Понедельник, 28 апреля 2025

Сітуацыю са злачыннасцю, работу жывёлаводаў і тэму распараджэння дзяржмаёмасцю разгледзелі на пасяджэнні Пружанскага райвыканкама

402

На чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло 2 лютага, было разгледжана тры пытанні.

Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч абвясціў павестку дня чарговага пасяджэння і паведаміў, што ў яго рабоце ўдзельнічае начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Самасюк.

З дакладам «Аб выкананні комплекснага раённага плана па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў на тэрыторыі Пружанскага раёна» выступіў намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Аляксандр Семаковіч. Судакладчыкамі па гэтым пытанні былі галоўны ўрач УЗ «Пружанская цэнтральная раённая бальніца» Юрый Юзько, начальнік Пружанскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Талстой.

Было адзначана са станоўчага боку, што агульны ўзровень злачынстваў знізіўся з 407 да 343, сярод іх колькасць учыненых у стане алкагольнага ап’янення зменшылася з 75 да 55, махлярстваў — з 28 да 25, хуліганстваў — з 18 да 15, фактаў прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў — з 4 да 3, у сферы кіберзлачыннасці — з 56 да 42. На ўзроўні 2021 года той жа засталася колькасць учыненых забойстваў (1), крадзяжу транспарту (2), разбояў (1), згвалтаванняў (1). Не зарэгістраваны вымагальніцтвы. Разам з тым павялічылася колькасць выпадкаў рэцыдыўнай злачыннасці — з 89 да 103, злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, — з 6 да 9, у складзе групы асоб — з 17 да 45.

Адзначана недастатковасць мер, прынятых РАУС райвыканкама, па прафілактыцы злачынстваў, якія здзейснены з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі, крадзяжоў маёмасці (чорных і каляровых металаў), у тым ліку веласіпедаў, і злачынстваў, здзейсненых у грамадскіх месцах. Аналагічна было ўказана, што недастатковую работу па прафілактыцы злачынстваў праводзіў шэраг саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку. У той жа час, як адзначалася на пасяджэнні, аддзел па надзвычайных сітуацыях і назіральныя камісіі пры сельвыканкамах недапрацавалі па папярэджванні пажараў і гібелі людзей, а Пружанская ЦРБ не прыняла ўсе належныя меры ў дачыненні да асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі і стаяць на ўліку ва ўрача-нарколага.

Каб ухіліць пералічаныя вышэй недапрацоўкі, быў прыняты шэраг даручэнняў.

З дакладам «Аб выніках работы галіны жывёлагадоўлі ў сельскагаспадарчых арганізацыях Пружанскага раёна за 2022 год» выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Сяргей Глушко. Да слова, вынікі работы жывёлаводаў мы публікавалі ў адным з мінулых нумароў газеты.

«Аб выніках работы па ўпраўленні і распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю ў Пружанскім раёне ў 2022 годзе» дакладвала начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Ірына Ліхтаровіч.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік