Воскресенье, 19 января 2025

Ці ўсе задачы выканалі дарожнікі і што ў планах? Расказаў начальнік ДРБУ-140 Яўгеній Паюта

415

Філосафам усяго свету варта задаць яшчэ адну задачку: хто з’явіўся раней — аўтамабілісты або дарожнікі. Першыя наўрад ці змаглі б захапляцца машынамі, калі б на іх немагчыма было куды-небудзь паехаць. А патрэбнасць грамадства ў другіх узнікла толькі тады, калі з’явіліся аўтамабілі. Вось і атрымліваецца цесная ўзаемасувязь, напэўна, з-за чаго ўведзена абагульняючае прафесійнае свята.

І гэтая непарыўная сувязь захоўваецца ўжо даволі даўно, не губляе яна актуальнасці і зараз. Больш за тое, стану беларускіх дарог зараз кіраўніцтвам краіны надаецца павышаная ўвага. Не толькі асноўным магістралям, але і раённым сувязям, дзякуючы якім краіна становіцца адным цэлым. У Пружанскім раёне задачу па будаўніцтве, рамонце і эксплуатацыі гравійных і асфальтаваных дарожных нітак выконвае ДРБУ-140, якое сёлетні сезон правяло пад новым кіраўніцтвам: у красавіку арганізацыю ўзначаліў Яўгеній Паюта (на здымку).

У дарожнай сферы Яўгеній Уладзіміравіч невыпадковы чалавек, працоўны стаж у гэтай галіне ўжо пайшоў на другі дзясятак.

— Пачынаў асвойваць азы дарожнай прафесіі ў Івацэвіцкім ДЭУ-23, а праз два гады прыйшоў у ДРБУ-140, дзе працаваў спачатку майстрам, выканаўцам работ і ў бягучым годзе ўзначаліў арганізацыю.

— Наколькі сёлетні сезон быў адметным для пружанскіх дарожнікаў, з якімі набыткамі падводзіце вынікі?

— На 2024 год нам было выдзелена больш за 12 млн рублёў, для параўнання — у 2023-ім на трэць менш. У гісторыі арганізацыі сума была рэкордная, а значыць, павялічыліся аб’ёмы, разам з якімі і адказнасць за іх выкананне.

— Любога чытача газеты перш за ўсё цікавіць, ці ўсё задуманае атрымалася?

— Без перабольшвання адзначу, што ўсё. У прыватнасці, «апранулі» ў халодны асфальтабетон, які вырабляем на сваёй базе самастойна, дарогу Шані-Кацёлкі-Шакуны даўжынёй каля 10 кіламетраў. Далей па чарзе працавалі на нітцы Аранчыцы-Бакуны-Вінец, і зараз да в. Варотнае ідзе добры асфальт, якога там вельмі не хапала. Тут давялося сутыкнуцца з сур’ёзнымі праблемамі, бо значная частка дарогі праходзіць праз лясы, і дрэвы літаральна сціскалі праезную частку. Паралельна з асфальтаваннем давялося рассоўваць межы бачнасці.

У спісе выкананага таксама вуліцы Новая і Першамайская ў аг. Калядзічы, вул. Шубіна ў аг. Шчарчова. Працягваем працаваць на дарозе ад Новых Засімавічаў, якую мяркуем адрамантаваць да павароту на Ляжайку. І тое ж самае выконваем у в. Магілёўцы, дзе аднаўляем мясцовы «бульвар», пасля чаго дойдзем да Асошнікаў. А яшчэ значныя работы праводзілі на лініях з гравійным пакрыццём.

— Яўгеній Уладзіміравіч, Прэзідэнт краіны паставіў задачу на наступную пяцігодку адрамантаваць або пракласці ўсе трасы, якія звязваюць райцэнтры з аграгарадкамі. Ці тычыцца гэта Пружанскага раёна і якія ў сувязі з гэтым ёсць папярэднія задумкі?

— Пакуль асноўная праграма дзеянняў на наступны год складаецца, таму дакладны аб’ём фінансавання яшчэ не вызначаны і пра планы гаварыць рана. Але запэўню чытачоў «Раённых будняў», што ўсе «слабыя» месцы добра ведаем і без увагі не пакінем. Напрыклад, неабходны рамонт шэрага існуючых дарог, якія даволі запатрабаваны аўтамабілістамі. Гэта Янаўшчызна-Мурава, Дабучын-Труханавічы, сувязі з Руднікамі, Вашчынічамі, Казламі і многія іншыя напрамкі. Словам, у наступным сезоне многія вадзіцелі будуць сустракацца з нашай тэхнікай і брыгадамі. Між тым дадам, што рэалізаваць усё за адзін сезон немагчыма. Жыхарам раёна варта набрацца цярпення і крыху пачакаць.

— З нагоды прафесійнага свята што б Вы пажадалі калегам і падначаленым?

— Дарожным работнікам раю не забывацца пра дысцыпліну і якасць, якія шчыльна ўзаемазвязаны. Калі будзем захоўваць тэхналогіі і патрабаванні, то пракладзеныя намі дарогі праслужаць доўга. А ад іх карыстальнікаў будзем чуць толькі добрыя словы. І, безумоўна, зычу ўсім добрага здароўя, міру і быць заўсёды запатрабаванымі, як на рабоце, так і ў асабістым жыцці.

Гутарыў Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік і з архіва арганізацыі