Вторник, 8 октября 2024

Шматдзетная сям’я Вакульскіх прымала падарункі ў рамках акцыі «У школу — з «Белай Руссю»

294

Працягваецца маштабная дабрачынная акцыя «Збяры дзіця ў школу». Яе галоўная мэта — сабраць усё неабходнае для вучобы дзецям са шматдзетных і асабліва маючых патрэбу сем‘яў. Актыўную работу ў гэтым напрамку таксама праводзяць грамадскія аб’яднанні.

На мінулым тыдні ў рамках акцыі «У школу — з «Белай Руссю» актывісты раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання ўручылі шматдзетнай сям’і Вакульскіх падарункі да школы. У сям’і выхоўваецца шасцёра дзяцей, трое з якіх школьнікі. Дзеці атрымалі адзенне, канцылярскія прыналежнасці, развіваючыя гульні, пазлы і розныя прысмакі, чым былі вельмі задаволеныя. Па словах старшыні Пружанскай арганізацыі РГА «Белая Русь» Таццяны Кашкан, яшчэ запланавана ўручэнне падарункаў пяці шматдзетным сем’ям, а таксама карысных школьных рэчаў першакласнікам, бацькі якіх з’яўляюцца членамі арганізацыі.

Юлія Вакульская з дзецьмі прымае падарункі ад актывістаў «Белай Русі».

Кожны год у добрай справе ўдзельнічае вялікая колькасць неабыякавых людзей, збіраюць неабходныя рэчы, прадметы першай неабходнасці. Сёлета ініцыятыву падтрымала даўні сябар «Белай Русі», кіраўнік творчага калектыву «Нам гады не бяда» Святлана Несцерава, якая падрыхтавала новае адзенне для перадачы ў шматдзетныя сем’і. Нават маленькі ўклад у вялікую справу дапаможа многім дзецям сустрэць навучальны год у поўнай гатоўнасці.

Дабрачынная акцыя працягнецца да канца жніўня.

Ірына Велясевіч.

Фота аўтара