Суббота, 8 февраля 2025

Скарбы пушчанскага майстра. Мікола Тарасюк са Стойлаў і яго «драўляны люд»

764

Калі вы пойдзеце ў выхадныя дні ў храм на богаслужэнне — пастаўце памінальную свечку ў памяць Міколы Тарасюка, памаліцеся аб ім. Калі не пойдзеце — проста ўзгадайце: 14 студзеня 2015 года пайшоў з жыцця самабытны майстар, які стаў своеасаблівым сімвалам пушчанскай вёскі Стойлы.

Восем гадоў непрыкметна праляцела з таго часу, як асірацеў «драўляны люд», створаны разьбяром-самавучкам. Але не зарастае «народная тропа» да дома на ўскрайку вёскі, да музея «Успаміны Бацькаўшчыны». Нядзіўна, і пры жыцці апошняга жыхара Стойлаў сюды ехалі журналісты і этнографы, аматары творчасці, мастакі і цікаўныя турысты, дарослыя і дзеці.

Мікалай Тарасюк.

А яшчэ былі шматлікія выставы, фестывалі, з якіх вясковы творца прывозіў узнагароды. У 2002-м ён атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі «Народная творчасць». У 2003-м быў удастоены звання «Народны майстар Рэспублікі Беларусь». Кампазіцыі, прысвечаныя вясковаму жыццю, сялянскай працы, захоўваюцца ў музеях краіны і за яе межамі. Творчасць Міколы Тарасюка (на жаль, ужо пасля яго зыходу з жыцця) атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Яна стала не проста энцыклапедыяй жыцця нашых продкаў — памяццю пра мінулыя пакаленні, болем за вёску, якой няма…

Апошні раз у музеі «Успаміны Бацькаўшчыны» давялося пабываць у мінулагоднім лістападзе. На радзіму Міколы Тарасюка якраз прыехала чарговая экскурсія, наладжаная паломніцкім аддзелам Брэсцкага Свята-Сімеонаўскага сабора: выхаванцы нядзельнай школы і іх бацькі. Лідзія Шчука, дачка майстра, расказала брэстчанам пра гісторыю сялянскага роду, правяла праз вёску. Дала магчымасць не проста паслухаць аповед, але дакрануцца да экспанатаў, прымерыць мудрагелістыя плеценыя капелюшы, пакаштаваць познія яблыкі ў садзе і нават адшукаць «скарб» — пакуначак цукерак — падчас невялічкага квэсту…

Лідзія Мікалаеўна расказвае:

— Гэта не самая шматлікая экскурсія. Вось бачыце, толькі апошнія дамовы: 20 чалавек, 30, 37… Шмат людзей едзе з Брэста, наогул з усёй Беларусі, але былі наведвальнікі і з Санкт-Пецярбурга, і нават з Кольскага паўвострава. Фатограф з перакладчыкам прыязджаў са Швецыі (дарэчы, ёсць публікацыі пра бацьку, якія выйшлі ў Швецыі). Па нашай кнізе наведванняў геаграфію можна вучыць. Нехта едзе па вызначаным маршруце, а нехта проста знаходзіць тэлефон на сайце… Былі ў нас педагогі, школьнікі, нават давялося праводзіць экскурсію для прафесійных экскурсаводаў. Цікава, што многія людзі, якія тут аднойчы пабывалі, вяртаюцца, прывозяць потым сваіх родных, сяброў.

Падчас экскурсіі.

У Стойлах за апошнія гады, дзякуючы намаганням многіх людзей: і адказных асоб, і энтузіястаў — зроблены рэальныя крокі для захавання не проста памяці пра майстра — самой апусцелай вёскі. У рамках праекта «Вясковы рэнесанс» на ўездзе паставілі паклонны крыж з прозвішчамі ўсіх, хто жыў тут некалі, распрацавалі гісторыка-этнаграфічную карту, падчас пленэраў устанавілі драўляныя постаці самога майстра і яго дзеда — нібы ажывілі сямейныя паданні…

— Наша вёска на фоне шэрагу іншых цяпер выдзяляецца тым, што ўсё тут акуратна, дзеці і ўнукі былых жыхароў прыязджаюць, даглядаюць сядзібы сваіх продкаў. Нават бачыце, вось гэтыя два дачныя дамы новапабудаваныя, — расказвае Лідзія Мікалаеўна. — Зразумела, каб жывы быў бацька, усё магло б разгарнуцца па-іншаму. Захавалася крынічка, можна было б яе абсталяваць, даць ёй імя бацькі. Але мясціны тыя забалочаныя, у дадатак абваліўся мост. Байкеры, якія збіраюцца на аграсядзібе ў Шчарбах, пастаянна цікавяцца нашым музеем, прыязджаюць сюды, прывозяць сваіх гасцей. Цяпер яны выказваюць жаданне дапамагчы: гэтая сцежка і мост былі самым кароткім шляхам са Шчарбоў.

