Быць беларусам — гэта не проста мець пашпарт з беларускім гербом на вокладцы, жыць у беларускім горадзе ці аддаваць перавагу нацыянальным стравам. Пад гэтым словам тоіцца куды большае: шматвяковая гісторыя, культура і традыцыі, якія стагоддзямі фармаваў наш народ. Голас продкаў цячэ ў нас у крыві і перадае ў спадчыну багатую самабытнасць і нязломны дух.
Давайце акунёмся ў мінулае. Тут нас сустракае гераічная барацьба нашых землякоў, якія аддана змагаліся за свабоды. Мы чуем гул бітваў на землях Беларусі, дзе пагранічнікі заставы, якая цяпер носіць імя Андрэя Кіжаватава, да апошняга патрона стаялі на сваіх межах. Маё сэрца разрываецца ад гонару, калі я бачу, як абаронцы Брэсцкай крэпасці ваююць да апошняга дыхання ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Мне рэхам адгукаецца ў сэрцы гул палаючага самалёта, які лётчык Мікалай Гастэла гераічна скіроўвае на групу варожых танкаў. Гледзячы на гэта, я адчуваю ў сабе моц і сілу духу, якая ўжо ніколі не пакіне наш народ.
Але што ж яшчэ ёсць у нас, апроч гераічнага мінулага?! Беларусь — гэта не толькі тое, што было. Гэта тое, што ёсць і будзе. Гэта мой унёсак у мірнае жыццё нашай краіны. Гэта дасягненні маіх суайчыннікаў і іх уклад у развіццё чалавецтва. У Рэспубліцы Беларусь жыве дзевяць мільёнаў чалавек. Усе разам мы складаем велізарную сям’ю, дзе ў кожнага свая роля і прызначэнне.
Сёння ты — бортправаднік у «Белавія», а заўтра — першая жанчына-касманаўт краіны, Герой Беларусі, які прадстаўляе нашу краіну, нашы ідэалы і нашу адвагу ўжо за межамі зямнога шара.
Гісторыя Марыны Васілеўскай па-сапраўднаму натхняе, як прыклад жалезнай адвагі і запалу ісці далей, адкрываць новыя гарызонты ў літаральным сэнсе гэтага слова. І гэта адбываецца менавіта цяпер і даказвае, што наша дзяржава ідзе наперад і не спыняецца на дасягнутым. Я ўпэўнены, што яе дасягненне дало штуршок тысячам натхнёных на самаразвіццё беларусаў, і менавіта гэта дае нам усім веру ў светлую будучыню нашай квітнеючай краіны.
Нядаўна я наведаў матч, калі гуляла каманда хакеістаў нашай школы. Зразумеў, што кожны з гэтых юных спартсменаў у будучым можа стаць гонарам Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць яе на міжнародных спаборніцтвах, уносячы новыя перамогі і рэкорды ў скарбонку гісторыі нашай краіны. Спартсмены заўсёды ёсць у нашым атачэнні. Часта гэтыя людзі поўныя матывацыі і запалу. Яркім для мяне прыкладам з’яўляецца мая аднакласніца, яе перамогі на раённых і абласных спаборніцтвах я заўсёды прымаю з гонарам.
Спорт для мяне з’яўляецца знакам міру і поспеху. Ён як астравок спакою ў гэтым свеце, на якім не існуе нянавісці, амаральнасці і распуснасці. Я з захапленнем сачу за поспехамі нашых спартсменаў, чый трыумф на міжнароднай арэне запальвае сэрцы беларусаў. Што вы ведаеце, напрыклад, пра Дар‘ю Домрачаву? Бо гэта жанчына — алімпійская легенда! Чатыры залатыя медалі на Алімпійскіх гульнях — гэта не простае дасягненне, гэта неверагодны цуд. Яна не толькі прынесла нам славу і гонар, але і стала першай жанчынай — Героем Беларусі. Вікторыя Азаранка, якая пакарыла тэнісныя корты, Віталь Шчэрба, Аляксандр Глеб, Максім Мірны — яны славяць нашу краіну на ўвесь свет, становяцца сімваламі стойкасці і мэтанакіраванасці, іх гісторыі натхняюць мільёны людзей не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце.
Я лічу, што было б вялікай памылкай не ўпамянуць у гэтым эсэ тых, хто, рызыкуючы ўласным жыццём, ставіць здароўе і дабрабыт іншых людзей найвышэй за ўсё. Медыкі — гэта не проста прафесія, гэта прызванне, гэта служэнне людзям. У гады Вялікай Айчыннай вайны беларускія ўрачы і медсёстры самааддана ратавалі жыцці параненых на фронце і ў тыле. Яны працавалі ў палявых шпіталях, эвакуацыйных цягніках, партызанскіх атрадах, пад бамбёжкамі, ва ўмовах дэфіцыту медыкаментаў і харчавання. Праз чатыры дзесяцігоддзі новым выпрабаваннем для беларускіх медыкаў стала чарнобыльская трагедыя, калі давялося змагацца з наступствамі радыяцыі. Прайшоў час, пандэмія COVID-19 кінула новы выклік усяму свету — і медыкі зноў апынуліся на перадавой. Яны нястомна працавалі ў стацыянарах, паліклініках, лабараторыях, каб спыніць пашырэнне віруса і выратаваць жыцці людзей, часам забываючы пра ўласнае здароўе і бяспеку. Іх самаадданасць, мужнасць і прафесіяналізм — прыклад для ўсіх нас.
Нялёгка быць беларусам сёння. Мы жывём у няпросты час, калі свет вакол нас імкліва змяняецца. У такія моманты як ніколі важна паважаць і захоўваць нашы традыцыі, бо менавіта дзякуючы ім мы існуём цяпер. Прынцыпы беларусаў прывялі нас да таго, што мы ёсць на дадзены момант: суверэнная дзяржава, вялікая дружная сям’я, якая ідзе наперад, не звяртаючы ўвагі ні на што. Гэта мая гісторыя, мае героі, мой лёс. І я шчыра веру, што будучыня нашай краіны будзе такой жа яркай і вялікай, як і яе мінулае.
Я ганаруся тым, што я — беларус!
Дзмітрый Літвіновіч, 16 гадоў, вучань ДУА «СШ № 3 г. Пружаны», пераможца абласнога этапу конкурсу «Залатое пяро «Белай Русі-2024» у намінацыі «Навучэнцы»