Воскресенье, 19 января 2025

Што хвалюе ружанцаў? Наш вялікі матэрыял з Дня Ружанскага сельсавета

549

У аўторак у г.п.Ружаны прайшоў Дзень сельсавета. У рамках падрыхтоўкі да мерапрыемства, якое стала ў раёне традыцыйным, на працягу тыдня на Ружаншчыне працавала пяць аналітычных профільных груп. Яны прааналізавалі эфектыўнасць работ па добраўпарадкаванні, ацанілі ўзровень гандлёвага і паштовага абслугоўвання ў сельсавеце, праверылі якасць работы ў сацыяльнай сферы і намецілі шляхі ліквідацыі выяўленых недахопаў.

Характэрна, што перад выніковым пасяджэннем у пяці пунктах сельсавета: у Ружанскім сельвыканкаме, у ААТ «Ружаны-Агра», у аграгарадках Варанілавічы і Калазубы, а таксама ў санаторыі «Ружанскі» — былі арганізаваны прыёмы грамадзян, якія вялі старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун, яго першы намеснік Т.А.Вараб’ёва, якая курыруе пытанні сельскай гаспадаркі і харчавання, намеснік па сацыяльнай сферы Р.В.Супрыновіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец, а таксама начальнік аддзялення крымінальнага вышуку РАУС С.В.Курмыса.

На прыёме да старшыні райвыканкама звярнуліся актыўныя жыхары вёсак Далкі і Загалічы, якіх хвалявала пытанне ўтрымання ў асабістых падсобных гаспадарках свіней. Ім былі дадзены тлумачэнні пра ўстаноўлены парадак вядзення падсобных гаспадарак у населеных пунктах, якія знаходзяцца паблізу свінагадоўчых комплексаў.

Акрамя таго, жыхара Ружан хвалявала пытанне вяртання ў гаспадарчы абарот былога гандлёвага аб’екта ў гэтым населеным пункце, а таксама кадравага ўкамплектавання пасёлка прадстаўнікамі праваахоўных структур.

Жыхары Варанілавіч агучвалі пытанні па зносе пустуючых будынкаў, гандлёвым абслугоўванні насельніцва, а таксама аб парадку выплаты дывідэндаў акцыянерам ААТ «Ружаны-Агра».

Актыўных грамадзян аг.Калазубы і в.Юндзілы хвалявала, у прыватнасці, праблема працягласці асвятлення вуліц у вячэрні і начны час, а таксама падвядзення да прыватных домаўладанняў дастатковай колькасці электраэнергіі, неабходнай для ўключэння ацяпляльных электрапрыбораў. Грамадзян цікавілі і перспектывы пракладкі ў іх населеных пунктах сетак газазабеспячэння.

Усе гэтыя пытанні ўзяты на кантроль, і ў бліжэйшы час будуць адпрацоўвацца самыя аптымальныя шляхі іх вырашэння.

Варта таксама адзначыць, што жыхарамі Ружан перад адміністрацыяй сельвыканкама неаднаразова ўздымалася пытанне аб недастатковай, на іх погляд, рабоце праваахоўных органаў па забеспячэнні грамадскай бяспекі ў пасёлку, аднак на арганізаваны прыём да прадстаўніка РАУС ніхто не з’явіўся і прапаноў у дадзеным накірунку не ўнёс.

На выніковым пасяджэнні, якое праходзіла ў пасялковым цэнтры культуры і вольнага часу, быў заслуханы даклад А.А.Краўчук, старшыні Пружанскага сельвыканкама, на тэрыторыі якога праходзіў папярэдні Дзень сельсавета. Алена Аляксееўна далажыла аб выкананні пратакола вынесеных ёй даручэнняў.

Старшыня Ружанскага сельвыканкама А.У.Юркоўская агучыла актуальную інфармацыю аб стане спраў на падведамаснай ёй тэрыторыі. У прыватнасці, увага прысутных была засяроджана на праблеме недастатковага азелянення пасёлка, добраўпарадкавання зоны адпачынку на возеры Паперня, якая значна саступае аналагічным зонам на іншых вадаёмах раёна, уборкі на могілках, асвятлення буйных населеных пунктаў у начны час, абнаўлення зімовай ілюмінацыі на фасадах адміністрацыйных будынкаў прадпрыемстваў і суб’ектаў гаспадарання сельсавета, набыцця навагодняй ёлкі.

Акрамя таго, гаварылася аб неабходнасці абсталявання рынку ў Ружанах, аб праблеме адлову бадзяжных жывёл з прычыны адсутнасці спецыяліста.

У асноўнай частцы пасяджэння актыў сельсавета быў азнаёмлены з вынікамі праверак, якія праводзілі рабочыя групы. Нам хочацца спыніцца больш падрабязна як на станоўчых момантах, адзначаных кожным з дакладчыкаў, так і на праблемных пытаннях, якія патрабуюць вырашэння.

З даклада першага намесніка старшыні райвыканкама Т.А.Вараб’ёвай, кіраўніка рабочай групы № 1, якая маніторыла праблемы выкарыстання прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Што зроблена
У ходзе абследавання ўстаноўлена, што суб’ектамі гаспадарання праводзіцца пэўная работа па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на падведамасных тэрыторыях.

У прыватнасці, за 2020 і мінулы перыяд 2021 года ў ААТ “Ружаны-Агра” ўцягнута ў гаспадарчы абарот больш за 39 га зямель, якія раней не выкарыстоўваліся ў сельскай гаспадарцы. У населеных пунктах за аналагічны перыяд — 6,24 га.

У рамках праведзенай раней інвентарызацыі населеных пунктаў устаноўлена 884 пустуючыя зямельныя ўчасткі, плошча якіх складае каля 140 га.

Праведзены работы па рэкультывацыі прамысловага кар’ера РУП “Брэстаўтадар” у раёне в. Карасі на плошчы 1,24 га. Дадзены ўчастак вернуты ранейшаму землекарыстальніку ДЛГУ “Пружанскі лясгас” пад пасадку лесу.

Варта звярнуць увагу!
* На тэрыторыі агульнага карыстання па вул.Леніна ў Ружанах, у водаахоўнай зоне р.Ружанка, а таксама на тэрыторыі агульнага карыстання каля магазіна ў в.Далкі і ўнутрыгаспадарчага кар’ера ў Загалічах былі выяўлены несанкцыянаваныя звалкі камунальных і бытавых адходаў.

* У Ружанах, на землях агульнага карыстання паміж вуліцамі Садовай і Карла Маркса, устаноўлены факт несанкцыянаваных раскопак, а на малочнатаварным комплексе “Бярэзніца” — факт забалочвання мясцовасці жывёлагадоўчымі сцёкамі.

* На тэрыторыі ЗВУП «Бударама» выяўлена парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі.

З даклада намесніка старшыні райвыканкама С.М.Гука, кіраўніка рабочай групы № 2, якая маніторыла праблемы добраўпарадкавання і падтрымання ў належным санітарным стане населеных пунктаў і зямель агульнага карыстання, могілак, дарог

Што зроблена
У ходзе работы было ўстаноўлена, што кіраўніцтвам сельвыканкама вядзецца вялікая работа па падтрыманні ў належным санітарным стане населеных пунктаў і зямель агульнага карыстання, могілак, аўтадарог. Прымаюцца меры па скарачэнні колькасці пустых і старых дамоў, вырашаюцца пытанні лазневага абслугоўвання. Не выяўлена заўваг і па стане дарог. Характэрна, што з пачатку бягучага года кошт работ па ўтрыманні дарог склаў 117,3 тыс. рублёў, па падтрыманні ў парадку вуліц сельскіх населеных пунктаў — 12,2 тыс. рублёў. Выкананы работы па капітальным рамонце жвіровай дарогі-пад’езда ад аўтадарогі Ружаны-Варанілавічы-Астравок да жылых дамоў былога ваеннага гарадка Ласасін. Кошт работ — 216,2 тыс.руб. Зроблены бягучы рамонт участка аўтамабільнай дарогі Р-85 Слонім-Высокае на агульную суму 206,8 тыс. рублёў. У 2021 г. на ўтрыманне і бягучы рамонт вулічна-дарожнай сеткі ў г.п.Ружаны выдзелена 58,1 тыс.руб.

Прызнаны поўнасцю падрыхтаванымі да зімовага перыяду ўсе аб’екты цеплазабеспячэння, водазабеспячэння і водаадвядзення.

Большасць населеных пунктаў сельсавета забяспечана пітной вадой нарматыўнай якасці. У вёсках Далкі і Паўлава перакладзены 161 м водаправодных сетак са скончаным тэрмінам эксплуатацыі.

