Понедельник, 28 апреля 2025

Скарбніца інтэлекту — бібліятэка!

1 332

«Бібліятэка як феномен культуры» — пад такой назвай 4-6 кастрычніка у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся IV Міжнародны кангрэс. У яго рабоце прынялі ўдзел звыш 650 дэлегатаў з 14 дзяржаў. Выконваючай абавязкі дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяне Гуторкінай і аўтару гэтага артыкула пашчасціла прымаць удзел у высокім форуме, адчуць павагу да прадстаўнікоў старажытнай інтэлектуальнай  прафесіі.  

kniga_l_big

Падчас кангрэсу прапаноўваліся шляхі развіцця бібліятэк у сучасную эпоху.  Інавацыйныя праекты і аптымізацыя бібліятэк былі ў цэнтры ўвагі.

Не сакрэт, што многія карыстальнікі на сучасным этапе аддаюць перавагу электроннай кнізе. Ці не пераўтворацца бібліятэкі, дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям,  у помнікі архітэктуры? Думкі ўсіх выступоўцаў наконт гэтага былі аптымістычнымі. Тыражы традыцыйных папяровых выданняў па-ранейшаму працягваюць павялічвацца. А сутнасць бібліятэк, як адзначыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, пры змене форм і метадаў перадачы інфармацыі заставалася і застаецца нязменнай. Бібліятэка не проста феномен культуры, гэта — адзін са старажытнейшых сацыяльных інстытутаў, якія ёсць у чалавецтва, гэта захаванне інтэлекту нацыі.

Падобныя думкі  агучылі ў сваіх выступленнях прадстаўнікі бібліятэкі Кангрэса ЗША,  вядучых бібліятэк Францыі і Германіі, якія вызначаюцца высокім узроўнем інфармацыйных тэхналогій і ўнікальным вопытам абслугоўвання і праектнай дзейнасці.

Менавіта роля бібліятэкі ў сучасным свеце важная як ніколі. У неабсяжным акіяне інфармацыі людзей неабходна накіроўваць да больш актуальнай і якаснай. Сёння бібліятэка — месца,  куды чалавек не проста прыходзіць па кнігу, але і па карысную,  карэктную крыніцу інфармацыі.

Бібліятэка сёння — гэта яшчэ і вядучая ўстанова, цэнтр духоўна-маральнага выхавання асобы. І таму невыпадкова падчас урачыстага адкрыцця Міжнароднага кангрэса адбылася цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў II рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. Вышэйшыя ўзнагароды ў кожнай з намінацый конкурсу  прадстаўнікі бібліятэк розных сістэм і ведамстваў атрымалі  з рук епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна, лаўрэата прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”. Прыемна, што ў іх ліку была і наша цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Засіма.

У бягучым годзе методыкі работы нашай бібліятэкі ў гэтым накірунку з рознымі катэгорыямі насельніцтва нават публікаваліся на старонках рэспубліканскіх прафесійных часопісаў “Бібліятэка прапануе”, “Бібліятэчны свет” і вядучага расійскага часопіса “Библиотека”.  Падчас  пасяджэння “круглага стала” наш вопыт работы  быў з цікавасцю ўспрыняты яго шматлікімі ўдзельнікамі. Прасілі падзяліцца  сцэнарнымі матэрыяламі, нават запрашалі прыехаць і  самім правесці ўзорна-паказальныя мерапрыемствы.

У сувязі з гэтым у чарговы раз хочацца нагадаць усім, хто займаецца выхаваўчай работай з дзецьмі, падлеткамі і моладдзю: карыстайцеся нашай багатай базай па духоўна-маральным выхаванні. Заўсёды рады атрымаць заяўкі на правядзенне мерапрыемстваў духоўна-маральнай тэматыкі  ў любой аўдыторыі. Менавіта сумесная работа ўсіх зацікаўленых структур у гэтым накірунку здольна абараніць падрастаючае пакаленне ад прапаганды насілля, зрабіць нашых дзяцей неўспрымальнымі да зла і здольнымі тварыць дабро.

Сваіх шаноўных наведвальнікаў запрашаем у хуткім часе да чытання духоўных кніг,  атрыманых за перамогу ў рэспуб-ліканскім конкурсе.

Ніна Шабуня,

аўтар праекта “На шляху да духоўнасці”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *