«У роднай зямлі ўсё наша шчасце» — свята пад такой назвай у мінулую суботу, на якую якраз выпаў Яблычны Спас, работнікі Роўбіцкага сельскага клуба-біблятэкі наладзілі для жыхароў вёскі Глушэц.
Ідэя сабраць усіх тых, каму дарагая памяць пра мінулае, нарадзілася яшчэ летась. Родная вёска — гэта тое ядро, тая аснова, з якой пачынаецца першы крок у вялікае жыццё, дзе вымаўлена першае слова. На жаль, сыходзяць у нябыт малыя беларускія вёскі, бо часам так складваецца жыццё, што дапамагчы ім нельга і выратаваць няма каму. Ціха і непрыкметна знікаюць яны з карты і… з нашай памяці. Але боль ад страты моцны.
Да ліку такіх знікаючых вёсак адносіцца і Глушэц Сухопальскага сельсавета. Ужо з самой назвы бачна, што вёска ў свой час з‘явілася ў лясной глухамані, паводдаль ад буйных населеных пунктаў і вялікіх дарог, дзе гнездаваліся прыгожыя птушкі-глушцы. Але звестак пра саму вёску амаль няма. Па дадзеных перапісу 1905 года тут пражывала 35 жыхароў. Некаторы час, з 15 студзеня 1940 да 17 снежня 1956 года, яна ўваходзіла ў склад створанага Шарашоўскага раёна, а потым зноў стала часткай Пружаншчыны. У 1940 годзе ў вёсцы налічвалася 15 двароў, у якіх пражывала 75 жыхароў.
Не абмінула Глушэц Вялікая Айчынная вайна. У жніўні 1941 года гітлераўцы спалілі ўсе дамы і забілі трох жыхароў. Голад, холад, непамерна цяжкую працу прыйшлося перажыць астатнім. Але людзі годна вытрымалі ўсе нягоды, не зачарсцвелі душой. А ў 1944-м глушэцкія мужчыны адправіліся вызваляць Еўропу ад карычневай чумы. Сярод воінаў былі ўраджэнцы вёскі Цабрук Аляксей Іосіфавіч, Цабрук Мікалай Міхайлавіч, Цабрук Мікалай Раманавіч, Цабрук Рыгор Мікалаевіч, Клімец Пётр Канстанцінавіч, Гарустовіч Павел Паўлавіч, Дземянцей Мікалай Іванавіч… Праз страты, цяжкасці і жахі ішоў шлях да Перамогі людзей, якія вярнуліся з баявымі ўзнагародамі на грудзях, а потым аднаўлялі, адбудоўвалі гаспадарку.
Людзі ва ўсе часы заставаліся галоўным багаццем вёскі. Яны шчыравалі ў гаспадарцы, на палетках і фермах, аддаючы ўвесь запал душы справе і не задумваючыся над тым, што сваёй працай множылі славу не толькі Глушэцкай зямлі, але і ўсяго раёна. А яшчэ практычна ў кожнага быў свой асаблівы дар, сваё майстэрства: жанчыны ўмелі прасці і ткаць, шыць, вышываць, вязаць, захоўвалі сакрэты традыцыйнай беларускай кухні. Мужчыны ж маглі і дом пабудаваць, і печку скласці, і яшчэ многае іншае.
На вялікі жаль, вельмі многіх жыхароў ужо няма. Але на свяце прысутнічалі іх дзеці, унукі, праўнукі, якія ўшанавалі хвілінай маўчання ўсіх тых, хто жыў тут, пра каго засталася добрая памяць.
Віншаваў усіх жыхароў і гасцей свята старшыня Сухопальскага выканаўчага камітэта Міхаіл Яўгеньевіч Мартынаў.
На сённяшні дзень у Глушцы пражывае сямёра чалавек, сярод якіх толькі адзін мужчына. Старэйшай жыхарцы, Яўгеніі Уладзіміраўне Цабрук, сёлета ў кастрычніку споўніцца 95 гадоў.
Радасна было бачыць тых, хто прыехаў на сустрэчу з аднавяскоўцамі. Вельмі многія з іх пражылі такое жыццё, што з гонарам можна казаць: «Гэта наш зямляк!» Сярод такіх — Яўген Астапчук і Мікалай Тарасевіч, якія годна выканалі свой воінскі абавязак у Афганістане, у мірны час зведалі жахі вайны. Ушанавалі аднавяскоўцаў падарункамі ад сельвыканкама, аддзела культуры, грамадскага аб‘яднання «Белая Русь».
Аднавяскоўцы радаваліся сустрэчы, вялі цёплую сяброўскую гутарку, шмат чаго ўспомнілі, шмат спявалі, танцавалі, а яшчэ дагаварыліся сустрэцца зноў. І мы, работнікі Роўбіцкага сельскага клуба-бібліятэкі, паабяцалі, што абавязкова яшчэ завітаем сюды ў госці з канцэртнай праграмай.
Лета заканчваецца, а з ім завяршаецца і сезон святаў вёсак. Глушэц сёлета стаў апошнім у чарадзе падобных мерапрыемстваў, што наладзіў або ў якіх прыняў удзел наш калектыў.
Усім, хто меў дачыненне да арганізацыі мерапрыемстваў, дзякуем за падтрымку. Вам і вашым сем’ям жадаем моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, хлеба ўволю, каб ён заўсёды ганарова ўзвышаўся на стале. Будзьце шчаслівымі пад мірным небам! Да новых сустрэч!
Таццяна Папко, загадчыца Роўбіцкага сельскага клуба-бібліятэкі