Пачаты работы па будаўніцтве сетак каналізацыі ў індывідуальнай жылой забудове па вул. Набярэжнай у г.п. Ружаны.
Згодна з планам, вядуцца капітальныя і бягучыя рамонты жылога фонду. За 9 месяцаў 2021 г. на гэтыя мэты накіравана больш за 123 тыс.руб.

Варта звярнуць увагу!
* На тэрыторыі сельсавета не праведзены работы па ліквідацыі некалькіх вызначаных да зносу дамоў. Прычына — невыкананне дагаворных абавязацельстваў выканаўцам — індывідуальным прадпрымальнікам. Па той жа прычыне ў сельсавеце маруднымі тэмпамі вядзецца валка аварыйных дрэў, якія растуць на землях агульнага карыстання.

* Нявырашаным застаецца пытанне разгрузкі гарадскога пасёлка Ружаны ад інтэнсіўнага патоку транзітнага транспарту шляхам будаўніцтва аўтадарожнага абходу з заходняга боку.

* Практычна на ўсіх могілках патрабуецца рамонт агароджы ці ўсталяванне яе па ўсім перыметры. Неабходна працягваць работы па выдаленні аварыйных дрэў.

* У сямі населеных пунктах сельсавета: у аграгарадку Калазубы, а таксама вёсках Байкі, Далкі, Загалічы, Куляны, Ласасін і Малочкі — у пітной вадзе перавышана ўтрыманне жалеза. Праблема будзе вырашацца, дзякуючы будаўніцтву ў бліжэйшыя гады пяці станцый абезжалезвання вады.

* Патрабуюць нанясення ахоўнага пакрыцця разныя скульптуры, устаноўленыя ў скверы на цэнтральнай вуліцы пасёлка. Пакідае жадаць лепшага і знешні выгляд арыгінальнай лавачкі “Wi-Fi”, размешчанай каля Ружанскага цэнтра культуры і вольнага часу.

З даклада намесніка старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіча, кіраўніка рабочай групы № 3, якая маніторыла работу ўстаноў сацыяльнай сферы сельсавета

Што зроблена
Медыцына. Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва сельсавета ажыццяўляецца на належным узроўні Ружанскай гарадской бальніцай і сямю ФАПамі. У паліклініцы Ружан вядзецца прыём пацыентаў па дзевяці ўрачэбных спецыяльнасцях. Да работы ў медустановах сельсавета прыцягнута 15 маладых спецыялістаў.

Удзяляецца вялікая ўвага ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы бальніцы. За апошнія чатыры гады набыта абсталявання і медыцынскай тэхнікі на суму больш за 769 тыс.руб. Выканана мадэрнізацыя харчаблока на суму больш за 845 тыс. руб.

Адукацыя. На тэрыторыі сельсавета функцыянуе шэсць устаноў адукацыі, якія поўнасцю ўкамплектаваны кадрамі ў адпаведнасці са штатным раскладам. Ва ўсіх выконваюцца сацыяльныя стандарты.

Ва ўстановах дашкольнай адукацыі ўкаранёны новыя формы работы з выхаванцамі, у школах арганізаваны дадатковыя факультатыўныя заняткі. Вядзецца дадатковая работа па пытаннях прафілактыкі захваральнасці і прапаганды здаровага ладу жыцця.

У Ружанскай СШ праведзены капітальны рамонт будынка з мадэрнізацыяй стадыёна на суму больш за 626 тыс. руб. Актыўная работа вядзецца Ружанскім шматпрофільным цэнтрам, які рэалізуе адукацыйныя праграмы па шасці профілях. Характэрна, што разнастайныя аб’яднанні па інтарэсах працуюць і на базе іншых устаноў.

Адзначаны высокі ўзровень выхаваўча-прафілактычнай работы, якая наладжваецца сумесна з інспекцыяй па справах непаўналетніх.

Культура. Пяць устаноў культуры сельсавета поўнасцю забяспечваюць патрэбнасці насельніцтва ў арганізацыі культурнага адпачынку. Гэтаму садзейнічаюць створаныя клубы па інтарэсах, вакальныя калектывы і тэатральна-драматычныя гурткі. У гэтым годзе сіламі калектываў праведзена каля 80 канцэртаў.