Але я думаю, што нават на тым свеце бацька радуецца, што ягоны «люд» я не кінула. Я яму абяцала, што драўляны народ будзе жыць, як і пры ім: калі няма будзе куды паставіць, то дадому забяру. Спачатку мы сапраўды вывезлі многае ў Пружаны, потым вярнулі і пачалі ўжо працаваць як аграсядзіба.

Дзеці-экскурсанты з цікаўнасцю разглядалі драўляныя і плеценыя «цацкі» ў музеі, але, мне здаецца, ім было не вельмі зразумела, чаму гэтыя фігуркі маюць такую каштоўнасць. Вось пабегаць у пошуках «скарба» за старым хлявом — гэта здорава!

— Не страшна, — разважае брэстчанка, што прывезла сюды дачку. — Дома я разбяру фотаздымкі, будзем разам іх пераглядаць. І дзіця маё будзе ўзгадваць: мы тут былі, гэта бачылі… А я змагу нешта патлумачыць раз, другі, трэці… Напэўна, асэнсаванне паняццяў «бацькаўшчына», «спадчына» прыходзіць з узростам, гадоў, можа, у 30, калі ты ўжо нешта ведаеш у гэтым жыцці, калі губляеш некага з родных. Напрыклад, калі жывыя бацькі, ты не бярэш у галаву многія рэчы, а не стала блізкіх — і разумееш, колькі намаганняў яны трацілі на гаспадарку, на сялянскую працу, на падтрыманне ў парадку сядзібы…

— Гэтая экскурсія настроіла на жаданне пакорпацца ў сваіх каранях, вывучаць жыццё продкаў, — кажа іншая экскурсантка. — Але наогул я толькі зараз рэальна зразумела, наколькі нашы продкі моцна трымаліся за сваю зямлю. Нам цяпер гэта цяжка зразумець: мы — людзі свету, лёгка пераязджаем з месца на месца, мяняем вёску на горад, краіну на краіну, а яны сваімі рукамі будавалі сабе дамы, апрацоўвалі надзелы — і гэта было іхняе, немагчыма ні пядзі аддаць.

— Так, — згаджаецца Лідзія Мікалаеўна. — Бацька пры жыцці наракаў: палацы водныя і лядовыя будуюць, а зямлю не глядзяць! Раней тут бур‘яны вакол раслі, гэта ў апошнія гады акультурылі палеткі, кукурузу пасеялі, бацька гэтага не ўбачыў ужо. Памятаю, некалі пасее жыта пад зіму, а яго трэба зжаць. Хочам камбайн заказаць, а бацька кажа: «Той камбайн мне каласкоў колькі пакіне!» Што ж, тады жнём сярпамі і малоцім на старажытнай ручной малацілцы… Калі бацька пайшоў з жыцця, у мяне пачуццё такое было, што здраджу яму, калі закіну зямлю, якую ён апрацоўваў. І два гады сапраўды агарод тут садзіла. На працы няма калі, зелле вырасце ў пояс, праполваю, а сабе думаю, што нават на тым свеце бацька радуецца…

Падчас экскурсіі.

Бачна, што паціху змяняе знешні выгляд, добраўпарадкоўваецца старая сядзіба. Нядаўна ў двары з‘явіліся слупкі для будучай альтанкі. Але марудна ідуць справы.

Памятаю, у свой час уздымалася пытанне аб магчымым пераносе музея ў райцэнтр, бліжэй да турыстычных патокаў. На шчасце, вырашылі гэтага не рабіць: сама тутэйшая зямля нібы сілкуе драўляны народ, дае сілы «Успамінам Бацькаўшчыны». Але ж пры ўсёй унікальнасці музея цяжка выжываць самастойна ў аддаленым ад буйных населеных пунктаў і вялікіх дарог пушчанскім куточку.

— Для ажыццяўлення нашых мар варта дабудаваць памяшканне, зрабіць рамонт, гэта значыць, патрэбны ўкладанні, — кажа гаспадыня. — Напрыклад, хацелася б паставіць тэлевізар, каб дэманстраваць наведвальнікам фільмы пра бацьку (яны ёсць, і фільм Віктара Аслюка «Драўляны народ» нават атрымаў Гран-пры фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм Magnificat-2012 і Гран-пры ІХ Міжнароднага кінафестывалю мастацкіх рамёстваў у Манпелье (Францыя)). Ёсць і запісы бацькавага голасу: можна зрабіць, каб нейкую частку экскурсіі ён праводзіў нібыта сам… Наогул, мне здаецца, пашырыць кола наведвальнікаў можна, калі ўключыць наведванне Стойлаў у тур па Белавежскай пушчы. Спадзяёмся, што пытанне вырашыцца, але пакуль у гэтым плане турыстычны аддзел нацыянальнага парку не ідзе насустрач, на жаль.

Планы ёсць — не хапае магчымасцей для іх ажыццяўлення. Толькі ж абяцала бацьку, што «драўляны люд» будзе жыць, як і пры ім. Гэта прымушае трымаць марку.

Ірына Сядова. Фота аўтара