Заўсёды актуальным застаецца пытанне навядзення парадку на нашай з вамі зямлі. У гэтым плане ў Пружанскім раёне робіцца многае, і не толькі падчас адпаведных месячнікаў і акцый: высаджваюцца дрэўцы, работнікі камунальнай службы шчыруюць на высадцы прыгожых кветак, якія радуюць вока да позняй восені, праводзяцца суботнікі, падчас якіх прыбіраецца смецце. Многія жыхары раёна імкнуцца, каб рэгіён быў чыстым і ўтульным, прывабным воку. Не застаецца ўбаку ад навядзення парадку і Пружанская інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя: яна каардынуе шэраг работ, якія праводзяцца рознымі службамі, ажыццяўляе непасрэдны кантроль.

Пра тое, што было зроблена ўвогуле за год мінулы на тэрыторыі раёна, мы пагутарылі з начальнікам інспекцыі Вольгай Дрозд.
— Вольга Міхайлаўна, ці справіліся з пастаўленымі ў мінулым годзе задачамі?
— Работа традыцыйна вялася ў адпаведнасці з раённым планам мерапрыемстваў, які зацвярджаецца на кожны год, кіраваліся і Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17.11.2021 года № 668 «Аб навядзенні парадку на зямлі». Адзначу, што ўсе запланаваныя заданні выкананы ў поўным аб’ёме.
— Напрыклад, што тычыцца добраўпарадкавання…
— У ходзе работ па добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў было адрамантавана пяць спартыўных і дзіцячых гульнявых пляцовак, усталявана і адрамантавана 16 кантэйнерных пляцовак, а таксама 27 кантэйнераў для раздзельнага збору адходаў, праведзены рамонт агароджаў на чатырох могілках, удзялялася ўвага вулічна-дарожнай сетцы, знесены 131 пустуючы і трухлявы жылы дом, праведзена пасадка больш за 2,5 тыс. дрэў, каля 1,4 тыс. кустоў і 14 тыс. кветак.
Зразумела, сачылі за станам і абсталяваннем месцаў і зон адпачынку на водных аб’ектах, па выніках абследавання рамантаваліся малыя архітэктурныя формы, было абсталявана дзве паркоўкі, чатыры спартыўныя пляцоўкі, два грамадскія туалеты.
— А што наконт пустуючых сельскагаспадарчых і лясных тэрыторый?
— У раёне ў мінулым годзе было ўведзена ў гаспадарчы абарот 93,6 га сельскагаспадарчых зямель, якія пуставалі. На тэрыторыях ляснога фонду на плошчы ў 143 га выкананы санітарныя высечкі, вялася ўборка смецця. Працягвалася работа па выдаленні баршчэўніку Сасноўскага, праводзілася выдаленне павалаў уздоўж аўтамабільных дарог і небяспечных дрэў на адлегласці 4,71 км.
— Раённая інспекцыя вяла кантроль за выкананнем вышэйназванага плана і наогул за парушэннямі прыродаахоўнага заканадаўства. Што паказалі праверкі?
— У 2022 годзе было праведзена 292 абследаванні, 147 маніторынгаў і 87 мерапрыемстваў тэхнічнага характару. У ходзе гэтай работы было выяўлена 492 парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства, складзена 12 адміністрацыйных пратаколаў на суму 13920 рублёў, а таксама вынесена 94 пастановы аб вызваленні ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджанняў. Прад’яўлена прэтэнзій на суму 9552 рублі па 13 фактах прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю.
— Балючым пытаннем, як заўсёды, застаецца з’яўленне несанкцыянаваных звалак, пра што, дарэчы, мы неаднойчы пісалі і ў «раёнцы».
— Зразумела, прасачыць за кожным жыхаром немагчыма. Тут, у першую чаргу, патрэбна разлічваць на сумленне нашых людзей, на іх выбар: дзе хочуць жыць — у чысціні ці ў брудзе? А сумленне спрацоўвае далёка не ва ўсіх. Так што пытанне трымаем на кантролі пастаянна. У мінулым годзе звалкі былі выяўлены ў Ружанскім, Зеляневіцкім, Хараўскім, Шчарчоўскім і Сухопальскім сельсаветах. Маюць месца яны і ў райцэнтры. Пры гэтым выкінутыя адходы выяўляюцца не толькі на землях агульнага карыстання, але і ў лясах, пунктах прыпынку, месцах адпачынку. Часта на абочынах уздоўж аўтамабільных дарог можна ўбачыць ПЭТ-бутэлькі, пакеты, якія грамадзяне выкідваюць прама з аўтамабіляў. Тут самае цікавае заключаецца ў тым, што мы ўсе гаспадары ў сваім доме, а за яго межамі для некаторых — трава не расці. Логіка незразумелая і шкодная, сорамна за такіх людзей. Чаму такія «гаспадары» навучаць сваіх дзяцей?
— Нагадайце, калі ласка, Вольга Міхайлаўна, чытачам аб адказнасці, прадугледжанай заканадаўствам за самавольнае ўтварэнне звалак.
— Згодна з Кодэксам РБ ад адміністрацыйных правапарушэннях, за грэбаванне патрабаваннямі заканадаўства аб абароце з адходамі пагражае штраф у памеры да 30 базавых велічынь для фізічных асоб, да 100 БВ — для індывідуальных прадпрымальнікаў, да 1000 БВ — для юрыдычных асоб. Дарэчы, у 2022 годзе райінспекцыяй было складзена два адміністрацыйныя пратаколы на агульную суму 4160 рублёў, а таксама выяўлена сем фактаў прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю ў выніку засмечвання адходамі на суму звыш 6000 рублёў.
Але справа не ў страху пакарання. Хочацца, каб жыхары раёна разумелі, што стыхійныя звалкі не толькі негатыўна ўплываюць на глебу, але і атручваюць атмасферу, водныя аб’екты, жывёльны і раслінны свет. Раённая інспекцыя звяртаецца да грамадзян з просьбай: калі вы сталі сведкамі парушэнняў заканадаўства, пра якія гаварылася вышэй, калі ласка, патэлефануйце па наступных нумарах: 4-13-18, 4-13-19 або 8-029-793-89-10 (Viber).
Гутарыў Вадзім Раўнейка