Усе бібліятэкі Ружаншчыны камп’ютарызаваны, маюць выхады ў інтэрнэт. Пры бібліятэках працуюць розныя аматарскія аб’яднанні.

Значна павялічыла экспарт паслуг брэндавая культурная ўстанова не толькі сельсавета, але і ўсяго раёна — музей “Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў”. За 9 месяцаў 2021 г. платных паслуг аказана на суму больш за 67 тыс.руб. Прыбытак ад сувенірнай крамы — больш за 16 тыс. руб. Над стварэннем турыстычнага іміджу сельсавета працуе і ААТ “Санаторый “Ружанскі”, у якім у 2021 г. аздаравілася больш за 9 тысяч чалавек, з іх больш за тысячу — замежныя грамадзяне. Агульны даход ад паслуг склаў больш за 380 тыс. долараў.

Варта звярнуць увагу!

Медыцына.
Выяўлена недастатковая ўкамплектаванасць штатау ў Ружанскай гарадской бальніцы: у прыватнасці, не занята 0,25 стаўкі ўрача агульнай практыкі, 0,25 стаўкі ўрача-стаматолага-хірурга, 0,5 стаўкі ўрача-стаматолага-артапеда, а таксама 0,25 стаўкі ўрача-рэнтгенолага.

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у Ружанскай паліклініцы з сярэдзіны 2020 года часова прыпынена работа вадзіцельскай камісіі.

Праблемнымі застаюцца пытанні ўтрымання на тэрыторыі сельсавета фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Патрабуецца правядзенне іх бягучых рамонтаў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Адукацыя.
Неабходна правесці асобныя работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі Варанілавіцкага ВПК.

Патрабуе вывучэння пытанне аб ліквідацыі ў 2022 г. Калазубскага дзіцячага садка ў сувязі з памяншэннем колькасці выхаванцаў.

Культура.
Неабходна замена вокнаў у глядзельнай зале Калазубскага сельскага клуба-бібліятэкі.

Падчас абмеркавання Р.В.Супрыновіч абазначыў праблему недастатковай інфармаванасці насельніцтва аб неабходнасці вакцынацыі ад каранавірусу, а таксама заявіў пра наяўнасць фактаў, калі кіраўнікі прадпрыемстваў не адпускалі падначаленых для праходжання вакцынацыі.

З даклада начальніка аддзела эканомікі І.Д.Ліхтаровіч, члена рабочай групы № 4, якая маніторыла работу аб’ектаў гандлю, бытавога, банкаўскага і паштовага абслугоўвання

Што зроблена
Гандаль.
Сацыяльныя стандарты па гандлёвым абслугоўванні насельніцтва Ружанскага сельсавета выконваюцца. Насельніцтва 10 сельскіх населеных пунктаў абслугоўваецца праз стацыянарную гандлёвую сетку, 22 — з дапамогай аўтамагазіна.

Аснова існуючай сістэмы гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва Ружанскага сельсавета — аб’екты Пружанскага райспажыўтаварыства, ААТ «Ружаны-Агра» і аддзяленні пошты.

На спажывецкім рынку сельсавета таксама працуюць гандлёвыя аб’екты сетак «Еўраопт», «Дабраном», «Востраў чысціні і смаку», якія, акрамя стацыянарнага абслугоўвання, рэалізуюць тавары і праз інтэрнэт-магазіны. Развіваюцца і прыватныя гандлёвыя аб’екты.

Бытавое абслугоўванне. ААТ «Пружанскі РКБА» гарантуе насельніцтву Ружаншчыны аказанне 11 відаў бытавых паслуг. Да таго ж, рамонт бытавых машын і прыбораў ажыццяўляе прыватнае ўнітарнае прадпрыемства па аказанні паслуг «Раённая рамбыттэхніка». Паслугі па рамонце і тэхнічным абслугоўванні бытавой радыёэлектроннай апаратуры аказвае індывідуальны прадпрымальнік.

Грамадскае харчаванне прадстаўлена аб’ектамі ААТ «Ружаны-Агра» і райспажыўтаварыства. Паштовае абслугоўванне забяспечвае чатыры аддзяленні сувязі, тры з іх выконваюць частку функцый банкаўскага абслугоўвання насельніцтва. Акрамя таго, у г.п. Ружаны функцыянуе аддзяленне ААТ «ААБ Беларусбанк».

