Здараецца, што падчас судовых пасяджэнняў даводзіцца вырашаць неадназначныя справы. Крадзеж, рабаўніцтва і іншыя злачынствы, хуліганства, абраза сярод адміністрацыйных правапарушэнняў пры наяўнасці доказаў заканадаўствам кваліфікуюцца поўнасцю. Але сярод іншых негатыўных учынкаў ёсць выпадкі, калі даводзіцца разбірацца больш падрабязна.

Напрыканцы мінулага года ў адной з дашкольных устаноў раёна адбылося надзвычайнае здарэнне. Выхавальніца, імкнучыся супакоіць капрызнае дзіця, прычыніла малому цялесныя пашкоджанні без кароткачасовага расстройства здароўя. Хлопчык адмовіўся выконваць просьбу дарослага і, дэманструючы характар, лёг на падлогу. Выхавальніца, падымаючы малога, пакінула на яго руках сінякі. Гэта стала падставай для абурэння бацькоў, якія звярнуліся ў праваахоўныя органы. Падчас расследавання выпадку кіраўніцтва ўстановы прыцягнула спецыяліста да дысцыплінарнай адказнасці ў выглядзе вымовы. Але праваахоўнікі не ўгледзелі віны выхавальніцы, таксама як і наўмыснага перавышэння паўнамоцтваў. Кіруючыся гэтым, кіраўніцтва дзіцячага садка зняла дысцыплінарнае спагнанне з работніка.
Вось толькі кропку ў такой справе ставіць нельга. Парушэнне інструкцый падчас выканання службовых абавязкаў было відавочна. Да таго ж, бацькі былі вымушаны звяртацца па дапамогу да псіхіятра, бо дзіця адмаўлялася ісці ў садок з-за пачуцця страху. У выніку, нягледзячы на тое, што спецыяліст дашкольнай установы ўжо звольнілася, на пачатку сакавіка гэты выпадак быў разгледжаны на пасяджэнні суда як грамадзянская справа па аднаўленні маральнага ўрону.
На падставе арт. 937 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь юрыдычная асоба або грамадзянін аднаўляе ўрон, які быў прычынены падчас выканання працоўных (службовых) абавязкаў. Кіруючыся гэтай фармулёўкай, а таксама тым, што факт быў устаноўлены яўна, далучаны паказанні псіхолага і медыцынскіх работнікаў, суд пры разглядзе справы прыйшоў да высновы, што іскавыя патрабаванні аб спагнанні кампенсацыі шкоды належаць задавальненню.
Рашэннем суда з адказчыцы на карысць непаўналетняга, інтарэсы якога прадстаўляла ісціца, спагнана 1500 рублёў. Трэба адзначыць, што рашэнне раённага суда было абскарджана кіраўніцтвам дашкольнай установы, дзе працавала адказчыца. Аднак вызначэннем судовай калегіі па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда ўсё было пакінута без змяненняў, а апеляцыйная скарга — без задавальнення. Рашэнне суда ўступіла ў законную сілу.
Ігар Жытко, суддзя раёна