Четверг, 25 апреля 2024

Шматдзетная сям’я Калінейкаў з Шарашэва — пра сваю гісторыю, любоў і тых, хто робіць маму і тату шчаслівымі

443

Адны кажуць, што калі доўга чакаеш, заўсёды атрымліваеш самае лепшае. Іншыя — што шчасце заўсёды недзе побач з чалавекам. Галоўнае — заўважыць і ўжо ніколі не адпускаць. Як бы пацвярджае другую думку гісторыя шматдзетнай сям’і Калінейкаў з г.п. Шарашэва.

Знаёмства Юрыя і Ганны адбылося на навагодняй дыскатэцы ў мясцовым цэнтры культуры і вольнага часу. Хлопец і дзяўчына вучыліся ў адной школе — Шарашоўскай, ведалі адзін аднаго. Але менавіта навагодняя ноч падарыла яму магчымасць запрасіць яе на танец. Калі святочны вечар закончыўся і Юрый захацеў правесці Ганну дадому, яна збегла, нібы Папялушка. Але аказалася, што на гэтым казка не заканчвалася, а толькі пачыналася — пачыналася іх гісторыя кахання, якое стала падмуркам для стварэння сапраўднай, моцнай і дружнай сям‘і.

Знайсці Ганну ў родным пасёлку для Юрыя было нескладана. Пасля былі шматлікія спатканні і прапанова рукі і сэрца. Мужам і жонкай Юрый і Ганна сталі ў Дзень маці, 14 кастрычніка, тады ж і павянчаліся ў царкве, а сёлета адзначаць бірузовае вяселле — 18-годдзе сумеснага жыцця.

Ці маглі тады, у 2006-м, уявіць, што стануць шматдзетнымі бацькамі? Абодва адказваюць на гэтае пытанне адназначна. Самі ж выраслі таксама ў шматдзетных сем’ях: у Юрыя — брат і дзве родныя сястры, у Ганны — тры сястры. Жонка прызнаецца: яшчэ на самым пачатку муж заявіў цесцю, што ў іх з Ганнай сям’і дзетак будзе пяцёра. Менавіта столькі цудоўных «кветачак» сёння ў мамы і таты. Пра кожнага Ганна Паўлаўна, здаецца, можа расказваць гадзінамі.

— Першай на свет з’явілася наша Юліяна. Зараз яна ўжо ў 11 класе і ўзмоцнена рыхтуецца да паступлення. А тады мы з мужам ламалі галаву: як жа назваць дачушку, каб гэта было і прыгожа, і арыгінальна? Каб паглядзець магчымыя варыянты імёнаў, Юра адправіўся ў бібліятэку. Дагэтуль памятаю яго тэлефанаванне: «Аня, я знайшоў! Яе будуць зваць Юліяна — гэта як Юрый і Ганна». Такім чынам, у імені першай дачушкі мы нібыта яшчэ раз змацавалі наш саюз, — расказвае і ўсміхаецца мая субяседніца.

Другім у сям’ю прыйшоў хлопчык. Імя яму Ганна Паўлаўна выбрала самастойна і назвала Ільёй. На гэта муж спачатку крыху пакрыўдзіўся. Аказваецца, у яго сям’і існуе традыцыя называць сына Юрыем. Але хутка згадзіўся, што Ілья — прыгожае імя, якое выдатна падыходзіць сыну. І традыцыю таксама не парушылі: Юрыем (для сваіх — Юрчыкам) завуць чацвёртае дзіця мамы і таты.

Цікавай была гісторыя з выбарам імені і для трэцяга. У сне Юрый Юр’евіч убачыў дзяўчынку, якая сказала: «Тата, назаві мяне Ангелінай». Менавіта так бацькі і зрабілі. Самы ж маленькі ў сям’і — Ігнацій, такое імя падбіралі хлопчыку мама і тата разам з Юрчыкам. Разам з тым выканалі яшчэ адну традыцыю, якую самі і ўвялі: імёны ўсіх дзетак у сям’і пачынаюцца з галосных літар.

Цяпер у іх сапраўдная сям’я — тата, мама і пяцёра дзетак. Пытаюся: як захаваць гармонію і што трэба для таго, каб быць шчаслівымі шматдзетнымі бацькамі?

