У нашым раёне налічваецца 84 нядобранадзейныя сям’і, у якіх выхоўваецца больш за 160 дзяцей. Пастаянную работу з гэтымі сем’ямі ажыццяўляюць начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Віктар Клімашэвіч, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Ірына Грышкевіч і галоўны спецыяліст па ахове дзяцінства аддзела па адукацыі Пружанскага райвыканкама Таццяна Пракопчык. Разам з імі мы наведалі некаторыя сем’і, якія знаходзяцца пад наглядам дзяржаўных органаў, паглядзелі, у якіх умовах знаходзяцца і выхоўваюцца дзеці, а таксама ацанілі, ці ёсць станоўчая дынаміка ў гэтым напрамку.
Пра тое, як ажыццяўляецца работа дзяржаўных органаў па ўзаемадзеянні з сем’ямі, што былі прызнаны нядобранадзейнымі, нагадала Таццяна Пракопчык.

— Мэта нашай працы — захаваць сям’ю для кожнага дзіцяці. Нават калі па прычыне выяўлення некаторых фактараў дзіця часова адбіраецца ў бацькоў, праца па яго вяртанні ў сям’ю пачынаецца менавіта з гэтага моманту. Мы сумесна працуем над тым, каб стварыць умовы для спрыяльнага пражывання дзіцяці. Недзе неабходна аказаць псіхалагічную дапамогу, каб дзіцяча-бацькоўскія адносіны былі наладжаны, — тлумачыць Таццяна Уладзіміраўна, — гэта значыць, што абсалютна ўсе нацэлены на стварэнне ўмоў, каб дзіця працягвала жыць са сваімі бацькамі. Насамрэч праводзіцца вялікая праца і з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, імкнёмся не даводзіць да таго моманту, калі дзяцей забяруць. Хоць праца ў гэтым напрамку не спыняецца і на секунду, усё роўна сустракаюцца моманты, калі даводзіцца пазбаўляць бацькоўскіх правоў.

Падчас рэйда намі былі наведаны сем’і з розных вёсак. У адной з іх зайшлі ў дом, дзіця з якога цяпер знаходзіцца ў прытулку, па прычыне таго, што маці не змагла стварыць годныя ўмовы для пражывання, злоўжывала алкаголем. На парозе нас сустрэў сужыцель гаспадыні. Ён расказаў, што не ведае, дзе зараз знаходзіцца жанчына, і не бачыў яе некалькі дзён. Умовы для пражывання ў доме засталіся на тым жа ўзроўні, што і былі раней.
Была наведана і сям’я, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы па прычыне таго, што бацька злоўжываў спіртнымі напоямі, меў месца сямейна-бытавы гвалт. У гэтым годзе было ўчынена злачынства супраць палавой недатыкальнасці непаўналетняй. Адной з прычын яго стала тое, што маці не забяспечвала належны нагляд за сваёй дачкой. На гэты момант маці з дачкой пераехалі на новае месца жыхарства, дзе створаны спрыяльныя ўмовы для пражывання.

З візітам завіталі і ў сям’ю, якая раней знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы. Тут усё было стабільна добра.
Быў наведаны шэраг іншых сем’яў, дзе назіралася станоўчая дынаміка па выхадзе з сацыяльна небяспечнага становішча.
Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Віктар Клімашэвіч з усімі сем’ямі правёў прафілактычную гутарку. А ў канцы рэйда яго вынікі падвяла Ірына Грышкевіч.
— Падчас рэйда мы ўбачылі, што шэраг сем’яў, якія раней знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, зараз вылучаюцца са станоўчага боку. Гэта вельмі радуе. Што да тых, з каго статус нядобранадзейных не зняты, тут таксама ўсё стабільна. Самае галоўнае, што бацькі ўсюды былі цвярозыя. Ежа і ацяпленне ў дамах маецца паўсюль. Былі праведзены прафілактычныя гутаркі, якія накіраваны на тое, каб сям’я змагла весці паўнацэннае жыццё без умяшання дзяржаўных органаў.

На жаль, колькасць сем’яў, прызнаных нядобранадзейнымі, і якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з кожным годам павялічваецца. Асноўнай прычынай гэтага росту з’яўляецца злоўжыванне спіртнымі напоямі і хатняе насілле, якое часта таксама звязана з нецвярозымі разборкамі. Так што, паважаныя бацькі, выбірайце правільны шлях! Будзьце прыкладам для сваіх дзяцей і не пазбаўляйце іх шчаслівага дзяцінства!
Руслан Басак. Фота аўтара