Па выніках правядзення 21 ліпеня селектарнай нарады па пытаннях уборачнай кампаніі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў шэраг важных даручэнняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У ліку актуальных тэм, якія абмяркоўваліся на мерапрыемстве, былі пытанні фінансавання сельгасарганізацый, у тым ліку пры закупцы паліва. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы даручыў ураду ў бліжэйшы час сабраць старшынь аблвыканкамаў і разам з імі вырашыць праблемныя пытанні. «Там, дзе трэба дапамагчы, — падстаўце плячо. Дзе лайдачаць і не хочуць працаваць — унясіце прапановы», — звярнуўся Прэзідэнт да прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі.
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў тэматыцы выбару асноўных сельскагаспадарчых культур, на якія варта рабіць асноўны ўпор. Размова ішла пра азімы ячмень, кукурузу і рапс.
Тлумачачы, у чым перавагі азімага ячменю для сельскай гаспадаркі Беларусі, Прэзідэнт падкрэсліў, што ніхто не настойвае на штучным насаджэнні гэтай культуры па ўсёй краіне, таму не варта праводзіць паралелі з распаўсюджваннем кукурузы пры Мікіце Хрушчове.
«Падкрэсліваю: азімы ячмень — гэта не маё вынаходства, мы яго вырошчвалі даўно, але па астаткавым прынцыпе. Мы ніколі не ўдзялялі гэтай культуры асаблівай увагі, а ёй трэба ўдзяляць асаблівую ўвагу, калі вырашылі яе вырошчваць», — заявіў беларускі лідар.
«Гэта капрызная культура, яна добрая там, дзе захоўваюцца тэхналогіі (у прынцыпе, як і любая іншая культура, але азімы ячмень — перш за ўсё), — сказаў Прэзідэнт. — Азімаму ячменю, я лічу, быць. Ён перажыў катастрофы мінулага і гэтага года і даў нядрэнны ўраджай». На асобных палях у Беларусі яго ўраджайнасць дасягае 70-100 ц/га.
Важным фактарам на карысць вырошчвання гэтай культуры з’яўляецца і ранні тэрмін уборкі — да пачатку масавай уборачнай кампаніі, што дае магчымасць загадзя абкатаць тэхніку, падрыхтаваць механізатараў і іншы персанал. «Але трэба жалезнае захаванне тэхналогій і адпаведны падбор палёў», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
Пазітыўна ацаніў Аляксандр Лукашэнка і перспектывы вырошчвання рапсу: «Гэта добрая грашовая культура, і ёю трэба займацца. Як азімы ячмень, так і рапс, асабліва азімы, патрабуюць строгага захавання тэхналогій». Нават пры ўраджайнасці 35 ц/га азімы рапс дае вельмі добры даход. «Кітайцы просяць павялічыць пастаўкі ім рапсавага алею. Ды і еўрапейцы, якімі санкцыі ні былі б, з задавальненнем будуць браць у вас гэты алей. І трэба паціху наша насельніцтва прывучаць да рапсавага алею. Ён не горшы, чым сланечнікавы, а па многіх паказчыках — нават лепшы», — сказаў Прэзідэнт.
Разам з тым ён падкрэсліў, што ні ў якім разе не настойвае на неабходнасці паўсюднага вырошчвання гэтых культур, мэтазгоднасць гэтага павінна ацэньвацца на месцах. «Не трэба націскаць: «Давайце будзем вырошчваць, як калісьці Мікіта Сяргеевіч патрабаваў вырошчваць кукурузу». Хоць ён меў рацыю. Нават у нас, у Беларусі. Вазьміце гэты год — калі б не было кукурузы, нам было б вельмі цяжка. Пры ўсёй засусе кукуруза на ўсіх палях дае добры вынік. Таму не трэба сёння кідаць кукурузнымі пачаткамі ў бок чалавека, якога ўжо няма і які меў рацыю», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Гэтым дзвюм культурам быць, іх трэба вырошчваць, — рэзюмаваў Прэзідэнт. — Але тэхналогіі і яшчэ раз тэхналогіі. Без тэхналогій нічога не будзе».
