Нядаўна ў рэдакцыю газеты паступіў званок ад жыхаркі нашага раёна, якая папрасіла расказаць наконт шкоды штучных кветак, якія запаланяюць могілкі, кожны год абнаўляюцца, а старыя выкідваюцца. Каментарый па гэтым пытанні нам дала начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Дрозд.
— Ускладанне штучных кветак на месцах пахавання не забаронена, але вядзе да неспрыяльных наступстваў для ўсяго нашага навакольнага асяроддзя. Уся справа ў тым, што штучныя кветкі пачынаюць выдзяляць таксічныя рэчывы, якія забруджваюць глебу, паветра і грунтавыя воды, а тэрмін іх распаду складае некалькі сотняў гадоў. Мы ж павінны думаць і аб наступных пакаленнях людзей, якія будуць пражываць на гэтай цудоўнай зямлі. Усе мы хочам, каб нашы нашчадкі пражывалі на экалагічна чыстай зямлі, таму хацелася б бачыць каля помнікаў больш жывых кветак, чым штучных.
Руслан Басак
Ад рэдакцыі: Зразумела, што гэтым невялікім матэрыялам-заклікам мы не зможам пераканаць людзей у шкодзе ўпрыгожвання магіл штучнымі кветкамі, дзе знайшлі свой спачын блізкія і родныя людзі.
Так, штучныя кветкі маюць танны кошт, захоўваюцца намнога даўжэй, чым жывыя. Але шкоды ад гэтых пластыкавых букетаў вельмі многа. Могілкі па сваёй насычанасці атрутай, пераўтвараюцца ў хімічную лабараторыю, у якую і заходзіць трэба ў ахоўным адзенні. Яшчэ больш яны забруджваюць глебу як на саміх могілках, так і ў месцах захоўвання цвёрдых бытавых адходаў. Гэтыя атрутна-яркія букеты па сваіх складніках не могуць быць другаснай сыравінай. Дык можа варта ад іх адмовіцца?