![](https://www.budni.by/wp-content/uploads/2025/01/белта1.jpg)
Змен у сацыяльна-эканамічным жыцці нашага грамадства адбываецца нямала. Сярод іх — павышэнне базавай велічыні да 42 рублёў. А яшчэ поўнасцю заканчваецца абмен грашовых купюр узору 2009 года на тыя, якімі мы карыстаемся ўжо з 2016 года. Яшчэ па 31 снежня 2024 года старыя банкноты можна было абмяняць у Нацбанку, а цяпер яны могуць зацікавіць толькі калекцыянераў… гадоў праз 20. Дарэчы, за 1 «вавёрачку» ўзору 1992 года зараз нумізматы гатовы заплаціць каля 10 рублёў.
Расце заработная плата. А ў каго?
Саветам Міністраў 30 кастрычніка 2024 года прынята пастанова № 801 «Аб памеры базавой стаўкі». Згодна з гэтым дакументам, з 1 студзеня памер БС складзе 270 рублёў. Дагэтуль ён складаў 253 рублі.
Нагадаем, што базавая стаўка ўяўляе сабой асноўны элемент тарыфнай сістэмы, на аснове якой адбываецца аплата працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых устаноў, якія атрымліваюць субсідыі або работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да бюджэтнай галіны. Такім чынам, з
1 студзеня бягучага года зменены стымулюючыя і кампенсацыйныя выплаты асобным катэгорыям работнікаў педагагічнай, медыцынскай, культурнай сфер і сацыяльнага абслугоўвання.
Сацыяльныя гарантыі павышаюцца
З 1 студзеня ўступіў у дзеянне Указ № 402 «Аб сацыяльнай падтрымцы», які падпісаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
29 кастрычніка 2024 года.
Прадугледжваецца, у прыватнасці, адмена абмежаванняў на памер пенсіі пенсіянерам, якія працуюць, што дазволіць павысіць эфектыўнасць выкарыстання на рынку працы асоб пенсійнага ўзросту.
Яшчэ ўстанаўліваецца далейшае зніжэнне страхавога стажу з 10 да 5 гадоў маці, якія нарадзілі і выхавалі 4 і больш дзяцей. Дадатковыя гарантыі па назначэнні датэрміновай пенсіі (на 5 гадоў раней) атрымліваюць таты дзяцей-інвалідаў, якія ажыццяўляюць выхаванне і догляд дзіцяці без удзелу маці. А для дзяцей-інвалідаў прадугледжана павышэнне да атрымліваемай пенсіі ў сувязі са смерцю аднаго з бацькоў.
Указам таксама спрашчаецца працэдура збору дакументаў аб заробку для налічэння пенсіі, аптымізуюцца тэрміны падавання заяў. У дадатак для асобных катэгорый грамадзян (з асаблівасцямі здароўя, якія жывуць з інвалідам I групы або даглядаюць дзіця-інваліда) захоўваецца права атрымання пенсіі праз паштовае аддзяленне сувязі.
Адказнасць за братоў меншых
З 1 студзеня ў Беларусі пачаў дзейнічаць новы Закон, які прадугледжвае сур’ёзныя наступствы для тых, хто здзекваецца з жывёл.
Адна з ключавых змен — прызнанне жорсткім абыходжаннем не толькі тых дзеянняў, якія ўжо нанеслі шкоду жывёле, але і тых, якія могуць патэнцыйна такую шкоду нанесці. Дарэчы, улічвацца будуць як фізічныя, так і псіхалагічныя пакуты жывёлы. Дагэтуль прыцягнуць да адказнасці гаспадара за тое, што ён палохае ці не корміць гадаванца, было немагчыма. А з 2025-га гэта стануць трактаваць як «наўмысныя дзеянні, якія могуць нанесці шкоду здароўю жывёлы». Калі яны пацвердзяцца (з дапамогай паказанняў сведак або відэазапісаў), парушальніку можа пагражаць як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць.
Важным новаўвядзеннем з’яўляецца таксама магчымасць канфіскацыі пацярпелай жывёлы ў нядобрасумленнага ўладальніка, хаця раней яе можна было толькі выкупіць.
Большай стала мінімалка
З 1 студзеня мінімальная заработная плата (МЗП) павялічылася на 100 рублёў і склала 726 рублёў. Наймальнікі, уключаючы таварыствы ўласнікаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, абавязаны ўжываць дадзены сацстандарт у якасці самай нізкай мяжы аплаты працы. Таксама МЗП ужываецца ў стаўленні да супрацоўнікаў, якія працуюць па працоўных дамовах.
Змены для маладых мам
Карэктывы закранаюць будучых мам, якія працуюць па працоўных дамовах або кантрактах менш за шэсць месяцаў. З 1 студзеня для іх вырасце памер дапамогі па цяжарнасці і родах. Яна павялічыцца з 50% БПМ (Br218,9) да 100% мінімальнай заработнай платы (Br726). Такая магчымасць даецца тым маладым маці, у якіх у разліковым перыядзе (ён складае 18 месяцаў) страхавыя ўзносы ў ФСАН выплачваліся з сум не ніжэй за памер мінімальнай зарплаты.
Бальнічныя на дзяцей — удвая больш
Павялічваецца мінімальны памер дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці.
Для застрахаваных асоб, якія не маюць шасці месяцаў стажу работы, бальнічныя выплаты вырастуць з 50% БПМ да 100% мінімальнай зарплаты.
«Дзіцячыя» пасля трохгадовага ўзросту
Такія дапаможныя выплаты на дзяцей старэйшых за тры гады змогуць атрымліваць асобныя катэгорыі сем’яў. Дадзена права на прызначэнне падобных выплат сем’ям з непаўналетнімі дзецьмі, у якіх дзіця-інвалід з першай групай інваліднасці дасягнула 18 гадоў і адзін з бацькоў замацаваны за ім з атрыманнем дапамогі па доглядзе. Яшчэ атрымліваць сацыяльную падтрымку на дзіця старэйшае за тры гады змогуць таксама жанчыны, калі бацька, абавязаны выплачваць аліменты, праходзіць тэрміновую вайсковую ці альтэрнатыўную службу.
Беспрацоўным — задумацца!
На айчынным рынку працы склалася кур’ёзная сітуацыя: пры росце колькасці вакансій працэнт беспрацоўнага насельніцтва не адзін год застаецца нязменным — 3%.
Але Закон, які ўступіў у сілу з 1 студзеня, закліканы матываваць беспрацоўных хутчэй шукаць працу. Таму з 18 месяцаў да 12 скарачаецца перыяд знаходжання на ўліку ў службе занятасці, а перыяд выплаты дапамогі па беспрацоўі па агульным правіле скарачаецца з 6 да 3 месяцаў.
Паўгода змогуць атрымліваць выплаты толькі тыя беспрацоўныя, якім да дасягнення пенсійнага ўзросту засталося не больш за 5 гадоў, а таксама асобы, якія пражываюць на тэрыторыі 23 раёнаў з напружанай сітуацыяй на рынку працы.