Пятница, 13 декабря 2024

Сильнейшие — шерешевцы. В День Независимости на городском стадионе прошли соревнования среди жителей сельсоветов

1 163

Для ўсіх аматараў актыўнага ладу жыцця ў святочны дзень на гарадскім стадыёне былі наладжаны спаборніцтвы сярод жыхароў сельсаветаў. Выпрабаванні праводзіліся па розных відах спорту: армрэстлінгу, міні-футболе, дартсу, падыманні гіры, перацягванні каната, шахматах і шашках.

Удзел у спаборніцтвах прынялі 11 каманд з Навазасімавіцкага, Сухопальскага, Хараўскога, Шаняўскога, Пружанскага, Велікасельскага, Ліноўскага, Мокраўскага сельсаветаў і гарадскіх пасёлкаў Шарашэва і Ружаны. Старт спартыўным выпрабаванням далі парашутысты Брэсцкага гарадскога аэраклуба, якія прызямліліся непасрэдна на газон стадыёна. Спецыялісты паказалі ў небе сапраўднае шоў, з рознакаляровым дымам, выклікаючы з трыбун буру апладысментаў ад удзячных пружанцаў. Потым парашутысты накіраваліся на аэрапляцоўку каля в. Вялікія Якавічы, дзе адбылася асноўная праграма іх выступленняў. Жадаючыя змаглі пакатацца на легкаматорным самалёце.

Падчас агульнага пастраення спартсмены атрымалі пажаданні бадзёрасці, энергіі і, безумоўна, перамог. Салідную культурную праграму для прысутных наладзілі артысты Слабудскага і Сонечнага СДК разам з вядучымі Н.В.Плеска і Л.А.Кавалёвай, а цудоўныя песні падарылі В.А.Мятліцкая, Настасся Грышкевіч, Дзіяна і Вольга Сахаркі.

На працягу ўсяго дня  вызначалі самых трапных, спрытных і разважлівых. Часта можна было пачуць крыкі «Ура!» як ад удзельнікаў, так і балельшчыкаў, якіх таксама было нямала на арганізаваным відовішчы. Асабліва гарачымі сталі турніры па міні-футболе, якія доўжыліся амаль увесь дзень. Не менш відовішчнай стала барацьба асілкаў — у армрэстлінгу і перацягванні каната.

У выніку  па колькасці набраных перамог  першае месца было прысуджана камандзе з г.п.Шарашэва, кубкі за другое і трэцяе месцы  атрымалі спартсмены з г.п.Ружаны і Мокраўскага сельсавета адпаведна. Іх прадстаўнікам узнагароды і каштоўныя прызы ўручыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І.І.Ярома.

Падводзіліся вынікі і ў асабістых заліках. Граматы за першыя месцы ў сваіх вагавых катэгорыях атрымалі: у армрэстлінгу — Яўген Скараходаў, Віктар Чапля і Павел Насытка, у падыманні гіры — Іван Фёдараў, Уладзімір Гавейна і Аляксандр Гармашоў. Самымі трапнымі ў дартсе сталі сярод мужчын — Міхаіл Гарустовіч, сярод жанчын — Святлана Амяльянец. У шахматах найбольшую разважлівасць праявіў Валерый Гарачэўскі, у шашках — Пётр Ліпніцкі. У міні-футболе трэцяе прызавое месца заваявалі футбалісты з Хараўскога сельсавета, другое — з Зеляневіцкага, а безумоўную перамогу атрымалі спартсмены з Лінова. А вось у перацягванні каната самую моцную каманду выставілі Ружаны: ніхто нават з месца не змог  яе зрушыць.

Раз’язджаліся вясковыя спартсмены з добрым настроем і прыемнымі ўражаннямі. Для многіх такія спаборніцтвы сталі магчымасцю наладзіць новыя сяброўскія сувязі з абавязковым абяцаннем сустрэцца ў наступным годзе, каб узяць рэванш.

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *