Четверг, 19 июня 2025

Што ў Слабудцы трэба ў парадак прывесці: дэпутаты пабывалі ў вёсцы і распрацавалі праграму дзеянняў

367

Дэпутат раённага Савета дэпутатаў пры адабрэнні яго кандыдатуры выбаршчыкамі ўскладвае на сябе вялікую адказнасць. Апошняя тычыцца практычна ўсіх бакоў жыцця грамадства, пачынаючы ад норматворчай працы і заканчваючы дапамогай у вырашэнні сацыяльна-бытавых пытанняў канкрэтна на мясцовасці. І прыкладаў, якія пацвярджаюць актыўную пазіцыю пружанскага дэпутацкага корпуса, нямала.

У прыватнасці, днямі ў в. Слабудка на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Кудраўцом было арганізавана выязное абследаванне гэтага населенага пункта ў плане адпаведнасці сучасным стандартам жыцця, прынятым у нашай краіне. Падставай для гэтага мерапрыемства стаў запыт ад дэпутата па Слабудскай выбарчай акрузе №22 Валерыя Гарахавіцкага.

Напрыканцы кастрычніка Валерый Мікалаевіч правёў прыём мясцовых грамадзян, падчас яго атрымаў нямала зваротаў з просьбамі звярнуць увагу на добраўпарадкаванне гэтай вёскі, асабліва той часткі, якую займае шматпавярховая забудова былога вайсковага гарадка. З гэтай нагоды дэпутат звярнуўся ў галоўны распарадчы орган нашага раёна з запытам па аказанні ўсебаковай падтрымкі. Таму на выязное абследаванне былі запрошаны прадстаўнікі мясцовай улады, камунальнага падраздзялення.

Непасрэдна на мясцовасці камісія звярнула ўвагу на неабходнасць рамонту шэрага пад’ездаў у пяціпавярхоўках, недасканаласць вулічнага асвятлення, а таксама арганізацыю вывазу смецця, стан раслінных насаджэнняў на вуліцах гарадка. Асобна была адзначана слабая аснашчанасць вясковых двароў дзіцячымі пляцоўкамі.

Зыходзячы з атрыманых вынікаў, была складзена праграма наступных дзеянняў. Многае патрабуе значных фінансавых і рэсурсных укладанняў, з-за чаго тэрмін рэалізацыі запланаванага прызначаны на сярэдзіну наступнага года. Хаця шмат чаго можна будзе зрабіць і да канца 2024-га. Напрыклад, прывесці ў парадак зялёныя насаджэнні на слабудскіх вуліцах, правесці частковае добраўпарадкаванне ці рамонт жылых аб’ектаў. Такія даручэнні паступілі адказным арганізацыям ад дэпутацкага корпуса. З безумоўным кантролем выканання і задавальнення зваротаў грамадзян па адпаведных пытаннях.

Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік