Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведвае Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Крышталь» — кіруючая кампанія холдынга «Крышталь-Холдынг», перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Генеральны дырэктар прадпрыемства Руслан Саракавой далажыў кіраўніку дзяржавы аб выніках мадэрнізацыі алмазаапрацоўчай вытворчасці і мерах, што прымаюцца па павышэнні эфектыўнасці работы завода.
Гомельскі «Крышталь» быў створаны ў 1972 годзе як адзін з 7 аднайменных заводаў у Савецкім Саюзе. Сёння сваю дзейнасць прадаўжаюць толькі два прадпрыемствы — у Гомелі і Смаленску.
«У 1993 годзе пасля развалу Савецкага Саюза паўстала пытанне аб загрузцы вытворчасці. Тое, што сёння алмазаапрацоўка яшчэ кропкава ёсць недзе за межамі Індыі (сёння больш як 90 працэнтаў усёй алмазаапрацоўкі — гэта Індыя), у тым ліку ў Беларусі, — гэта выключна дзякуючы таму, што на вашым узроўні прымаліся рашэнні. Захаваўшы алмазаапрацоўку, мы ўпершыню ў рэспубліцы за кошт уласных сродкаў стварылі ювелірную вытворчасць, якая дае магчымасць вырабляць больш маржынальную прадукцыю. Сёння алмазаапрацоўка ў нас займае 20 працэнтаў, а ювелірка — 80 працэнтаў», — сказаў Руслан Саракавой».
Усе мэтавыя паказчыкі і па прадпрыемстве, і па холдынгу выконваюцца, заявіў гендырэктар.
Паводле яго слоў, сыравіну завод закупляе ў асноўным у Расіі, але цяпер пачынае супрацоўнічаць і з Зімбабвэ.
«У гэтым плане мы вам будзем дапамагаць і падштурхоўваць. Яны ідуць нам насустрач. У адзін кошык яйкі класці не трэба», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Новы напрамак для «Крышталя» — вытворчасць мерных зліткаў з золата для Міністэрства фінансаў. У далейшым ведамства прадае іх суб’ектам гаспадарання, банкам і іншым крэдытна-фінансавым арганізацыям Беларусі. Гэта сур’ёзны ўклад у імпартазамяшчэнне, таму што раней зліткі пастаўляліся ў Беларусь з краін Заходняй Еўропы.
Прэзідэнт запатрабаваў узяць гэтыя пытанні на асаблівы кантроль, каб канчаткова замясціць імпарт гэтых вырабаў. «Мы ўсё можам для Нацбанка зрабіць? Значыць, з наступнага года, ды і ў гэтым годзе, каб мы нічога са Швейцарыі не ўвозілі», — падкрэсліў ён.
На прадпрыемстве Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з этапамі ювелірнай вытворчасці і апрацоўкай алмазаў.
Гомельскі ювелірны завод «Крышталь» — вядучы ў Беларусі вытворца ювелірных вырабаў, брыльянтаў і алмазнага інструменту. З 2013 года прадпрыемства ўключана ў спіс прывілеяваных кліентаў самай буйной у свеце алмазаздабыўной кампаніі «Алроса» (Расія).