У XVІ — першай палове XVII стагоддзя значная частка насельніцтва Пружан была звязана з гандлем. Спачатку лішкі здабытага і вырабленага для сябе прадавалі на кірмашах, вывозілі ў іншыя гарады.
Што гэта было? Шкуры і футры жывёл, на якіх палявалі ў лясах і пушчах: ваўкоў, бурых мядзведзяў, лісіц, куніц і інш. Мёд і воск, якія знаходзілі ў борцях. Кустарныя ганчарныя і бандарныя вырабы і многае іншае.

Абозы пружанскіх купцоў цягнуліся па тракце — вялікай дарозе — да Брэсцкай мытні, дзе за праезд і правоз тавараў плацілі падатак — «мыту» (адсюль і слова «мытня» пайшло). Спыняліся на шляху на прывал і начлег у вялікіх вёсках або пастаялых дварах.
Купцамі пераважна былі яўрэі. Напрыклад, у Брэсцкай мытнай кнізе 1583 года ўпамінаюцца Ілья Хаймовіч і Якаў Машкевіч, якія везлі свой тавар да Любліна: воск, футра гарнастаяў, выдры, ласкі — усяго чатыры вазы. Падатак на кожную падводу называўся «кармавыя», збор за продаж воску — «васкавойнае».
У 1588 годзе Ганна Ягелонка пры будаўніцтве царквы на Горцы дазволіла прычту Святога Духа на падставе старажытных звычаяў мець два кірмашы на год — у дзень Святога Духа і на Спаса, а святару — вырабляць пітны мёд. Уладальніца Пружан была зацікаўлена, каб пашыралася паселішча, якое яна ўзвяла ў ранг горада, развіваліся рамёствы і гандаль. У 1589 годзе ў горадзе былі ўстаноўлены гандлёвыя рады — «яткі» (пазней так сталі называць толькі кропкі, якія гандлююць мясам). Былі вызначаны гандлёвыя дні, вагі, мера. Звычай дазваляў наглядчыкам пры гарадскіх варотах збіраць падаткі з сялян: падушныя, памерныя і інш. Гэтыя даходы ішлі ў гарадскую казну і выкарыстоўваліся на добраўпарадкаванне горада.
У 1644 годзе пружанскія яўрэі атрымалі ад караля Уладзіслава IV асаблівыя правы і вольнасці (акрамя агульных правоў літоўскіх яўрэяў). Яны займелі права набываць пляцы на рынку і на вуліцы, займацца рамёствамі, наладжваць вінакурную вытворчасць, варыць піва. Ужо намнога пазней Лей Памеранец адкрыў піваварны завод у Пружанах.

У 1835 годзе ў горадзе было 63 купцы. Як указваў у сваёй справаздачы гараднічы, працавалі 44 крамы і 45 піцейных дамоў.
У 1838 годзе крамы былі размешчаны ўжо ў выглядзе гандлёвых радоў. У горадзе пачалі з‘яўляцца купцы з Маскоўскай, Уладзімірскай, Цвярской губерняў. З‘явіліся і «чырвоныя» крамы, дзе гандлявалі прывазным таварам: палатном, чаем, цукрам, цукеркамі, дыванамі, канцтаварамі. Рынкавая вуліца была забрукавана. На кірмашах выстаўлялі на продаж свой тавар рамеснікі — ганчары і гарбары, а сяляне прывозілі збожжа, сена, буйную рагатую жывёлу. Што тычыцца гарбарных вырабаў з цялячай і ялавічнай скуры, то частку іх вывозілі ў Варшаву і Беласток.
Сярод шматлікіх шынкоў і корчмаў, якія належалі Лею Памяранцу, з‘явілася казённая вінная крама. Стаўленне да вялікай колькасці падобных устаноў адлюстравана ў народным гумарыстычным фальклоры. «Мужык кажа жонцы: «Трэба схадзіць у карчму на гадзінку». Тая адказвае: «Пойдзеш на гадзінку, а прасядзіш да ночы. У карчме ж лаўкі смаляныя, як сядзеш, так і прыліпнеш».
У 1863 годзе крам у Пружанах ужо было 60, у 1877-м колькасць кірмашоў павялічылася з чатырох да пяці. У 1896-м на месцы драўляных гандлёвых радоў архітэктарамі Міхайлоўскім і Савічам былі пабудаваны мураваныя Белыя лаўкі, толькі арыентаваны яны былі ў іншым кірунку — паралельна цяперашняй вуліцы Шырмы. Два рады гандлёвых кропак былі аформлены прыгожымі аркамі, якія ўтваралі адкрытыя галерэі.
Па дадзеных на 1897 год у горадзе адносіліся да прамысловых прадпрыемстваў 14 бровараў, 217 ветраных млыноў, 9 шкіпінарняў і смалярняў, 2 скураныя майстэрны, 5 клеявых фабрык, 4 вапнавыя прадпрыемствы, 17 цагельняў.
Колькасць кірмашоў паступова расла, а да 1904 года стаў наладжвацца базарны дзень раз на тыдзень.
У 1916 годзе праз Пружаны прайшоў прабег ваенных аўтамабілістаў. У іх гонар наладзілі прыём, а гараджане атрымалі магчымасць амаль суткі разглядаць незвычайныя цуды — аўтамабілі, якія стаялі на тэрыторыі рынку.
У 1931 годзе адкрылася аграрна-гандлёвая ўстанова «Rolnik». Характэрным для горада сярэдзіны 1930-х было дробнакупецтва, прадметам гандлю з‘яўляліся агародніна і ганчарныя вырабы (традыцыйны чорнаглянцаваны посуд). Гандлёвымі днямі з‘яўляліся панядзелак і чацвер.
Усе гандлёвыя патрэбы навакольныя сяляне ажыццяўлялі на рынку ў Пружанах. Тут яны куплялі, тут яны прадавалі. Кожны тыдзень у панядзелкі ды чацвяргі ладзіліся кірмашы, асабліва шматлюдныя яны бывалі ўвосень, у кастрычніку, — так званыя «Пяцёнкі». У гэты час у Пружаны з‘язджаліся людзі амаль з усяго павета. Кастрычніцкія кірмашы з‘яўляліся месцам куплі-продажу коней. Прадавалі і куплялі на працягу ўсяго года, але ніколі гэта не было так масава, як у кастрычніку. Асабліва шмат тады прадавалася маладых, паўтарагадовых жарабят. Кароў можна было набыць і ў звычайныя кірмашовыя дні. Ніхто не меў патрэбы ездзіць для пакупкі альбо продажу каровы на больш далёкія рынкі, як гэта было ў выпадку з коньмі, такая ж самая сітуацыя і са свіннямі. Адкормленыя парасяты толькі ў нязначнай ступені ішлі на мясцовыя патрэбы. Большасць выгадаваных свіней накіроўвалася ў Польшчу. Іх скуплялі прыезджыя гандляры з дапамогай мясцовых агентаў. Куплены тавар у вызначаны дзень дастаўляўся на чыгуначную станцыю Аранчыцы, дзе непасрэдна пасля ўзважвання загружаўся ў вагоны.
Вера Церахава