9 верасня свет адзначаў Дзень прыгажосці. Пры гэтым чалавецтва так і не дало пэўнага адказу: у чым яе сакрэт, навошта яна патрэбна і чаму ёй аказваюць столькі гонару? Што думаюць аб гэтай з’яве, якая «павінна ўратаваць свет», нашы людзі, я пацікавілася на вуліцах горада. Як і меркавалася, у кожнага яна свая.
Ганна з дачкой Дашай:
– Я лічу, што прыгажосць – гэта гармонія і радасць жыцця, калі хочацца тварыць, пра кагосьці клапаціцца. Калі ты бачыш, як расце тваё дзіця – яго першыя зубкі, крокі і словы, калі ў цябе вялікая і добрая сям’я. Хай кожны разумее прыгажосць па свойму, але яна робіць свет выдатней, акультурвае ўсё вакол.
Аня, 10 гадоў:
– Прыгожы чалавек – гэта акуратны, добры і выхаваны. Вось такі, як мая мама.
Вольга з дачкой Дашай:
– Прыгажосць нельга вымераць, ёю можна толькі любавацца. Яна – паўсюль! Варта больш уважліва агледзецца вакол, і тады абавязкова ўбачыш тое, што не дазволіць тваёй душы скамянець. Трэба захапляцца ўсім, што акружае: вуліцамі, дрэвамі, малюнкамі на небе, людзьмі.
Цырульнік Вольга:
– Прыгажосць – не толькі роўная скура, статная постаць, прыемны тварык, лёгкая паходка і вытанчаная гаворка. У прыгожым чалавеку павінен захоўвацца баланс эфектнай знешнасці, добразычлівасці і адкрытасці да свету і людзей. Паслухмяныя локаны, румянец на шчоках, акуратны манікюр і г.д. – толькі «памочнікі» прыгажосці.
Масажыст Анатоль:
– Прыгажосць – гэта тое, што радуе вока і сэрца, што дастаўляе эстэтычную і маральную асалоду, на што можна глядзець гадзінамі і захапляцца. Прыгажосць шматгранная і разнастайная. Яна ў словах, у момантах, ва ўчынках, у гуках, у водарах… У яе няма ўзросту, яна па-за часам, яна ёсць заўсёды.
Аляксей:
– Для мяне прыгажосць – гэта, перш за ўсё, прыгожая гаворка, якая раскрывае інтэлект чалавека, здольнасць выказваць свае думкі зразумела і даступна. Калі ўнутры чалавек пусты, тады яго вонкавая прыгажосць «абясцэньваецца» і становіцца нікому не патрэбнай адкрытай упакоўкай. Чулі выраз «з твару вады не піць»?
Маладажоны Юрый і Наталля:
– Прыгажосць – гэта свет, у якім я жыву, гэта мае родныя, мая жонка, яе ўсмешка: калі вочы іскрацца, а пад імі бачны забіяцкія маршчынкі і ямачкі на шчоках з’яўляюцца.
– Формула прыгажосці вельмі простая – любіце і будзьце любімымі, і тады сапраўды вы будзеце самымі прыгожымі!
Таццяна Аляксандраўна з ўнукамі Іосіфам, Ціханам і Іванам:
– Прыгажосць – гэта натуральнасць і ззянне знутры. Гэта шчодрасць на ўсмешкі, добрыя словы і добрыя ўчынкі. А шчодры чалавек не можа быць непрыгожым! Бо ўсмешка нагадвае нешта дзіцячае, чыстае і дабрадушнае …
– Прыгажосць – гэта наша бабуля.
Дзяўчынкі Таццяна і Аліна:
– Гэта прыгожы твар з разумнымі і добрымі вачыма.
– І яшчэ чысценькае адзенне і чыстыя валасы.
Два Уладзіславы, навучэнцы каледжа (з Пінскага раёна):
– Для чалавека важна духоўная прыгажосць: дабрыня, спагадлівасць, сціпласць і гатоўнасць заўсёды дапамагчы нават чужому чалавеку. Людзі цягнуцца не да кавалачка лёду, а да цяпла – усім хочацца, каб цябе разумелі і падтрымлівалі ў цяжкую хвіліну.
– Прыгажосць – гэта натуральнасць і прастата.
Думкамі цікавілася Алена Зялевіч