Транспартнае абслугоўванне ажыццяўляе філіял «Аўтамабільны парк № 11 г. Пружаны» ААТ «Брэстаблаўтатранс». Усе рэйсы выконваюцца, згодна з патрабаваннямі дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва аўтобуснымі пасажырскімі перавозкамі.

Варта звярнуць увагу!
* Выяўлена невыкананне тэмпературнага рэжыму на некаторых аб’ектах гандлю сельсавета, што вядзе да росту ўзроўню захваральнасці сярод прадаўцоў. У прыватнасці, у магазіне аг.Варанілавічы на момант маніторынгу адсутнічалі дровы і брыкет, акрамя таго, не быў заключаны дагавор з апальшчыкам. Аналагічная праблема негатоўнасці аб’ектаў гаспадарання да ацяпляльнага сезона ёсць і на паштовых аб’ектах сельсавета.

* На гэтую праблему ў спрэчках звярнуў увагу і М.П.Кудравец. Аднак, як запэўнілі кіраўнікі адказных раённых службаў Д.П.Карпей і Т.Ф.Ільяшэвіч, на сённяшні момант яна практычна вырашана.

* Прэтэнзіі працоўнай групы былі і да якасці агародніны, прадстаўленай у магазінах сельсавета. Акрамя таго, былі выяўлены факты адсутнасці ўпакоўкі на хлебабулачных вырабах.

З даклада начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне В.І.Матвіенкі, кіраўніка рабочай групы № 5, якая маніторыла работу ў сферы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва

Што зроблена
Ружанскім сельвыканкамам прымаюцца ўсе меры па сацыяльнай абароне і забеспячэнні бяспечных умоў пражывання грамадзян.

Тэмп росту сярэднямесячнай заработнай платы за 9 месяцаў 2021 года ў тым жа ААТ «Ружаны-Агра» склаў 109 працэнтаў да аналагічнага перыяду мінулага года.

Вядзецца пастаянная работа па садзейнічанні ў працаўладкаванні. У 2021 г. у сельсавеце працаўладкавана 14 чалавек. Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне з сельвыканкамам заключаюцца дагаворы на арганізацыю аплачваемых грамадскіх работ. На гэтыя мэты за 9 месяцаў 2021 г. накіравана больш за 2 тыс.рублёў.

У сельсавеце аказваюцца розныя віды сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. У гэтым годзе, у прыватнасці, штомесячныя дапамогі дадзены 17 сем’ям на суму каля 47 тыс.руб.

Матэрыяльная дапамога са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва аказана 40 інвалідам і пенсіянерам на агульную суму больш за 3,6 тыс.руб.

Агульная сума аднаразовых матэрыяльных выплат 79 шматдзетным сем’ям склала больш за 11 тыс.руб.

Варта звярнуць увагу!
* З 26 заявак па забеспячэнні тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, рамонце пячнога ацяплення, устаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і аказанні гуманітарнай дапамогі, якія паступілі ад жыхароў сельсавета, на сённяшні дзень выканана толькі 14.

Начальнік аддзялення крымінальнага вышуку РАУС С.В.Курмыса расказаў прысутным аб аператыўнай абстаноўцы ў сельсавеце

Сёлета на Ружаншчыне было зарэгістравана 43 злачынствы (для параўнання, летась за аналагічны перыяд — 37). Рост злачынстваў адбыўся за кошт павелічэння колькасці крадзяжоў маёмасці, учыненых на тэрыторыі сельсавета, і хуліганстваў. Ёсць факты ўгону аўтамабіляў і махлярства, звязанага са зняццем грашовых сродкаў з картак грамадзян.

Акрамя таго, выяўлена 56 фактаў распівання спіртных напояў у грамадскіх месцах і 96 іншых правапарушэнняў.

Выклікаюць трывогу праваахоўных органаў злачынствы, учыненыя супраць пажылых грамадзян.

Асноўным праблемным пытаннем застаецца ўкамплектаванне свабодных пасад участковых інспектараў (мяркуецца, што ў бліжэйшы час яно будзе вырашана).


Па выніках работы, праведзенай аналітычнымі групамі, будзе распрацаваны агульны пратакол даручэнняў па ліквідацыі выяўленых недахопаў з вызначэннем тэрмінаў выканання і адказных асоб.

Запланавана, што наступны Дзень сельсавета пройдзе ў першым паўгоддзі 2022 года ў Сухопальскім сельсавеце.

Падрыхтавала да друку Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік