвалі велізарны ўплыў на беларусаў і ўкраінцаў у Польшчы. “Вясёлыя рабяты” (“Свет смяецца” ў польскім варыянце) або “Ціхі Дон”, пераклады якога на польскую мову былі аднымі з першых рабілі ўражанне фантастычнае.

Антыкамуністычная прапаганда, якую вяла афіцыйная Польшча, і блізка не мела таго эфекту, як бальшавіцкая. Адзін са стваральнікаў беларускага прафесійнага тэатра, “беларускі Мальер”, як звала яго тагачасная прэса, Францішак Аляхновіч пасля вяртання ў Польшчу з Салавецкага лагера выпусціў кнігу пра сваё знаходжанне там, рэгулярна выступаў на віленскім радыё. Але яму (і такім, як ён) не верылі. Пасля вяртання з СССР Аляхновіч вёў у Вільні замкнёны лад жыцця: грамадства не прыняло яго. Жыццё яго закончылася ў акупаванай немцамі Вільні, дзе ён быў рэдактарам газеты. Хто забіў Аляхновіча – савецкія ці польскія падпольшчыкі – мы дакладна не ведаем да сённяшняга дня.

Паланізацыйную работу ў поўнай меры адчула на сабе і Пружаншчына. Тутэйшым ураджэнцам не проста было трапіць у сцены гімназіі. Кепскае веданне польскай мовы і высокая аплата за навуку былі для гэтага перашкодамі.

Падобная сітуацыя была і ў іншых гарадах Заходняй Беларусі, беларусы паўсюдна складалі меншасць сярод гімназістаў. А ў Віленскім універсітэце беларусаў было ўсяго два працэнты ад агульнай колькасці студэнтаў. Тым не менш, яны ўяўлялі сабой даволі згуртаваную супольнасць.

Рыгор Раманавіч Шырма і Міхаіл Іванавіч Забэйда-Суміцкі.

Сярод беларускай грамады Вільні ў гэтую пару вылучаліся ўраджэнцы Пружаншчыны спявак Міхал Забэйда-Суміцкі і кампазітар, збіральнік народных песень Рыгор Шырма. Сярод выкладчыкаў Віленскай беларускай гімназіі таксама было некалькі ўраджэнцаў Пружан.

У 1939 годзе польская дзяржава спыніла існаванне. У выніку падпісання так званага пакту Молатава-Рыбентропа лёс Польшчы быў прадвызначаны. Польскаму народу давялося перажыць не толькі страту дзяржаўнасці, але і спазнаць сталінскія рэпрэсіі, а ўслед за імі — страшны тэрор з боку немцаў.

Пра маральны бок гэтага пакта шмат гаворана-перагаворана. Але, перш чым спекуляваць на пакце, трэба згадаць словы польскага гісторыка беларускага паходжання Юрыя Туронка, які гаварыў: перш чым асуджаць савецка-нямецкія дамовы, трэба згадаць пра амаральнасць Рыжскага міру.

Беларуска-польскія адносіны той пары былі далёкімі ад ідэалу. Міжваенны перыяд не спрыяў гэтай прыязнасці, Другая сусветная вайна толькі павялічыла ў шэрагу момантаў супрацьстаянне. Такога маштабу канфлікту, як на суседняй Валыні, не было, але шмат дзе лілася беларуская кроў і ад рук палякаў. Усё гэта рабілася пры дзейсным нямецкім спрыянні.

Заканчэнне вайны не прывяло да аўтаматычнага заканчэння ваенных дзеянняў. Салдаты Арміі Краёвай, што падпарадкоўвалася польскаму эмігранцкаму ўраду ў Лондане, працягвалі сваю “вайну” — стваралі бандфарміраванні. Ахвярамі гэтых “праклятых салдатаў” часта былі бяззбройныя і невінаватыя беларускія сяляне.

Да нашых дзён гэта старонка гісторыі не перагорнутая.
Сёння на слыху нядаўні скандал з удзелам польскага консула ў Брэсце, які прыняў удзел ва ўшаноўванні “праклятых салдатаў” разам з вучнямі польскай школы. Беларускі бок запатрабаваў ад консула Цімафеюка пакінуць Беларусь. У пытанні адносін да “праклятых салдатаў” беларускія ўлады маюць прынцыповае стаўленне: мы не можам падзяляць пункт гледжання польскіх нацыяналістаў, для нас гэтыя салдаты – саўдзельнікі злачынстваў супраць беларускага народа. Забойства бяззбройных нявінных сялян такімі дзеячамі, як Райс (“Буры”), не можа мець апраўдання або тэрміну даўнасці. Злачынствам з іх пункту гледжання было няведанне малітвы па-польску або наяўнасць праваслаўнай іконы ў хаце. Падобныя дзеянні даўно і заслужана маюць назву “этнічных чыстак”.

Такія “змагары” ніколі не будуць беспакарана шанавацца на тэрыторыі Беларусі. І сённяшнія рашучыя дзеянні, ажно да ўзбуджэння крымінальнай справы, павінны прымусіць лічыцца з беларускай думкай пра тыя падзеі. Не ўсё можна дараваць і забыць нават праз шмат дзесяцігоддзяў.

З успамінаў спевака Міхася Забэйды-Суміцкага:

“На сезон 1935-1936 гг. я заключыў кантракт з Познанскай операй. Там усё спяваў па-польску. Адносіны да мяне дырэктара оперы былі не з лепшых, бо я не ўтойваў таго, што я беларус. Палітыка польскага буржуазнага ўрада тады была такая: “У Польшчы няма беларусаў”. Вось адзін з фактаў тых адносін. Ставіцца “Яўгеній Анегін” Чайкоўскага. Я павінен спяваць Ленскага. Раптам даведваюся, што маю ролю даюць іншаму. Супраць ражна не папрэш!

Я мусіў прымірыцца, бо такі быў загад дырэктара. Настаў час прадстаўлення. Сяджу ў зале сярод публікі, гляджу, слухаю. Тэнар (вядома ж, паляк) спявае выдатную арыю “Куда, куда вы удалились”. Напярэдадні на рэпетыцыі дамовіліся, што гэту арыю ён будзе бісаваць. Артыст адспяваў арыю, але яго спевы былі настолькі слабымі, што зала не выказала жадання слухаць паўторна. А калі тэнара “застрэлілі” на сцэне, раптам у наступіўшай цішыні з залы пачуўся голас: “Так яму! Так!”

Алег Кунец