— У газеце неаднойчы ўпаміналася пра тое, што ў Беларусь едуць шматлікія бежанцы з Украіны. Магчыма, прымае такіх людзей і Пружаншчына? Як яны сабе тут адчуваюць?
Са званка ў рэдакцыю.
Сіла — у адзінстве. Здаецца, гэтыя словы можна смела назваць штампам. Яны належаць аўстра-венгерскаму палітыку Бергману і былі выказаны ў 1848 годзе, калі «абрэзкавай імперыі Еўропы» пагражаў распад. А ёсць яшчэ больш старажытнае выказванне, якое Біблія прыпісвае Ісусу: «Любое царства, падзеленае на варожыя часткі, прыходзіць у запусценне, і ніякі горад ці дом, падзелены варожасцю, не ўстаіць». Гэтыя словы таксама можна назваць штампам, хаця, мяркуючы па сітуацыі, што разгортваецца на паўднёвых межах Беларусі, яны з’яўляюцца аксіёмай. Што азначае слушнае правіла, якое не патрабуе доказаў.
І ў яго бездакорнасці давялося пераканацца Алене, якая напрыканцы сакавіка бягучага года была вымушана разам з дачкой сарвацца з родных мясцін у пошуку спакойнага жыцця.
— Я нарадзілася не ва Украіне, але за некалькі дзясяткаў гадоў жыцця там гэта краіна стала для мяне роднай. З асаблівай шчымлівасцю ў сэрцы ўспамінаю горад Бахмут (да 2014 года Арцёмаўск), яго жыхароў. Там я пакінула любоў да бахмутаўскіх кварталаў, прыгожых і шматлюдных. Таксама любоў да родных і сяброў, якія заўсёды вызначаліся гасціннасцю, сяброўствам, весялосцю. Паверце, вельмі прыемна было проста гуляць па вуліцах майго горада, дзе нямала кафэ і розных забаў. А ў выхадныя дні мы збіраліся вялікай кампаніяй, каб правесці ўік-энд на загарадных турыстычных базах. Або ўвогуле цэлым караванам выязджалі на мора — у Марыупаль або Бярдзянск.
Складана сказаць, ці можна было гэта ўсё захаваць. Не па сілах простым людзям даваць парады палітыкам. Застаецца толькі самастойна спраўляцца з бядой. Як прызнаецца Алена, яна бачыла для сваёй сям’і некалькі выйсцяў. Першымі напрамкамі выезду, якія разглядала жанчына, былі Чэхія і Польшча, дзе раней абаснаваліся сваякі. Вось толькі гэта краіны з іншай культурай, звычаямі. А для таго, каб працаўладкавацца на годную працу, трэба ведаць адпаведна чэшскую або польскую мовы.
— Знаёмыя, якія амаль дзесяць гадоў таму паехалі ў Беларусь, запрасілі сюды. Дагэтуль ніколі не была ў вашай краіне, але з першых дзён не пашкадавала, што выбрала такі варыянт, — прызнаецца жанчына.
Мінула амаль паўгода, як Алена прыехала ў нашу краіну, але па-ранейшаму параўноўвае «там» і «тут». Па словах жанчыны, ёсць нямала падобнага: прыгожыя і мірныя гарады, даступнае жыллё, ёсць і вакантныя працоўныя месцы. Бясспрэчна, што не ўсім удаецца знайсці месца па сваёй спецыяльнасці, але той, хто жадае, у Беларусі не застаецца беспрацоўным. У гэтым Алену пераконвалі сябры, яна паверыла, а потым і праверыла праўдзівасць гэтага. А яшчэ жанчыну ўразілі беларускія людзі.
— З першых дзён маёй сям’і аказвалі дапамогу валанцёры — ежай, рэчамі, сродкамі гігіены. І зараз заўсёды дзіўлюся шчырасці беларусаў, з якімі даводзіцца мець адносіны. Напрыклад, дачцэ вельмі падабаецца вучыцца ў трэцяй гарадской школе. Словам, пераканаліся, што ў Беларусі жыве ў пераважнай большасці вельмі міралюбівы народ. Бачу, у вас таксама ёсць многае, што можа быць страчана разам з нацыянальным адзінствам.
Сапраўды, не так і дрэнна кіравацца ў жыцці штампамі, інакш іх называюць народнай, а часам і Божай мудрасцю. Нямала падказак дае нам сучаснае жыццё, на жаль, некаторыя з іх можна ўзяць з нашай нядаўняй гісторыі. Дык навошта рабіць уласныя памылкі, набіваць гузы там, дзе прасцей вырашыць усё ўсмешкай ці добрым словам?
Алег Сідарэнка. Фота Уладзіслава Шпарлы