Прадукцыя швейнага цэха філіяла райспажыўтаварыства «Гандлёвы цэнтр» добра вядома. Майстрыхі раённай кааперацыі выдатна асвоілі пашыў мужчынскіх касцюмаў і спецадзення, на «ўра» пружанцы купляюць і пашытыя іх рукамі наборы пасцельнай бялізны. Але зараз цэх перакваліфікаваўся на пашыў гігіенічных масак з мэтай забяспечыць гэтымі ахоўнымі сродкамі работнікаў раённай спажывецкай кааперацыі.
— Спецыфіка прафесіі гандлёвага работніка заключаецца ў тым, што кожны дзень даводзіцца кантактаваць з сотнямі людзей,— тлумачыць начальнік участка рознічнага гандлю В.А. Яскунова.— Каб пазбавіць нашых работнікаў неабходнасці шукаць маскі, і было вырашана наладзіць самастойны іх выпуск і выдачу ў патрэбнай колькасці кожнаму.
Для прафесіянала асвоіць пашыў сродку індывідуальнай аховы нескладана. Прадпрыемству дастаткова было набыць матэрыялы і фурнітуру, каб адразу прыступіць да выпуску. На сённяшні дзень (8.04) ужо выраблена 1600 масак, кожная з якіх мае стэрыльную ўпакоўку.
Як расказвае майстар-кантралёр швейнага цэха Г.А.Калешка, пакуль рабілі маскі з марлі, але вырашылі паспрабаваць шыць іх і з бязі, каб даць работнікам магчымасць выбару найбольш падыходзячага варыянта. Тым больш, што маскі шматразовыя, вытрымліваюць мыццё і прасаванне.
Безумоўна, жыхарам раёна было б вельмі зручна, каб майстрыхі наладзілі масавы выпуск і пусцілі сваю прадукцыю ў продаж. Ведаюць гэта і ў філіяле. Ужо падрыхтаваны адпаведныя дакументы.
— Для правядзення сертыфікацыі яны накіраваны ў абласны цэнтр, адкуль і чакаем дазволу,— паведамляе Ганна Аляксандраўна.— Пасля чаго пружанскія маскі паступяць у продаж па даступнай для пружанцаў цане.
Алег Сідарэнка. Фота аўтара.