З 27 лістапада на тэрыторыі раёна праходзіў Тыдзень нулявога траўматызму. Падобная акцыя ладзіцца штогод і накіравана на стварэнне бяспечных умоў работы і захаванне здароўя людзей на працоўных месцах, папярэджанне выпадкаў вытворчага траўматызму. Пры гэтым акцэнт робіцца не на выяўленне парушэнняў норм аховы працы, а на выкарыстанне даступных сродкаў для ўхілення падобных недахопаў.
Таму на працягу тыдня рабочая група райвыканкама разам з прадстаўнікамі прафсаюзных арганізацый працавала ў розных арганізацыях раёна, непасрэдна на месцах аказваючы метадычную дапамогу.

Зафіксаваныя недахопы былі разгледжаны на выніковым пасяджэнні з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Святланы Ханавец.
Як паведаміла Святлана Мікалаеўна, сітуацыя з вытворчым траўматызмам на тэрыторыі раёна выглядае лепш за папярэднія гады, аднак не ідэальна. З пачатку бягучага года зарэгістраваны чатыры няшчасныя выпадкі: два ў філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі» (адзін са смяротным зыходам), па адным — у філіяле «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга» і ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў».
— Па двух выпадках расследаванне яшчэ вядзецца, па астатніх вядома, што прычынамі здарэнняў сталі парушэнні норм бяспекі адказнымі асобамі і асабістая недысцыплінаванасць пацярпелых, — зазначыла намеснік старшыні райвыканкама. — Падчас нашага пасяджэння неабходна выпрацаваць рэальную сістэму, якая дапаможа пазбегнуць падобных фактаў.

З пацвярджэннем выказаных высноў перад інжынерамі па ахове працы арганізацый і прадпрыемстваў Пружанскага раёна выступіла начальнік Бярозаўскага міжраённага аддзела Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Ірына Рудзь. У дадатак у якасці станоўчых прыкладаў былі прааналізаваны мерапрыемствы па бяспецы працы, якія рэалізуюцца ў Пружанскім раёне газазабеспячэння, на малочным камбінаце і ў «Камунальніку», пра якія расказалі адказныя работнікі гэтых арганізацый. Гэта і наладжаная сістэма кантролю, і рэалізацыя поўнага пакета супрацьпажарных мер, і дзеянне інспектараў грамадскага кантролю.
Напрыканцы вынікі пасяджэння падвяла галоўны спецыяліст аддзела працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Жанна Клімец, якая нагадала пра рэгламент вядзення адпаведнай дакументацыі.
Алег Сідарэнка
Фота з Telegram-канала #1регионСоцзащита