Воскресенье, 19 января 2025

Што такое Калядны пост і як правільна пасціцца? Патлумачыў протаіерэй Ігар Мрыхін

307

Саракадзённы Калядны пост пачаўся 28 лістапада і працягнецца да 6 студзеня ўключна. У ноч на 7 студзеня праваслаўныя хрысціяне сустрэнуць вяршыню посту, яго галоўную мэту і сэнс Нараджэнне Бога нашага Ісуса Хрыста. Пра тое, як пасціцца і, галоўнае, навошта гэта патрэбна, мы спыталі настаяцеля Спаса-Праабражэнскага храма г. Пружаны протаіерэя Ігара Мрыхіна.

Айцец Ігар, дык што такое Калядны пост?

У першую чаргу, гэта час для шчырай малітвы і добрых спраў. Усе абмежаванні, якія чалавек накладае на сябе добраахвотна: у ежы, у адмове ад забаў, патрэбны не як аскетычнае выпрабаванне, а як падрыхтоўка да вялікага свята Божага Нараджэння. Мы посцім, каб увайсці ў гэты дзень чыстымі душой, вольнымі ад усяго, што ёй шкодзіць.

Якія абмежаванні ўстанаўліваюцца ў ежы?

У гэты перыяд праваслаўныя хрысціяне ўстрымліваюцца ад мясных, малочных прадуктаў і яек. Наконт рыбы ёсць правілы рознай строгасці. Згодна з самым мяккім статутам, рыбу можна есці ва ўсе дні, акрамя серады і пятніцы. У сераду і пятніцу таксама нельга піць віно, а ежу трэба ўжываць без алею гэта называецца сухаядзеннем. Больш строга посцяцца пасля 2 студзеня.

Апошні дзень Каляднага посту называюць сачэўнікам або куццёй ад назвы стравы, якая гатуецца з зярнят пшаніцы, сачавіцы, а апошнім часам і рысу.

Куццю ядуць вечарам 6 студзеня пасля поўнага ўстрымання ад ежы на працягу ўсяго дня.

Часам людзі посцяцца літаральна «праз сілу» і ў выніку атрымліваюць праблемы са стрававальнай сістэмай.

Калі цяжка трымаць строгі саракадзённы пост у сілу здароўя ці іншых прычын, варта папрасіць у свайго духаўніка ці святара ў храме, куды вы ходзіце, паслабленне. Бо пост гэта не «праваслаўная дыета», гэта выпрабаванне для нашага духу, якое дапамагае нам праз самаабмежаванне стаць бліжэйшымі да Бога.

Пасціць не так строга могуць людзі, якія хварэюць: сама хвароба гэта таксама своеасаблівы пост, выпрабаванне цела. Акрамя таго, пры некаторых захворваннях гастранамічны пост можа прынесці здароўю толькі шкоду. Тут варта параіцца і з урачом.

Свая мера посту ў цяжарных жанчын, у вайскоўцаў, у тых, хто працуе ў напружаным рытме ці вучыцца. Самае галоўнае, што нельга «есці» падчас посту, гэта сваіх блізкіх. Я кажу пра гнеў, пра раздражненне, пра сваркі і іншыя адмоўныя ўчынкі, якія разбураюць мір паміж людзьмі. Бо гэтым мы разбураем і мост паміж сабой і Богам.

І нават выконваючы ўсе гастранамічныя строгасці, варта не забываць, што гэтыя сорак дзён найперш для духу, а не для цела. Адны абмежаванні ў ежы без духоўнай працы, без шчырай малітвы, без дапамогі блізкім, дабрачыннай дзейнасці не прынясуць плёну. 

Айцец Ігар, але ці можна пазбаўляць малых дзяцей неабходнай ім па ўзросце ежы?

Дзіцячы пост вельмі далікатная тэма. Якім ён будзе, патрэбна вырашаць асобна для сябе кожнай праваслаўнай сям’і, параіцца з духаўніком. Але калі мэтай посту мы ставім выхаванне душы, пераадоленне перашкод у падрыхтоўцы да Божага Нараджэння, то значна лепш дамовіцца з дзецьмі пра тое, што яны, напрыклад, будуць есці менш ласункаў і не будуць глядзець тэлевізар. Такое абмежаванне стане значна большым выпрабаваннем для малых і будзе мець глыбейшы сэнс, чым адмова ад мяса.

На дні Каляднага посту прыпадае святкаванне Новага года. А ў нас яно заўсёды атаясамлівалася са шчодрым сталом. Што рабіць тым, хто посціцца?

Святкаваць. Можна, напрыклад, накрыць «двайны» стол: прыгатаваць стравы і нішчымныя, і звычайныя. Калі дакладна ведаеце, што блізкія будуць канфліктаваць з вамі
з-за адсутнасці на стале мяса ці салаты аліўе з каўбасой пайдзіце ім насустрач, хай гэта стане знакам пакорлівасці. Новы год гэта сямейнае свята, і трэба захаваць мір, згоду.

Што да навагодняй весялосці, дзіцячых мерапрыемстваў, то ў гэтым няма нічога дрэннага. Калі дзеці радуюцца, калі гэта для іх дзіва і казка, хіба можна ў гэтым адмовіць? Але запускаеце феерверк на Новы год запусціце і на Каляды, а лепш удвая больш! Дзецям радасць, а вы паволі будзеце пераарыентоўваць іх на больш важнае свята. 

Ці можна ладзіць вяселле ў Калядны пост?

Калі гутарка ідзе пра вянчанне, то адказ адмоўны. Таінства шлюбу па статуце Праваслаўнай Царквы не здзяйсняюць падчас усіх чатырох шматдзённых пастоў, у тым ліку і Каляднага, а таксама напярэдадні вялікіх святаў і нішчымных дзён.

Роспіс у ЗАГСе царква забараніць, зразумела, не можа. І, дарэчы, бывае такое, што пары распісваюцца падчас посту, а вянчанне і вясельныя ўрачыстасці адкладваюць «на потым», але лепш папрасіць на гэта блаславенне ў духаўніка, параіцца з ім.

Ірына Сядова