Понедельник, 16 сентября 2024

Што такое «ПВК Рёдан» і як выявіць, што ваша дзіця «трапіла ў сеткі»? Расказаў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Віктар Клімашэвіч

732

З нядаўняга часу дэструктыўная субкультура «ПВК Рёдан» небяспечна набірае прыхільнікаў на тэрыторыі нашай краіны. Што гэта за суполка і як зберагчы дзіця ад яе ўплыву, мы спыталі ў начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх Віктара Клімашэвіча.

– Нефармальны анімэ-рух «ПВК Рёдан» прапагандуе насілле і правакуе масавыя бойкі сярод падлеткаў. Праз адпаведныя суполкі ў сацыяльных сетках куратары назначаюць падпісчыкам час і месца збору з мэтай «палявання» на прадстаўнікоў іншых субкультур, часцей за ўсё – каляфутбольшчыкаў. Арганізатары руху мэтанакіравана распальваюць у дзецях варожасць і агрэсію, заклікаюць да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Да слова, усіх удзельнікаў такіх «сходак» чакае адказнасць, усталяваная заканадаўствам.

– Як зразумець, што падлетак мае дачыненне да «ПВК Рёдан»?

– Звычайна яны носяць доўгія чорныя валасы і клятчастыя штаны, лічбу чатыры на адзенні. Таксама можа выкарыстоўвацца сімвал павука, але гэта не стопрацэнтныя прыкметы. Таму пры пэўным змяненні паводзін падлетка, паспрабуйце выклікаць яго на дыялог. Сачыце за паводзінамі свайго дзіцяці, наладжвайце шчырыя зносіны, цікаўцеся ягоным жыццём, тады ўсё будзе добра.


2 сакавіка ва ўсіх установах адукацыі раёна прайшлі бацькоўскія сходы, на якія былі запрошаны прадстаўнікі органаў унутраных спраў. Афіцыйным прадстаўнікам дзяцей паведамілі пра новую небяспечную субкультуру, расказалі, як выявіць прыхільнасць да «ПВК Рёдан», далі парады наконт папярэджання нефармальнага руху.

Віктар Клімашэвіч выступае на бацькоўскім сходзе ў Шаняўской СШ.

Даведка «РБ»: Анімэ – японская мультыплікацыя, каляфутбольшчыкі – футбольныя хуліганы.

Падрыхтавала Юлія Янушка