— Мы ўсё робім разам. Разам святкуем Нараджэнне Хрыстова, Новы Год і Вялікдзень. Дарэчы, і каталіцкі, і праваслаўны — так навучылі бацькі, многія родзічы — каталікі, ды і мы паважаем абедзве канфесіі. Разам падарожнічаем. Разам гатуем абед ці вячэру. А яшчэ наш дом заўсёды адкрыты для гасцей. Часам на выхадных у нас не толькі свае дзеткі, але і іх сябры, а таксама дзеці сясцёр і братоў, сяброў. І мы не дзелім іх на сваіх і чужых, — расказвае Ганна.

Магчыма, менавіта таму мама і тата выношваюць яшчэ адну ідэю: стаць бацькамі прыёмнымі. Дакладней, сапраўднай сям’ёй для таго хлопчыка ці дзяўчынкі, якія пазбаўлены бацькоўскай любові. Ажыццявіцца задума, прызнаецца Ганна, можа праз некалькі гадоў, калі старэйшыя паступяць у ВНУ і пакінуць бацькоўскае гняздо. «Менавіта ў дзецях мы бачым шчасце, без іх не ўяўляем сябе», — проста і з любоўю кажа шматдзетная мама.

А пакуль усю ўвагу надаюць развіццю сваіх пяці самых дарагіх і любімых. Так, Юліяна скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, навучылася граць на гітары і баяне, на «ты» з адзінаборствамі. Майстэрства валодання фартэпіяна зараз асвойвае ў Шарашоўскай ДШМ і Ангеліна. А вось хлопцы, як і мае быць, захапляюцца спортам. Ілья і Юрчык наведваюць клуб адзінаборстваў «VARG», які працуе на базе СШ № 5 і кіруе якім Аляксандр Нічыпорчык. У гэтым месяцы, дарэчы, прывезлі другое месца з рэспубліканскіх спаборніцтваў у Белаазёрску.

Не адстаюць і бацькі: мама да цяжарнасці наведвала клуб фітнесу ў Шарашэва, а фізічныя нагрузкі для таты — выратавальніка мясцовай пажарнай часці — звыклая справа. А яшчэ шматдзетнасць не стала перашкодай для Ганны Паўлаўны, і зараз яна не толькі мама і санітарка (ужо не Шарашоўскай гарбальніцы, а кабінета ультрагукавой дыягностыкі Пружанскай ЦРБ), але і… навучэнка Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа! Завочна асвойвае прафесію агранома. Кажа, што сумяшчаць ролю навучэнкі з роляй матулі цікава. Напрыклад, за дзень да з’яўлення на свет малодшага Ігнація Ганна Паўлаўна здавала экзамен!

Нядзіўна, што такая любячая, актыўная і жыццярадасная матуля адзначана найвышэйшай узнагародай мацярынства Беларусі — ордэнам Маці. Яго ўручэнне, нагадаем, адбылося 7 сакавіка, падчас канцэрта «Жанчына — гэта вясна» ў Пружанах. Ордэн, прызнаецца Ганна Паўлаўна, не толькі вялікі гонар і вялікая радасць для сям’і, але і вялікая адказнасць. Адказнасць перад сабой і дзяржавай за выхаванне дзетак, за тое, каб яны выраслі годнымі грамадзянамі роднай і любімай краіны.

— У нашай сям’і ўсе дасягненні і ўзнагароды агульныя. Напрыклад, летась муж атрымаў памятны нагрудны знак да юбілею пажарнай службы. І гэта не яго, а наша ўзнагарода. Гэтак жа было з пагонамі прапаршчыка. Ён прыйшоў, паклаў мне іх на далонь і сказаў: «Гэта твае «зорачкі», калі б не ты, іх проста не было б». Так і з ордэнам Маці — гэта падзяка не мне, а, перш за ўсё, нашай сям’і. А сям’і проста не было б без вялікай падтрымкі мужа, любові і даверу. Лічу, што менавіта на ім і будуецца сапраўдная, моцная і дружная сям’я, — дзеліцца сакрэтам свайго сямейнага шчасця шматдзетная матуля з Шарашэва.

Уладзіслаў Шпарла.

Фота Кацярыны Масік і з сямейнага архіва Калінейкаў