Суббота, 12 октября 2024

Сітуацыя. Як змагацца са смеццем каля кантэйнераў?

430

З ліста ў рэдакцыю:

«Жыхары горада неаднаразова скардзіліся на стан кантэйнернай пляцоўкі па вул. 8 Сакавіка (каля гаражнага кааператыва). Смецце туды звозяць не толькі з горада, але і з бліжэйшых вёсак, прычым выкідваюць разам са смеццевымі пакетамі халадзільнікі, канапы, крэслы… Непарадак пануе жудасны. «Камунальнік» гераічна выграбае гэта ўсё раз на тыдзень, але, можа, трэба рабіць больш рашучыя дзеянні ці хаця б усталяваць камеры відэаназірання, каб ведаць у твар тых, хто вывальвае сваё смецце каля кантэйнераў, замест таго каб вывезці яго па прызначэнні».

Забаўная гэта справа — праехацца па смеццевых пляцоўках горада і яшчэ раз пераканацца, што нашым людзям колькі ні рабі дабра, усё роўна будзе дрэнна. Як гаворыцца: «Чым больш Гулівер дае, тым больш ліліпуты злуюць». Ва ўсіх дварах устаноўлены смеццевыя бакі, на тэрыторыях гаражных кааператываў цэлыя пляцоўкі з пяці кантэйнераў. Вываз адходаў ажыццяўляецца згодна з графікам, па суботах увесь хлам выграбаюць і вымятаюць дворнікі. Застаецца справа за малым: паводзіць сябе ў месцах агульнага карыстання паводле тэорыі біялагічнай эвалюцыі «Чалавек разумны» і паважаць працу іншых. Але як навучыць наш, як сцвярджаецца, «культурны» народ ставіцца адзін да аднаго паважліва? — складанае пытанне і зусім іншая гісторыя.

Безумоўна, пытанне стаіць востра і вырашаць яго трэба неадкладна. Як растлумачылі ў КУВП «Камунальнік», смецце пасля рамонтна-будаўнічых работ катэгарычна забаронена як выкідваць у звычайныя кантэйнеры для збору адходаў, так і пакідаць на смеццевых пляцоўках, якія размешчаны ля пад’ездаў або ў дварах шматкватэрных дамоў, а таксама на тэрыторыі гаражных кааператываў.

Законна пазбавіцца ад такога смецця можна двума спосабамі: самастойна вывезці на палігон або заключыць дамову на вываз смецця з іншай арганізацыяй. Гэта абыдзецца танней, чым плаціць штрафы за парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі.

Так у Беларусі за складзіраванне будаўнічага смецця ў кантэйнеры фізічным асобам пагражае штраф да 30 базавых велічынь (на сёння гэта 1200 рублёў) па пункце 3 артыкула 16.44 КоАП. Для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб штрафы і таго больш — ад 100 і да 1000 базавых велічынь адпаведна.

У бліжэйшы час КУВП «Камунальнік» падрыхтуе цэлы шэраг дадатковых мер па выяўленні злосных парушальнікаў. Казаць пра іх адкрыта мы не можам, няхай гэта стане сапраўдным сюрпрызам для занадта хітрых абывацеляў.

Вось так часта і адбываецца: адны лаюцца на тое, што парушаецца, другія абыходзяць закон любым спосабам і стараюцца пазбавіцца ад хламу цішком. У гэтым кантэксце адразу ўспамінаецца знакамітая фраза: «Дзяжурны, чаму смецце на пляцы?!!» — з фільма «Пра беднага гусара закіньце слова», у якім Валянцін Гафт у ролі палкоўніка Пакроўскага выразна прымеціў: як толькі дзесьці наведзены парадак, тут жа з’явіцца той, хто абавязкова наслядзіць, а потым яшчэ абураецца, што ўсюды бардак. Нашы людзі, відаць, даўно Маякоўскага не чыталі, а гэта школьная праграма пачатковых класаў — «Што такое добра і што такое дрэнна?». І не добра б паўтарыць даўно пройдзены матэрыял, пачаць з сябе і сваіх учынкаў, а потым ужо выказваць прапановы.

Падрыхтавала Ульяна Рысь

Фота аўтара