Четверг, 25 апреля 2024

Што здарылася з Прыгожыным і ці стаіць за гэтым Пуцін? Лукашэнка адказаў на ўсе ўкіды і фэйкі

21

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 жніўня наведаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Пасля працяглай нарады аб будучыні вядучай ВНУ краіны кіраўнік дзяржавы сустрэўся з журналістамі і адказаў на галоўныя пытанні, якія выклікала ў людзей трагічнае здарэнне з самалётам заснавальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына. БЕЛТА прыводзіць заявы Прэзідэнта.

Што здарылася з самалётам Яўгена Прыгожына?

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што не можа адказаць на гэта пытанне: на месцы здарэння ён не быў. Але і абвяргаць са стапрацэнтнай упэўненасцю Прэзідэнт нічога не можа.

«Адзінае, я пачынаю думаць: ракета збіла, узрыў на борце… Вы ведаеце, што такое збіла ракета? Гэта ж толькі галоўнакамандуючы можа даць каманду ваенна-касмічным сілам штосьці зрабіць. Далей дадуць каманду нейкаму канкрэтнаму падраздзяленню. А той дасць каманду разліку канкрэтнаму. Разумееце, колькі людзей задзейнічана? Які ідыёт гэта будзе рабіць. Хоць я і гэтага не адмаўляю: чорт яго ведае, можа, нейкія там вар’яты вырашылі гэта. Але не веру», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Тое, што хвост адарваўся, ужо дакладна пацверджана. Значыць, хутчэй за ўсё, быў узрыў на борце. Хто гэта ажыццявіў, я асабіста не ведаю», — дадаў Прэзідэнт.

За замахам на Прыгожына стаіць Пуцін?

Тут адказ у кіраўніка дзяржавы адназначны: расійскі Прэзідэнт не можа стаяць за гэтым. Так, цяпер стануць даказваць адваротнае і паспрабуюць усё павесіць на Уладзіміра Пуціна. Але, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, расійскі лідар тут ні пры чым.

«Я не стану адвакатам нават у свайго старэйшага брата. Але я ведаю Пуціна. Гэта разважлівы, вельмі спакойны і нават павольны чалавек, прымаючы рашэнні па іншых, менш складаных пытаннях. Таму я не магу ўявіць, што гэта зрабіў Пуцін, што вінаваты Пуцін. Вельмі грубая, непрафесійная работа, калі ўжо на тое пайшло. Гэта не падобна на Пуціна, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Але, што там ні здарылася б, як ні здарылася б, усё роўна гэта зваляць на Пуціна. У нас сістэма ўлады, што ў Беларусі, што ў Расіі, такая: здарылася нейкая гадасць, хто вінаваты — Лукашэнка вінаваты, навошта доўга шукаць. Гэтак жа і на яго. Але я гавару: гэта грубая, брыдкая, ненармальная работа. І я далёкі ад таго, каб думаць, што гэта зрабіў Пуцін, камусьці ён даручыў, улада гэта зрабіла».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прыняць рашэнне аб знішчэнні самалёта для кіраўніка дзяржавы было б сапраўдным вар’яцтвам, а Уладзімір Пуцін не такі.

«Ведаючы Пуціна, наколькі ён асцярожны, акуратны, не веру, што ён будзе гэтым займацца. І потым. Для кіраўніка дзяржавы такой гэта вар’яцтва. Ён не вар’ят. Я далёкі ад таго, каб яго рабіць белым і пушыстым. У нас работа такая, «гадкая». Я не раблю яго белым і пушыстым, але ведаю, што ўсё будзе звалена на яго. Так яно і атрымліваецца. Захад пачаў крычаць, падпяваць яму пачалі іншыя, што «вось, Пуцін, шкодны і злапамятны». Як бы ні было, што ні адбывалася б, час пакажа. Пройдзе час, мы ўсё даведаемся. Гэта ўтаіць у сучасны час немагчыма. Але тое, што адбылося, брыдка. Для мяне гэта непрымальна. Яшчэ і з таго пункту гледжання: усе мы мужыкі, вайна ёсць вайна, але ў чым вінаватыя трое пілотаў, сцюардэса? Там жа палавіна людзей, якая наогул да гэтага «маршу справядлівасці» не мела дачынення. Таму я гэтага не разумею і не прымаю. Гэта недапушчальна», — падкрэсліў беларускі лідар.

Што Лукашэнка абяцаў Прыгожыну?

«Калі прама адказваць на гэта пытанне: я і не павінен забяспечваць бяспеку Прыгожына. Гэта па-першае. Па-другое, ніколі ў такім ключы размова і не ішла», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў час перагавораў з Яўгенам Прыгожыным абмяркоўвалася два пытанні: спыненне крымінальных спраў у адносінах да вагнераўцаў і іх вывад у Беларусь. «Гэта я прапанаваў. Гавару: «Калі вы чагосьці баіцеся, я буду размаўляць з Прэзідэнтам Пуціным, мы вас выведзем у Беларусь. Мы вам гарантуем у Беларусі поўную бяспеку». І трэба аддаць належнае, Жэня Прыгожын ніколі не прасіў мяне асобна ўдзяліць увагу пытанням бяспекі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Я вам проста прывяду яшчэ адзін прыклад. Апошні раз, калі мы ляталі ў Эміраты, да мяне паступіла вельмі сур’ёзная інфармацыя ад крыніц, глыбей за якія не бывае, аб замаху на Яўгена Прыгожына. На працягу дзвюх гадзін (я даручыў) знайшлі пасла Расіі ў Эміратах, выклікалі яго да мяне. Я перадаў яму шыфраграму ў Крэмль Пуціну і Бортнікаву аб рыхтуемым замаху на Прыгожына», — падзяліўся інсайдамі беларускі лідар.

