Ездзячы па дарогах нашага раёна, часам можна ўбачыць шмат цікавага. І не толькі ў плане незвычайнага ў прыродзе, дзікіх звяроў, але і на землях нашых сельгаставарыстваў.

Нядаўна накіроўваліся ў аг. Вялікае Сяло і заўважылі, што на палетку каля комплексу «Стараволя» праводзяцца работы — быццам уносяцца нейкія ўгнаенні. Але якія? Аказалася, што гэта дэфекат. Расказаць пра невядомае для нас рэчыва, якое ўжо не першы год выкарыстоўваецца ў ААТ «Велікасельскае Агра», мы папрасілі галоўнага агранома таварыства «Велікасельскае Агра» Сяргея Суботу.
Аказалася, што дэфекат — эфектыўная вапнавая падкормка, якая ўяўляе сабой адходы, атрыманыя пры вытворчасці цукру. Пры здачы цукровых буракоў Жабінкаўскаму цукроваму заводу сельгаставарыства ў лік платы за іх часткова бярэ дэфекат. Прымяняюць яго ў асноўным для раскіслення грунту і паляпшэння яго структуры, што пасля станоўча ўплывае на ўраджайнасць. У залежнасці ад зыходнай сыравіны дэфекат мае розны састаў. Але, як заўважыў Сяргей Сяргеевіч, асноўнымі складнікамі з’яўляюцца вапна (65 %) і арганічныя злучэнні (12 %), у малых долях — азот, калій і фосфарная кіслата, іншыя мікраэлементы.
Па ўтрыманні пажыўных рэчываў дэфекат прыраўноўваюць да гною. Аднак адначасова гэтыя два ўгнаенні выкарыстоўваць непажадана. Галоўны аграном гаспадаркі таксама звяртае ўвагу на той момант, што падкормку звычайна ўносяць восенню, калі ўраджай ужо сабраны. Тады самы час заняцца апрацоўкай і аднаўленнем глебы.
Нормы ўнясення вар’іруюцца ў залежнасці ад стану грунту і ступені яго закісленасці, у сярэднім гэта 8 тон на 1 га. Каб ведаць напэўна, які ўчастак зямлі патрабуе адпаведнай падкормкі, у гаспадарцы маюцца картаграмы кіслотнасці зямель. Дарэчы, дэфекат можна ўносіць абсалютна пад усе сельгаскультуры.

Што да перыяду вапнавання, то гэтую работу рэкамендуецца праводзіць не радзей чым 1 раз у 5 гадоў. Менавіта такі прамежак дазваляе глебе поўнасцю аднавіцца, нармалізаваўшы кіслотнасць. Пры паўторным раскісленні папярэдне робяць аналіз грунту.
Канечне, вынік заўсёды ў прыярытэце, на яго і працуюць нашы гаспадаркі. І тут важнай акалічнасцю можна назваць тое, што некаторыя сельгаставарыствы нашага раёна знаходзяць дадатковыя спосабы (тое ж унясенне дэфекату) для павышэння прадуктыўнасці сваіх угоддзяў, а гэта ўжо прыбытак. Ён, у сваю чаргу, уплывае на стан спраў на дзень сённяшні і планы на будучае.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік