Воскресенье, 20 апреля 2025

Што такое «дом зімоўкі» і патранатная сям’я? Расказала загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Вольга Сахарук

333

Кожны чалавек марыць пра абароненую старасць, напоўненую клопатам і дапамогай удзячных дзяцей і ўнукаў. Аднак такое шчасце даецца не ўсім: нехта ў шаноўным узросце застаецца адзін, у некага дзеці ёсць, ды жывуць яны далёка і не маюць магчымасці даглядаць сваіх бацькоў. Клопат пра такіх людзей бярэ на сябе дзяржава.

Пра некаторыя аспекты работы з адзінокімі і адзінока пражываючымі людзьмі расказала загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Вольга Сахарук.

— Вольга Георгіеўна, у чым заключаецца галоўная задача работнікаў вашага аддзялення?

— Наш арыенцір — гэта стварэнне ўмоў для таго, каб пажылыя грамадзяне, якія хаця б часткова захавалі здольнасць да перамяшчэння і самаабслугоўвання, маглі знаходзіцца ў звыклых дамашніх умовах.

— Якім жа чынам вы спрыяце гэтаму?

— Віды дапамогі і сацыяльна-бытавых паслуг, якія пастаянна або часова аказваюць састарэлым людзям нашы работнікі, вельмі розныя: гэта пакупка і дастаўка дадому прадуктаў харчавання, прамысловых тавараў першай неабходнасці, медыцынскіх прэпаратаў, дастаўка ў дом вады з калодзежа, дапамога ў прыбіранні, прыгатаванні ежы, а яшчэ — аплата жылля, камунальных паслуг.

Адносна нядаўна гэты пералік быў дапоўнены такімі паслугамі, як мыццё посуду, халадзільніка, навядзенне парадку на тэрыторыі каля дома. Сацыяльныя работнікі дастаўляюць агародніну са сховішчаў, дровы, брыкет, здаюць рэчы ў мыццё, хімчыстку, дапамагаюць з рамонтам, растопкай печак…

— Звычайная чалавечая падтрымка словам тут таксама мае месца быць?

— Безумоўна! Візіты нашых супрацоўнікаў да падапечных не абыходзяцца і без маральнай, псіхалагічнай падтрымкі. Да таго ж, сацыяльныя работнікі дапамагаюць пажылым людзям вырашаць пытанні пенсіённага забеспячэння, сацыяльных выплат і льгот. Да слова, колькасць такіх наведванняў можа складаць ад аднаго да пяці разоў на тыдзень, за выключэннем выхадных.

— Выходзіць, дапамога пажылому чалавеку ажыццяўляецца выключна ў рамках візіту сацработніка да яго?

— Не толькі. У нашым раёне функцыянуюць і іншыя формы аказання сацпаслуг, у іх ліку — патранатная, прыёмная, гасцявая, замяшчальная сем’і. Патранатнай, напрыклад, мы называем працаздольную сям’ю, якая бярэ пад сваё «шэфства» непрацаздольнага грамадзяніна і дапамагае яму ва ўсім, акрамя таго — віншуе са святамі. На сённяшні дзень на Пружаншчыне дзейнічае 15 такіх сем’яў.

Падобныя паміж сабой функцыі ў прыёмнай і ў замяшчальнай сем’яў: у абодвух выпадках састарэлы чалавек жыве ў пэўнай працаздольнай, не роднай для яго сям’і ва ўмовах вядзення агульнай гаспадаркі (бюджэт у такіх выпадках сумесны) і тут жа атрымлівае ўсе неабходныя сацыяльныя паслугі.

Часова (на выхадныя ці святочныя дні) прымаюць пажылых людзей на пражыванне гасцявыя сем’і. Іх паслугамі карыстаюцца 14 грамадзян непрацаздольнага ўзросту.

— Чула пра выпадак адраснай сацыяльнай дапамогі, калі некалькі пажылых людзей «пераязджалі» ў дом аднаго з іх і жылі разам…

— У нас таксама ёсць падобная форма дапамогі, а называецца яна «Дом зімоўкі». Яе сутнасць у тым, што ў зімовы перыяд два і болей непрацаздольныя састарэлыя чалавекі жывуць разам у доме аднаго з іх і адначасова атрымліваюць сацыяльную дапамогу. Да слова, у 2022 годзе на Пружаншчыне дзейнічала два «Дамы зімоўкі».

— Калі ж чалавек сам клапоціцца пра сваіх непрацаздольных бацькоў, але разумее, што яму не хапае ведаў і навыкаў непасрэдна па іх доглядзе…

— У такіх выпадках таксама можна звяртацца да нас: у дамашніх умовах мы навучаем членаў сем’яў усім неабходным навыкам па доглядзе непрацаздольнага чалавека.

Разлічваць на дапамогу сацыяльнага работніка можна і тады, калі патрэбна днём дагледзець чалавека, які ўжо не можа кантраляваць свае паводзіны (у тым ліку калі пакутуе дэменцыяй).

— Вольга Георгіеўна, колькі ж састарэлых людзей з ліку тых, каму патрэбна дапамога, ахоплена сацыяльным абслугоўваннем?

— На сённяшні дзень на сацыяльным абслугоўванні ў нашым аддзяленні знаходзіцца 396 чалавек. Зразумела, спецыялістамі праводзіцца работа па забеспячэнні дапамогай большай колькасці састарэлых грамадзян. Аднак не заўсёды гэта атрымліваецца: праблема ў тым, што ў некаторых населеных пунктах ёсць людзі, якім патрэбны сацыяльныя паслугі, ды няма жадаючых працаздольнага ўзросту, якія маглі б іх аказваць.

— Якім чынам пажылыя людзі становяцца падапечнымі вашага аддзялення?

— Банк дадзеных такіх людзей фарміруецца па выніках штогадовых абследаванняў адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых грамадзян. Праводзяць такі маніторынг спецыялісты аддзяленняў цэнтра ў рамках рэалізацыі рэспубліканскіх комплексных праграм.

У той жа час да нас нярэдка звяртаюцца самі дзеці з просьбай выдзеліць сацыяльнага работніка для іх бацькоў, даглядаць якіх самастойна з пэўных прычын яны не маюць магчымасці.

— Дапамога пажылым грамадзянам — паслуга не бясплатная?

— Паслугі ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму аказваюцца на ўмовах поўнай або частковай аплаты, а ў пэўных выпадках — на бясплатнай аснове. Увогуле ж кошт паслуг залежыць ад наяўнасці ў састарэлага чалавека дзяцей працаздольнага ўзросту, камунальных зручнасцей і памеру пенсіі. Калі мы заключаем дагавор і бяром на абслугоўванне бабулю ці дзядулю, на гэтыя аспекты звяртаем увагу ў першую чаргу. Адзначу, што стапрацэнтную аплату ўносяць тыя, у каго ёсць працаздольныя дзеці.

Па аказанне сацыяльных паслуг на даму мажна звяртацца на адрас: г. Пружаны, вул. Кастрычніцкая, 104а; тэл. 4-02-87.

Гутарыла Вольга Басак. Фота Кацярыны Масік