Свежыя эканамічныя выкладкі нашых заходніх «партнёраў» практычна па ўсіх накірунках дзейнасці стракацяць чырвоным колерам, які азначае зніжэнне асноўных паказчыкаў. Еўрапейскія прагназісты забыліся пра слова «развіццё» і спаборнічаюць у адгадванні лічбаў страт. Пры гэтым аднадушна сцвярджаюць, што набліжаецца крызіс будаўнічага комплексу Еўрасаюза. Нагадаем, што ўжо не адзін год еўрапейскія краіны падтрымліваюць у стаўленні да Беларусі санкцыйны рэжым, які не пакінуў незаўважанай і будаўнічую галіну айчыннай эканомікі. Дык што ж адбываецца ў нас, калі там стала так горка?

Менавіта гэта пытанне мы і задалі намесніку старшыні райвыканкама Сяргею Гуку, які курыруе дзейнасць будаўнічага комплексу Пружанскага раёна.
— Зараз ужо вядомы афіцыйныя лічбы работы галіны з пачатку бягучага года, якія поўнасцю адлюстроўваюць тую сітуацыю, што назіраецца ў нашых будаўнікоў сёлета, — сцвярджае Сяргей Міхайлавіч. — У прыватнасці, статыстыка сярэдняспісачнай колькасці работнікаў трох пружанскіх будаўнічых прадпрыемстваў паказвае рост да 104,7%, што азначае актыўнасць наймальнікаў па прыцягненні кадраў. Калі якіх-небудзь скептыкаў не пераконвае гэта лічба, прывяду дадатковыя: рост заработнай платы за аналагічны перыяд склаў 31,5% да адпаведнага мінулагодняга ўзроўню, а аб’ём падрадных работ (у супастаўных цэнах) у першым паўгоддзі плюсуе да 110,7%. І гэта на фоне таго, што мінулы год быў не менш загружаным.
— Раскажыце больш падрабязна пра канкрэтныя будоўлі ў раёне.
— Сярод знакавых аб’ектаў, якія маюць права на ўключэнне ў гісторыю развіцця нашага рэгіёна, першым варта назваць пашырэнне плошчаў гарадской бальніцы з узвядзеннем дадатковай прыбудовы пад размяшчэнне кабінета камп’ютарнай тамаграфіі і прыёмнага пакоя, за што адказвала ПМК-21. Дадаткова будаўнікамі ПМК-22 вядзецца рэканструкцыя будынка былой санстанцыі, куды пасля заканчэння работ «пераедзе» шэраг бальнічных падраздзяленняў, дзякуючы чаму ў пружанскіх медыкаў будзе больш магчымасцей дзяліць патокі наведвальнікаў.
Ідуць будоўлі і ў прамысловай галіне Пружанскага раёна. ПМК-21 практычна пабудавала ўжо цэх мясных кансерваў райспажыўтаварыства, да запуску якога засталося нядоўга. Вытворчы аб’ект створыць дадатковыя працоўныя месцы, а таксама дасць магчымасць на месцы вырабляць гатовую прадукцыю. Там таксама закончаны будаўніча-мантажныя работы і вырашаюцца апошнія арганізацыйныя пытанні. У гэты спіс варта ўключыць і аб’екты ў жыллёвым будаўніцтве. Сёлета будаўнікамі «Рамбуд» г. Пружаны будзе здадзены 32-кватэрны дом у г.п. Ружаны, у якім частка кватэр будзе арэнднай, што дазволіць зацікавіць маладых спецыялістаў затрымацца на месцы. У дадатак, там жа вырашаюцца праблемы з водазабеспячэннем.
А яшчэ сур’ёзным лічу будаўніцтва сталоўкі для псіханеўралагічнага інтэрната ў в. Янаўшчызна, які мяркуецца закончыць у наступным годзе. Там шчыруе ПМК-22 з прыцягненнем асобных брыгад «Рамбуд» г. Пружаны.
— Сяргей Міхайлавіч, няўжо ў будаўнічай галіны раёна няма праблем?
— Цяперашнія праблемныя пытанні, якія даводзіцца вырашаць нашым будаўнікам, звязаны не з пошукам аб’ектаў, каб загрузіць кадры і магутнасці, а наадварот, з недахопам працоўных рук, каб спра-віцца з тымі задачамі, што ёсць. Востра патрэбны прафесіянальныя муляры, якіх мяркуецца прыцягваць ростам заработнай платы ў сферы, праз мэтавую падрыхтоўку маладых спецыялістаў. Акрамя таго, ужо назіраецца знос матэрыяльна-тэхнічнай базы, якая патрабуе чарговага абнаўлення на сучасную тэхніку.
— Гэта паўплывае на планы наступнага года?
— Прызнацца, некаторыя падыходы даводзіцца перагледжваць. У прыватнасці, гараджане ўжо могуць пабачыць, як вымалёўваецца новы мікрараён на вуліцы Майскай, дзе здадзены ў эксплуатацыю 3 дамы, а ўсяго мяркуецца ўзвесці 8 дамоў. Тая тэрыторыя змянілася ўжо непазнавальна і будзе мяняцца ў наступныя гады. Вось толькі даводзіцца адыходзіць ад планаў па ўзвядзенні цагельных шматпавярховак з пераходам на панэльнае будаўніцтва. Хаця будучыя навасёлы наўрад ці знойдуць розніцу, таму што ЖБ-канструкцыі істотна ўдасканалены і адпавядаюць усім эксплуатацыйным патрабаванням: па цепла- і гукаізаляцыі, эстэтыцы і даўгавечнасці. Проста збіраюцца накшталт канструктара, не патрабуючы масавага прыцягнення муляраў. Больш таго, паскараецца і само будаўніцтва.
Таксама мяркуем з наступнага года пачаць размяркоўваць участкі на прыватную забудоўлю ў квартале «Паўночна-Заходні» паміж Якавічамі кварталам 8-е Сакавіка. Амаль усе падрыхтоўчыя работы, звязаныя з пракладкай інжынерных камунікацый і дарог, закончаны, а затрымалі нас энергетыкі, якія пакуль вырашаюць пытанні з фінансаваннем.
Дадаткова плануем на наступны год будаўніцтва вытворчых аб’ектаў. Шэраг малочнатаварных фермаў плануецца ўзводзіць у Шарашэве, Шанях, Рудніках, дзе аб’ёмаў хопіць не толькі пружанскім будаўнікам.

— З улікам такой рэальнасці, што б Вы пажадалі пружанскім будаўнікам на наступны сезон?
— Безумоўна, хочацца, каб на рэалізацыю задумак у нас хапіла здароўя, энергіі і нават настрою. А яшчэ, з улікам таго, што будаўнікі запатрабаваны больш за ўсё ў мірны час, зычу ўсім нам спакою ў краіне і на яе межах, спакою на вуліцах беларускіх гарадоў і ў кожнай сям’і.
Гутарыў Алег Сідарэнка