Чарговы ліст у рэдакцыю з просьбай дапамагчы зрабіў вялікае ўражанне. З этычных меркаванняў аўтар прасіла не называць яе імя і не публікаваць ліст цалкам. Гэта зразумела: каму хочацца на ўвесь свет крычаць аб сваёй бядзе, ды яшчэ і быць непачутай? Давайце разбірацца.
Вытрымка з ліста:
— Адразу за крамай «Курачка Раба» па вул. Вашкевіча ёсць вольны кавалачак зямлі, дзе можна паставіць сталы, лаўкі і навес, атрымліваецца маленькі міні-рынак у нашым мікрараёне. І ўсім было б добра: і жыхарам бліжэйшых дамоў, пенсіянерам, і інвалідам, такім, як я… Да міні-рынку каля «Палявога» мы дайсці не можам, а так хочацца купіць шклянку ягад, зеляніны, свежай агародніны. Мы ўжо не можам працаваць на зямлі, сіл не хапае. Я ўпэўнена, што мяне падтрымаюць жыхары суседніх дамоў…

Для ўдакладнення некаторых дэталяў мы звярнуліся да кіраўніцтва аддзела па землеўпарадкаванні райвыканкама. Сапраўды, месца, выкладзенае плітамі з 14 штук, каля ларка «Курачка Раба» належыць гораду, а гэта значыць — землі агульнага карыстання. Таму гэты аб’ект цалкам можа быць уключаны ў пералік размяшчэння несанкцыянаваных аб’ектаў гандлю.
Далей мы звярнуліся да спецыялістаў у аддзел эканомікі Пружанскага райвыканкама. Нам патлумачылі, што ўсталяваць усё неабходнае для легальнага продажу рознага віду прадукцыі са свайго падворка сапраўды магчыма, але пры адной умове. Трэба самім знайсці жадаючых гэта зрабіць: можа быць прыватная асоба, любая фірма або індывідуальны прадпрымальнік, па заяве якіх рашэннем выканкама месца будзе выдзелена.
І адразу ж ўзнікае пытанне: каму гэта патрэбна? Мы апыталі жыхароў суседніх дамоў, і ўсе ў адзін голас адказалі, што па свежую агародніну ходзяць на міні-рынак ля крамы «Палявы», а хто не можа дайсці, таму дапамогуць і прынясуць, гэта не далёкі свет. Месца для гандлю там хапае, у некаторыя дні нават не ўсё занята. У гэтым жа двары па вул. Вашкевіча, амаль насупраць «Курачкі Рабы», ёсць магазін «Шанс», у якім ёсць уся неабходная прадукцыя і зеляніна ў тым ліку. Таму жаліцца, што побач нічога няма, проста нельга.
І апошняе. Нават калі на гэтым месцы з’явіцца пажаданы аб’ект, то без суправаджальных дакументаў гандляваць усё роўна забаронена. І наўрад ці хто-небудзь з людзей пажылога ўзросту будзе гэтым займацца, а хто маладзейшы, то вязе свой тавар на ўжо вядомыя кропкі. Вось і атрымліваецца — клопату шмат, а ці будзе вынік, ніхто не ведае. Як кажуць, пажывём — убачым!
Падрыхтавала Ульяна Рысь
Фота з адкрытых крыніц