Праз некаторы час Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў у Яўгена Прыгожына, ці дайшла да яго гэта інфармацыя. Заснавальнік ПВК «Вагнер» пацвердзіў, што Прэзідэнт Расіі папярэдзіў яго аб рыхтуемым замаху.

На ўкіды аб тым, што Прэзідэнт Беларусі нібыта не забяспечыў абяцаныя Яўгену Прыгожыну гарантыі бяспекі, Аляксандр Лукашэнка рэагуе спакойна. «Трэба ж нешта пісаць. Каб мяне недзе ўкалоць і гэтак далей. Не больш таго. Гэта ж неразумна. Учора сказалі — палавіна тых, хто прачыталі, адразу пасмяялася. А астатняя палавіна праз дзень падумала: «Прычым тут Лукашэнка? Як ён мог у Афрыцы (а Прыгожын ляцеў з Афрыкі) забяспечыць яму бяспеку? А потым ён прызямліўся ў Маскве і паляцеў у Піцер. Як я мог яму забяспечваць гэту бяспеку? Таму гэта пытанні не да мяне. Тым больш такой размовы ніколі не было — забяспечваць бяспеку на чужой тэрыторыі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На сваёй тэрыторыі беларускі бок выканаў усё абяцанае ўдзельнікам ПВК «Вагнер» і нават больш таго, звярнуў увагу Прэзідэнт. «Яны не маюць ніякіх прэтэнзій, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Учора старшыня КДБ звязаўся з імі па маім даручэнні і ад мяне перадалі ім толькі адзін мэсэдж: усё, аб чым мы з Прыгожыным дамаўляліся, мы выканаем».

Ці застануцца вагнераўцы ў Беларусі пасля таго, што здарылася?

«Вагнер» жыў, «Вагнер» жыве і «Вагнер» будзе жыць у Беларусі, як бы некаму гэта ні не хацелася. Мы яшчэ з Прыгожыным выбудавалі сістэму, як будзе ў нас размяшчацца «Вагнер». І гэтыя здымачкі з космасу, што мы нешта дэманціруем… Чаму мы лішнія палаткі прыбіраем — столькі не трэба. Тут застаецца ядро, нехта паехаў у водпуск, нехта наогул вырашыў жыць убаку, але тэлефоны, адрасы, паролі, яўкі ў гэтым ядры вядомыя. На працягу некалькіх дзён усе будуць тут, да 10 тысяч чалавек. Цяпер няма неабходнасці іх тут трымаць. Яны будуць прыязджаць сюды пэўнымі партыямі на падрыхтоўку. Калі Расія захоча адсюль браць людзей на ратацыю ў Афрыку, калі ласка, мы не супраць, няхай тут знаходзяцца тыя людзі. Мы дапамагаем і падтрымліваем іх, таму нікуды яны не бягуць. Столькі, колькі нам трэба і гэтаму падраздзяленню, яны будуць у нас жыць і працаваць. Сваё абяцанне мы выканаем, умовы яны ведаюць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама развянчаў міф пра прылёт у Беларусь расійскага ваенна-транспартнага борта пасля здарэння з самалётам Яўгена Прыгожына. Такі запыт, расказаў Прэзідэнт, сапраўды быў, але пакуль у Беларусь ніхто не прылятаў.

«Вагнераўцы (тое, што з Расіяй было ўзгоднена, дакладна) папрасілі ў нас пралёт на нашы аэрадромы, каб забраць для ратацыі байцоў, я думаю, у Афрыку, і нейкае абмундзіраванне, абсталяванне і гэтак далей. Калі ласка, сядайце, забірайце. Гэта мною было абяцана, гарантавана. Гэта першае. Другое — ніякіх самалётаў не было. Таму хлусня. Але запыт такі быў. Прыйшоў ён нам 21-га чысла», — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, і беларускія ваеннаслужачыя з задавальненнем пераймаюць вопыт у вагнераўцаў, асабліва ўнутраныя войскі і спецыяльныя падраздзяленні. «Непрымання няма, вось што мяне здзівіла. Усялякае можа быць, таму ўспрымаюць усё, — заявіў беларускі лідар. — Я апасаўся (чытаў жа вашы і вашых калег пісанні): гэта зэкі, гэта такія, гэта сякія. Слухайце, цераз дарогу бабулю перавядуць, у магазіне здачу не бяруць. Дзіўныя людзі. Жалезная дысцыпліна. Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць. Мы ж іх трымаем не дзеля задавальнення тут, а дзеля карысці. І сістэму ж выбудавалі так, каб усё было пад кантролем».

БЕЛТА