Воскресенье, 6 октября 2024

Што ўтойвае Кляпацкае возера? Вадалазы з Кобрына абследавалі акваторыі Пружаншчыны

720

Адпачынак на вадзе заўсёды прыемны, але і часам бывае небяспечны. Пры купанні ўжо ў метры ад берага дно возера разгледзець вельмі цяжка. А пад нагамі могуць быць пабітыя бутэлькі, востры метал ці дошкі з цвікамі. Такія прадметы нярэдка знаходзяць вадалазы Кобрынскай выратавальнай станцыі, якія зараз абследуюць вадаёмы Пружаншчыны.

Мы якраз сустрэлі спецыялістаў такой «падводнай уборкі» на возеры каля аграгарадка Клепачы. І паглядзелі, што ляжыць на дне сажалкі.

У рамках падрыхтоўкі да надыходзячага купальнага сезона адказныя службы і арганізацыі прыводзяць у «баявую» гатоўнасць афіцыйна дазволеныя для купання водныя аб’екты. Нагадаем, што ў раёне адпаведная інфраструктура ладзіцца на гарадскіх басейне і возеры, вадаёмах каля аграгарадкоў Лінова, Кабылаўка, Клепачы, вёсак Носкі, Магілёўцы, гарадскіх пасёлкаў Шарашэва і Ружаны.

Па патрабаваннях на пляжах павінна быць створана адпаведная інфраструктура, а ў самой акваторыі — бяспечныя ўмовы для купання дарослых і дзяцей. Напрыклад, работнікі ААТ «Жураўлінае» ўстанавілі каля кляпацкага возера дадатковыя малыя архітэктурныя збудаванні, на пляж было прывезена каля паўтара дзясятка МАЗаў пяску. Работнікі лясгаса правялі спецыяльны суботнік на беразе возера каля в. Носкі. Іншыя арганізацыі выконваюць не меншы фронт работ на замацаваных за імі водных аб’ектах. У мэтах бяспекі напачатку сезона праводзіцца абследаванне донных участкаў, а санітарная служба рэгулярна даследуе стан вады і выконвае апрацоўку прыбярэжнай зоны ад шкодных насякомых.

Для таго, каб купальны сезон прайшоў без здарэнняў, раённыя ўлады прымаюць усе магчымыя намаганні дзеля падрыхтоўкі дазволеных для купання месцаў. Вось толькі не ўсе грамадзяне ставяцца да зробленага беражліва, часта нядобрасумленныя кампаніі і асобныя адпачываючыя кідаюць у ваду смецце і небяспечныя прадметы.

У гэтым штогод пераконваюцца кобрынскія вадалазы, якія прыязджаюць у наш раён па асобным запрашэнні. На мінулым тыдні яны пабывалі на ўсіх 10 вызначаных водных зонах адпачынку і гарантавалі, што купацца там бяспечна. Хаця давялося выбраць нямала смецця са дна.

Спецыялісты дзеляцца дзіўнымі выпадкамі са сваёй практыкі: з сажалак даставалі ледзь не абедзенныя сервізы, сельгасінвентар. Зараз адпачывальнікі кідаюць у ваду крыху менш смецця, але нават адна пабітая бутэлька можа траўмаваць людзей. Са дна вадалазы дастаюць камяні, сукаватыя галіны, бляшанкі, шкляныя і пластыкавыя бутэлькі. У прыватнасці, пры ачыстцы кляпацкага возера гэта ўсё было знойдзена «ў асартыменце». Некаторыя небяспечныя прадметы, відавочна, спецыяльна напаўняліся вадой, каб яны не плавалі па паверхні сажалкі, а ляжалі на дне і чакалі сваіх ахвяраў.

Па словах старшыні раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Юрыя Амельянчука, сярод адносна «чыстых» вадаёмаў можна назваць ліноўскі, носкаўскі, шарашэўскі, магілявецкі. А вось на гарадскіх возеры і басейне, на «дзікім пляжы» возера Паперня, дзе ў сезон збіраецца шмат людзей, бескультурных адпачывальнікаў больш.

— Напрыканцы красавіка спецыяльная камісія з прадстаўнікоў раённай улады і адказных службаў правядуць інспектаванне зон адпачынку з «выдачай» допуску да прыёму адпачывальнікаў, — расказвае Юрый Міхайлавіч. — Вось толькі ідэальнасць парушаецца пасля пачатку купальнага сезона, хуліганы ламаюць альтанкі, лаўкі, засмечваюць акваторыю. А навакольныя раўнадушна назіраюць за гэтым, а не выклікаюць праваахоўнікаў для прыцягнення да адказнасці за ўчыненае.

Афіцыйна з 1 мая пачынаецца купальны сезон, з 6 мая заступаюць на дзяжурствы матросы-выратавальнікі. Гэта адкрывае свабодны доступ да дазволеных для купання вадаёмаў.

— Хочацца спадзявацца, што надыходзячы сезон пройдзе спакойна і без трагічных выпадкаў, — кажа Юрый Амельянчук.

Алег Сідарэнка.

Фота Кацярыны Масік