У чат-бот «Раённых будняў», размешчаны ў Тelegram-канале, паступіла скарга з вёскі Аранчыцы аб слабым ціску вады, яе нездавальняючай якасці.

Патлумачыць сітуацыю мы папрасілі намесніка дырэктара КУВП «Камунальнік» Віталія Казлова Вось, што ён нам адказаў:
— На працягу некалькіх тыдняў нашым супрацоўнікам давялося шукаць месца пашкоджання водаправоднай сеткі ў вёсцы Аранчыцы. Каб насельніцтва не заставалася без пітной вады, ідзе запампоўка яе ў воданапорную вежу. За 40 мінут яна пусцее, прыходзіцца зноў падпампоўваць. Гэтым тлумачыцца слабы ціск вады. Якасць яе таксама пакуль жадае быць лепшай, бо станцыя абезжалезвання не спраўляецца з ачысткай.
Як патлумачыў рэдакцыі Віталій Ігаравіч, водаправодныя сеткі не так даўно былі перададзены ў веданне КУВП «Камунальнік» мясцовым сельгаспрадпрыемствам. Пракладзены яны ў 1950-60-я гады і да гэтага часу капітальна не рамантаваліся і не мяняліся.
Месца пашкоджання было выяўлена, калі нумар газеты ўжо быў падрыхтаваны да друку, у будынку непрацуючага дзіцячага садка. Цяпер тут ідуць рамонтныя работы, пасля чаго падача вады і яе якасць увойдуць у норму.
Падрыхтаваў Віктар Ільюшчанка