Воскресенье, 12 января 2025

Што хвалюе жыхароў аграрагарадка Шані і бліжэйшых населеных пунктаў? Паказаў Дзень сельсавета

376

Выніковае пасяджэнне ў рамках Дня Шаняўскога сельсавета прайшло ў вялікай зале райвыканкама. На ім быў разгледжаны шэраг пытанняў, якія датычацца вышэйназванага сельсавета, а таксама заслуханы даклад аб выкананні пратакола даручэнняў па выніках правядзення Дня Ружанскага сельсавета ад 26 кастрычніка 2021 года. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец звярнуў увагу прысутных на той момант, што падобны від узаемадзеяння з сельсаветамі актуальны і прыносіць карысць, бо дае магчымасць бачыць праблемы людзей.

Пра тое, што было зроблена па пратаколе даручэнняў, расказала старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Юркоўская. Згодна з ім, на рамонт ДУА «Варанілавіцкі ВПК д/с-СШ» з мясцовага бюджэту выдзелена 14,1 тыс. рублёў, рамонт пешаходных дарожак плануецца выканаць за сродкі ўстановы адукацыі. Ружанскім сельвыканкамам ліквідаваны несанкцыянаваныя звалкі ў г.п. Ружаны і ў в. Далкі, своечасова адноўлены парушаныя землі на тэрыторыі агульнага карыстання паміж вул. Садовай і зав. К. Марача ў г.п. Ружаны. УАЗ «Пружанская ЦРБ» таксама амаль поўнасцю выканала свае работы: рамонт коміна і даху Малочкаўскага ФАПа, на тэрыторыі Ружанскай паліклінікі ўсталяваны знак «Уезд забаронены», рамонт Далкоўскага ФАПа запланаваны на кастрычнік 2022 года. КУВП «Камунальнік» завяршыў будаўніцтва каналізацыйных сетак па вул. Набярэжнай у г.п. Ружаны, у снежні 2021 года набыта і ўсталявана новая навагодняя ілюмінацыя па перыметры дахаў жылых дамоў па вул. Савецкай і Урбановіча ў г.п. Ружаны, уведзены ў штатны расклад азеляняльнік на Ружанскі ўчастак. Часткова знята пытанне па ўсталяванні знадворнай ілюмінацыі на адміністрацыйных будынках у г.п. Ружаны. ААТ «Ружаны-Агра» ў вызначаныя тэрміны выкананы работы па аднаўленні парушаных зямель пасля зносу будынка школы ў аг. Калазубы, ліквідавана забалочанасць мясцовасці ад жывёлагадоўчых сцёкаў на МТК «Бярэзніца», унутрыгаспадарчы кар’ер каля в. Загалічы поўнасцю ачышчаны ад бытавога смецця. Замежным вытворчым унітарным прадпрыемствам дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб адходах.

Аксана Уладзіміраўна адзначыла, што зроблена шмат, але не ўсё з запланаванага. Напрыклад, патрэбна завяршыць добраўпарадкаванне могілак у аг. Варанілавічы. Не ўсе ружанскія прадпрыемствы надаюць належнае значэнне афармленню клумбаў. Неабходна ўдзяліць больш увагі і добраўпарадкаванню зоны адпачынку на возеры Паперня.

Экскурс па Шаняўскім сельсавеце правёў старшыня сельвыканкама Сяргей Лапука. Ён расказаў пра тое, як наладжана работа з насельніцтвам, якія формы прымяняюцца, на які вынік працуюць.

Сяргей Іванавіч акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што сур’ёзнымі памочнікамі ў гэтай рабоце з’яўляюцца мясцовыя дэпутаты і старасты вёсак, якія па магчымасці стараюцца вырашаць праблемы сваіх аднавяскоўцаў. З імі праводзяцца рэйды па нядобранадзейных сем’ях, вядзецца тлумачальная работа наконт здаровага ладу жыцця.

Вялікая ўвага ўдзяляецца пытанню добраўпарадкавання населеных пунктаў: прыбіраюцца могілкі і воінскія пахаванні, вырэзваюцца аварыйныя дрэвы, праводзяцца суботнікі, падчас якіх вядзецца збор смецця. Значную дапамогу ў рабоце аказвае ААТ «Шані-аграпрадукт», гаспадарка займаецца ачысткай тэрыторый ад дзікарослай расліннасці, уводзіць у севазварот пустуючыя землі. Не застаецца ўбаку і пры правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў.

Наступным крокам у рабоце пасяджэння было выступленне кіраўнікоў груп, праца якіх была арганізавана на тэрыторыі Шаняўскога сельсавета.

Згодна з інфармацыяй першай групы, былі праведзены абследаванні вытворчых аб’ектаў усіх формаў уласнасці, праверка выкарыстання зямель. Звярталася ўвага, што некаторым участкам патрэбна ачыстка, не знята пытанне аб разборы завалаў у лясных масівах. Вытворчыя тэрыторыі ў в. Клятное знаходзяцца ў аварыйным стане, і тут таксама трэба прыкласці рукі.

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук, які курыруе жыллёва-камунальную гаспадарку і будаўніцтва, вёў размову пра знос пустуючых дамоў, асфальтаванне дарогі да в.Гарадзечна. Таксама ўздымалася пытанне ўтрымання ў належным стане могілак. У прыклад прыводзіліся могілкі ў Гарадзечне, дзе яшчэ патрэбна правесці шмат работ. Адзначалася недастатковая колькасць кантэйнераў для смецця і праблема з якасцю пітной вады.

Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, які курыруе сацыяльную сферу, акрэсліў шэраг пытанняў адносна Шаняўскога ФАПа (яго рамонт, абнаўленне шыльды). Сталовая ААТ «Шані-аграпрадукт» таксама патрабуе рамонту, тым больш, што ў ёй харчуюцца і навучэнцы ДУА «Шаняўская СШ імя М. Засіма». Што да гісторыка-культурных каштоўнасцей, то ўвагу трэба звярнуць на дах капліцы ў в. Паддубна.

Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Ханавец адзначыла, што група пад яе кіраўніцтвам чатыры разы выязджала ў сельсавет для работы па сваім накірунку. Выяўленыя недахопы ўжо выпраўлены. Але яшчэ патрэбна звярнуць увагу на таварнае суседства ў магазінах, палепшыць асартымент.

У прадстаўнікоў РАУС і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама падчас праверак пытанняў не ўзнікла. Было адзначана, што па гэтых накірунках работа наладжана належным чынам.

Агучаныя праблемы і пытанні ўзяты на кантроль.

Падрыхтаваў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік.