Вторник, 23 июля 2024

Што змянілася ў праходжанні дыспансерызацыі для жыхароў Пружаншчыны? Інтэрв’ю з загадчыцай паліклінікі Вольгай Барысюк

460

З 1 студзеня 2024 года ўступілі ў сілу змяненні па пытаннях дыспансерызацыі насельніцтва, зацверджаныя пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 30 жніўня 2023 года № 125. Што змянілася з гэтай нагоды для жыхароў нашай рэспублікі ў цэлым і Пружаншчыны ў прыватнасці? З пытаннем мы звярнуліся да загадчыцы паліклінікі Вольгі Барысюк.

— У першую чаргу, напэўна, тое, што больш дакладна вызначаны тэрміны, схемы і парадак правядзення дыспансерызацыі. У той жа час, як і раней, дыспансерызацыя накіравана на прафілактыку хвароб, прапаганду здаровага ладу жыцця, выяўленне ў насельніцтва хранічных неінфекцыйных захворванняў на ранніх стадыях.

— Сёння мы гаворым пра дарослае насельніцтва. Якія групы ахоплівае дыспансернае назіранне?

— Фактычна, градацыя дарослых зроблена толькі на дзве групы. Асобы з 18 да 39 гадоў павінны прайсці дыспансерызацыю адзін раз у тры гады (такім чынам, тыя, хто зрабіў гэта ў 2023 годзе, наступны раз падлягаюць дыспансерызацыі толькі ў 2026-м). Тыя, хто дасягнуў 40 гадоў, і старэйшыя — адзін раз на год.

— Вольга Паўлаўна, колькі часу зойме праходжанне дыспансерызацыі?

— Працоўны кодэкс дапоўнены новым артыкулам 1031, згодна з якім людзям для праходжання дыспансерызацыі гарантуецца права на вызваленне ад работы з захаваннем месца працы і сярэдняга заробку. Пры гэтым агаворана, што дыспансерызацыю на працягу аднаго рабочага дня праходзяць асобы працаздольнага ўзросту. А для тых, хто дасягнуў агульнапрынятага пенсіённага ўзросту або каму засталося да пенсіі пяць гадоў, прадугледжаны два рабочыя дні. Зразумела, канкрэтныя дні патрэбна ўзгадняць з наймальнікам.

У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнік накіроўвае свайго працаўніка на дыспансерызацыю па папярэднім запісе, які ажыццяўляецца па тэрытарыяльным прынцыпе. Грамадзяне, замацаваныя за Пружанскай паліклінікай, накіроўваюцца спачатку ў рэгістратуру ці да ўчастковага ўрача.

Адразу параю: каб не губляць час, лепш, калі пацыенты, работнікі арганізацый і іх наймальнікі спачатку азнаёмяцца з інфармацыяй на сайце Пружанскай ЦРБ (http://prcrb.by/zozh/928, раздзел «Дыспансерызацыя»).

— З чым давядзецца сутыкнуцца пацыентам непасрэдна падчас дыспансерызацыі?

— Медыцынскія работнікі праводзяць не толькі медагляд, але і анкетаванне пацыентаў для выяўлення фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў. Па іх выніках пры патрэбе прызначаюцца даследаванні (агульныя аналізы крыві, мачы, вызначэнне ўзроўню глюкозы крыві, электракардыяграфія і інш.).

Абавязкова тым, каму споўнілася 50, 57, 64 гады, трэба здаць аналіз калу на ўтоеную кроў. Мужчыны ва ўзросце 45-65 гадоў раз у два гады павінны здаць аналіз на вызначэнне прастатспецыфічнага антыгена (ПСА).

Што тычыцца абследавання жанчын, то ў назіральным кабінеце праводзіцца абавязковы агляд тых, каму споўнілася 30, 35, 40, 45, 50, 55, 60 гадоў. Жанчыны ад 49 да 58 гадоў раз у тры гады павінны зрабіць мамаграфію абедзвюх малочных залоз у дзвюх праекцыях.

Парады, як падрыхтавацца да даследаванняў, таксама ёсць на сайце Пружанскай ЦРБ. Усю патрэбную інфармацыю можна атрымаць і ў медустанове па месцы жыхарства.

Дадам, што клопат пра здароўе, шаноўныя пружанцы, — гэта не «капрыз» ці «прыдумка» медыкаў — гэта абавязак кожнага. Так, многія не цэняць здароўе, калі яно ёсць, і пачынаюць задумвацца толькі тады, калі яго губляюць. Таму нават у Законе Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя» агаворана, што пацыент абавязаны клапаціцца пра сваё здароўе, прымаць своечасовыя меры па яго захаванні і ўмацаванні. Дыспансерызацыя дысцыплінуе, прымушае людзей звярнуць увагу на сябе, нават калі нічога не турбуе, і адначасова дапамагае медработнікам выявіць трывожныя сігналы.

Так што любіце сябе, беражыце свой арганізм і проста будзьце здаровы!

Гутарыла Ірына Сядова