Пачатак вясны – гэта заўсёды час рознакаляровых кветак, нечага новага і незвычайнага. Разам з першымі вясновымі прамянямі да нас прыходзіць прыгожае жаночае свята. Усе мамы і бабулі, жонкі і каханыя дзяўчыны, дочкі і пляменніцы, канечне, чакаюць падарункаў і цёплых слоў ад мужчын. А што хацелася б атрымаць пружанкам больш за ўсё? З такім пытаннем напярэдадні свята карэспандэнты выйшлі на вуліцы райцэнтра.
Валянціна Канстанцінаўна:
— Нягледзячы на ўзрост, я люблю 8 Сакавіка. Прыемна, што ў календары ёсць дзень, калі ўшаноўваюць жанчын. Самы лепшы падарунак ад мужчыны – гэта кветкі. Мне падабаюцца цюльпаны. А яшчэ вельмі радуюся цёплым словам, якія гучаць з нагоды свята.
Тамара і Антаніна:
— Самы галоўны падарунак на свята – увага. Менавіта яна дапамагае зразумець, што мы патрэбныя. А калі шчыра, то нават Міжнародны жаночы дзень не вызваляе нас, жанчын, ад абавязку рыхтаваць святочны стол. Вельмі спадзяёмся, што ўпрыгожыць яго букецік цюльпанаў ад нашых мужчын.
Таццяна:
— Больш за ўсё люблю атрымліваць кветкі ў вазонах. Яны доўга радуюць вока. Дома ў мяне ўсе вокны ў архідэях! Таксама ў якасці падарунка прыемна атрымліваць палявыя кветкі – рамонкі ці васількі, але ж такі букет — для іншай пары года. Са святам мяне абавязкова павіншуе любімы муж, у шлюбе з якім мы 14 гадоў. А ўсім жанчынам жадаю міру і спакою ў сем’ях.
Дыяна з дачкой Маяй:
— Як можна не любіць 8 Сакавіка? Гэта ж дзень, калі жанчыны могуць адчуць сябе маленькімі і безабароннымі. У панядзелак абавязкова павіншую любую матулю, а яшчэ —дачушку Маю. Яна будзе святкаваць гэты дзень упершыню. Наш тата ўжо і падарунак падрыхтаваў – мікрафон. Магчыма, праз некаторы час горад даведаецца пра новую спявачку.
Кацярына і дачка Насця:
— Мы больш любім дарыць падарункі. Стараемся, каб гэта былі сапраўды патрэбныя або смачныя рэчы, напрыклад, парфума або цукеркі. Святочны дзень адзначым у кампаніі родзічаў у Пінску. Іх чакаюць прыгожыя паштоўкі, зробленыя рукамі маіх дзетак – Насці, Арцёма і Ані.
Дар’я:
— Кветкі ў маіх руках – для любімай мамы. Гэта будзе сюрпрыз, а для яго, як кажуць, не трэба шукаць нагоду. Да таго ж, цюльпаны дапамагаюць адчуць надыход вясны і ствараюць цудоўны настрой. Іх жа разам з дачушкай Сафіяй мы чакаем у падарунак на свята ад нашага мужа і таты. Здароўя і кахання ўсім без выключэння жанчынам!
Думкамі цікавіліся Уладзіслаў Шпарла і Кацярына Масік (фота).