Прадаўжаючы размову аб тэхналагічнай дысцыпліне, Прэзідэнт засяродзіў увагу на захаванні рацыянальных падыходаў да падрыхтоўкі глебы пад будучыя пасевы і на арганізацыю лушчэння іржышча ў тых выпадках, калі не рацыянальна праводзіць уборку саломы для патрэб жывёлагадоўлі. Рацыянальна, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, варта паставіцца і да пасеваў кукурузы, вызначыўшыся са стратэгіяй: што рыхтаваць на сілас, а што пакідаць на зерне. Выказаўся Прэзідэнт і наконт закупкі насення, якое не вырошчваецца ў нашай краіне, напрыклад, люцэрны. На думку кіраўніка дзяржавы, у гэтым выпадку мэтазгодна арганізаваць агульную закупку для патрэб усіх сельгасарганізацый, што дасць магчымасць за кошт значных аб’ёмаў набыць насенне па больш выгаднай цане.
Адно з даручэнняў кіраўніка дзяржавы датычылася дадатковага забеспячэння сельгасарганізацый механізатарамі на час уборачнай кампаніі. «Самае галоўнае — мы ў бягучым годзе павінны закончыць выпрацоўку практыкі запрашэння механізатараў звонку, асабліва з прамысловых прадпрыемстваў. Мы павінны дакладна разумець, колькі нам у бягучым годзе і ў наступным трэба будзе, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы будзем ведаць канкрэтных людзей і адкуль заўтра іх запросім, г.зн. напрацаваць механізм і практыку ў бягучым годзе, каб не куляцца з году ў год».
«Упаўнаважаным і памочнікам — неадкладна выехаць на месцы і аказаць усялякую падтрымку губернатарам і абласцям у арганізацыі ўборачнай кампаніі. Як вы будзеце там працаваць — гэта ваша справа, толькі не перашкаджайце», — агучыў яшчэ адно даручэнне Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што да яго паступаюць скаргі на нясвоечасовыя разлікі перапрацоўчых прадпрыемстваў за прадукцыю, пастаўленую сельгасарганізацыям і фермерам. У прыватнасці, размова ішла пра малако і мяса. «Гэта, Раман Аляксандравіч (Галоўчанка, прэм’ер-міністр. — Заўвага БЕЛТА), недапушчальна. Дзе хочаце трэба знайсці грошы, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Здачы (калі прадукцыю здаюць, а не прадаюць. — Заўвага БЕЛТА) быць не павінна, трэба купляць малако і мяса. Кроў з носа трэба знайсці грошы, каб не было завінавачанасці перад калгасамі, саўгасамі».
Гаворачы аб сітуацыі ў сельскай гаспадарцы ў цэлым, Прэзідэнт заўважыў: «Я бачу, што праведзена вельмі вялікая работа па падрыхтоўцы ўраджаю. Людзі разумеюць, што нам трэба сёння мабілізавацца, ад гэтага залежыць наша будучыня». Разам з тым ён звярнуў увагу на тое, што ў бягучым годзе ёсць верагоднасць па асобных культурах недабраць той аб’ём ураджаю, які быў запланаваны. Але гэта не выклікае моцнай занепакоенасці, паколькі ў больш ураджайныя гады ў краіне быў сфарміраваны дастатковы запас, у тым ліку і па збожжы. «У нас у рэзерве мільён тон збожжа — тое, чаго я ад вас заўсёды патрабаваў: няхай будзе рэзерв. Сёння няма праблем, гэты недабор мы спакойна перакрываем са сваіх рэзерваў. Плюс: бачым таннае збожжа — трэба яго закупіць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым пытанні трэба падыходзіць па-сялянску, па-вясковаму. «Запас бяды не чыніць». Трэба абавязкова мець рэзервы, запасы. Чаго б нам ні каштавала, трэба глядзець не толькі па баках, але і ўнутры на нашы рэзервы, якія мы можам выкарыстоўваць», — звярнуў увагу Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы арыентаваў усіх адказных асоб у цэнтры і на месцах на актыўнае правядзенне ўборачнай кампаніі і вельмі сур’ёзнае да яе стаўленне: «Яшчэ раз паўтараю: часу на разварушванне няма. Мы ўжо разварушыліся на азімым ячмені і часткова на рапсе, ужо нават у Віцебскай вобласці пачалі пшаніцу ўбіраць. Актывізуйцеся. Не дай бог нейкая нестабільнасць! Яна пачынаецца з эканомікі, а эканоміка пачынаецца з таго, як накормлены і апрануты людзі. Усё гэта — у сельскай гаспадарцы».