Напярэдадні свята мы пазнаёміліся і пагутарылі з цудоўнай сям’ёй Гарбачовых. Яна была створана ў 2010 годзе і ў дадзены момант складаецца з пяці чалавек.
У адказ на пытанне, як нарадзілася іх каханне, Ганна і Максім прызнаюцца, што пазнаёміліся выпадкова, на дні нараджэння агульнага знаёмага. У маладых людзей адразу ўзнікла ўзаемная сімпатыя, яны вырашылі працягнуць зносіны. А праз некаторы час Максім зразумеў, што менавіта Ганна — яго лёс і зрабіў прапанову рукі і сэрца, ад якой дзяўчына проста не змагла, не захацела адмовіцца.
Так узнікла новая «ячэйка грамадства». Неўзабаве пасля вяселля на свет з’явілася дачушка Дар’я, за ёй адзін за адным нарадзіліся хлопчыкі Мацвей і Арцём.
— Ніколі б не падумала, што мы станем шматдзетнымі бацькамі, у нас будзе трое дзяцей, але я вельмі рада, што ўсё склалася менавіта так, — адзначае Ганна Яўгеньеўна.
Час ідзе — дзеці падрастаюць. Даша ўжо вучыцца ў сёмым класе сярэдняй школы №1 імя ЧБВА. Мацвей — першакласнік гэтай жа школы, самы маленькі член вялікай сям’і, Арцём, ходзіць у дзіцячы садок. Бацькі ж, у сваю чаргу, працуюць і ставяць сваёй мэтай забяспечанасць дзяцей усім неабходным.
Мы яшчэ не расказалі, што Ганна Яўгеньеўна педагог, пачынала свой працоўны шлях як настаўніца рускай мовы і літаратуры, а цяпер працуе метадыстам у аддзеле па адукацыі райвыканкама. А Максім Міхайлавіч прысвяціў жыццё вайсковай справе: ужо больш за 20 гадоў служыць тэхнікам радыёаддзялення ў Слабудцы.
Сям’я Гарбачовых вядзе актыўны лад жыцця, часта наведвае розныя мерапрыемствы, што праходзяць у нашым горадзе.
— Але ўсе мы розныя ў сваіх захапленнях, — усміхаецца мама. — У Дашы гэта танцы, хлопчыкі вельмі любяць ездзіць на веласіпедах і самакатах, а мы, бацькі, пасля працоўнага дня любім пакорпацца ў агародзе.
Варта сказаць, што Ганна і Максім працы не цураюцца і многае ўмеюць самі: практычна ўсе работы па пабудове ўласнага дома былі зроблены без старонняй дапамогі.
— Дачка і сыны таксама нам часта дапамагаюць, прывучаны да працы. Таксама мы любім адпачываць на прыродзе і наведваць новыя і цікавыя месцы нашай прыгожай краіны, але не заўсёды на гэта ёсць час. Вялікую ўвагу надаём дзецям, уласным прыкладам імкнёмся прывіць ім правільныя каштоўнасці, патрыятызм, любоў да роднай краіны. Вось і 9 мая ўсёй сям‘ёй прымалі ўдзел у святочных мерапрыемствах з нагоды дня Вялікай Перамогі.
— Насамрэч, мы вельмі рады, што жывём у Беларусі, у сацыяльна арыентаванай дзяржаве, дзе вялікая ўвага надаецца менавіта сямейным традыцыям і каштоўнасцям. А як без сям‘і? — разважае Ганна. — Заўсёды прыемна, калі дома цябе чакаюць любімыя дзеці і муж. Калі маеш паўнавартасную сям’ю, дзе ёсць каханне і павага, значыць, маеш і шчасце!
Зразумела, па-рознаму складваюцца гісторыі кахання, але ўсім сем’ям напярэдадні свята мы жадаем, каб шлюбныя саюзы былі моцнымі, а ў доме заўсёды панавала шчасце. Сямейнае.
Руслан Басак.
Фота Кацярыны Масік