Понедельник, 16 сентября 2024

Што ў Пружанах не так з мастамі?

814

Зараз на некаторых інтэрнэт-рэсурсах гэта пытанне самае актуальнае. Узнікла яно па прычыне частковага разбурэння пешаходнага моста па вуліцы Пушкіна ў райцэнтры. Адразу нехта ўспомніў пра забарону праходу па падобным мосце на вуліцы Кастрычніцкай, і ў выніку чаго найбольш «прасунутыя» карыстальнікі зрабілі выснову, нібыта ўсе падобныя канструкцыі ў Пружанах раптам сталі небяспечнымі.

«Раённыя будні» атрымалі дакладную інфармацыю з афіцыйных крыніц.

Мост па вул. Пушкіна.

Як зазначае начальнік ДЭУ-25 Уладзімір Пунько, праблемныя ўчасткі пешаходнага моста па вул. Пушкіна былі вядомы яшчэ да іх яўнага праяўлення.

— З улікам гэтага, на бягучы год запланаваны аднаўленчыя работы,— паведаміў Уладзімір Іванавіч.— Згодна са складзенай праграмай, мерапрыемствы мяркуецца правесці ў летнія месяцы. Але зараз вырашаецца пытанне аб іх пераносе на больш ранні тэрмін з-за яўных негатыўных прыкмет.

У той жа час, па словах кіраўніка дарожнай арганізацыі, на абслугоўванні якой знаходзіцца мост па вул. Пушкіна, ніякай пагрозы абрушэння канструкцыі няма. Папярэдне ўвесь пуцеправод быў абследаваны спецыялістамі і сур’ёзных заўваг яго стан не выклікаў. Разбурыўся толькі край бетонных пліт, на якіх няма небяспечных расколін. Для захавання бяспекі пешаходаў рух па мосце часткова абмежаваны, для праходу свабоднай застаецца большая яго частка.

Што тычыцца аднаго з пешаходных мастоў па вул.Кастрычніцкай, то, як паведаміў дырэктар КУВП «Камунальнік» Сяргей Бабрук, яго таксама чакае рамонт бягучым летам. Праход па ім забаронены поўнасцю, таму што тут сапраўды стварылася пагроза абрушэння. Патрэбна памяняць пліты асновы і зрабіць цвёрдае пакрыццё.

Па словах Сяргея Васільевіча, зімой 2020 года было праведзена маштабнае абследаванне ўсіх мастоў на гарадскіх вуліцах, вынікам якога стала заключэнне аб магчымасці бяспечнага карыстання імі да 2025 года.

І наконт «неразумнага размеркавання бюджэтных сродкаў». Абывацельскія меркаванні «трэба сюды, а не туды» могуць праходзіць на ўзроўні планаў на фінансы сям’і ці асобнага чалавека. На рэспубліканскім і раённым узроўні загадзя фарміруецца бюджэт, у якім прапісваюцца асноўныя артыкулы, на якія будуць выдаткаваны сродкі ў вызначаны перыяд.

Мост па вул. Кастрычніцкай.

Атрымліваецца як з фундаментальным законам захавання энергіі, па аналогіі з якім можна сказаць, што грошы таксама не бяруцца ніадкуль і не знікаюць нікуды. Напрыклад, пешаходны мост па вул. Пушкіна ўключаны ў рэспубліканскую праграму, згодна з якой запланавана адпаведнае фінансаванне. Канструкцыя на Кастрычніцкай будзе адрамантавана за сродкі мясцовай камунальнай службы. Інакш зруйнуецца логіка планавання бюджэтных выдаткаў, а таксама і складанне справаздачы перад падаткаплацельшчыкамі.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік