Шматдзетная маці ў нашых рэаліях — гэта прафесія. І працоўны дзень у такой жанчыны ўвогуле не нармаваны: пачынаецца задоўга да ўсходу сонца і заканчваецца глыбокай ноччу. Без выхадных і перапынкаў на абед.

Такі лад жыцця ўжо даўно стаў прывычным для жыхаркі вёскі Варотнае Парвіны Толсцік. Так, яна даглядае і выхоўвае шасцёра дзяцей, на яе плячах многа хатніх і сямейных спраў, на што ідзе нямала часу. Але і ў такіх умовах жанчына знайшла магчымасць, каб заняцца рамесніцтвам.
— Аднойчы вырашыла разарваць кола штодзённых клопатаў і дабавіць у руціну што-небудзь новае, — расказвае Парвіна Рустамаўна. — І неяк атрымалася, што мяне захапілі прыклады людзей, якія вырабляюць розныя сувеніры і ўпрыгожанні са штучных матэрыялаў.
Новы занятак падказаў шматдзетнай маці… інтэрнэт. У вёску Варотнае прыйшоў хуткасны доступ, што істотна пашырыла мясцовыя далягляды, няхай сабе і ў віртуальным фармаце. Як толькі ні называюць людзі сусветнае павуцінне, якія крыўдныя эпітэты ні даюць глабальнай сетцы! А вось выходзіць, што інтэрнэт становіцца крыніцай натхнення: Парвіна Рустамаўна знайшла тут падказку для рэалізацыі свайго таленту і вырашыла паўтарыць некаторыя вырабы, што ўбачыла на рамесніцкіх сайтах. Але ж першыя спробы аказаліся няўдалымі. У адчаі кідала занятак, каб праз месяцы вярнуцца да яго. Некалькі гадоў так цягнулася… Жанчына ўгаворвала сябе, што гэта не для яе, а душа зноў і зноў патрабавала паспрабаваць яшчэ раз, пакуль вучаніца не асвоіла ўсе ўрокі. Першай удалай творчай работай стала ружа-свяцільня, якая і зараз стаіць у пакоі рамесніцы на самым бачным месцы.

Акрыленая поспехам, яна пачала працаваць над новымі вырабамі, якія аздаблялі кожны куток уласнага дома, потым разыходзіліся па сваяках і знаёмых. У адзін дзень, калі пачалі паступаць заказы ад чужых людзей, Парвіна Толсцік вырашыла аформіць рамесніцтва.
— Мае дамачадцы спачатку не разумелі, навошта маме дадатковыя клопаты, бо іх і так хапае на кожны дзень! — смяецца шматдзетная маці. — Трэба ж нагатаваць абед і вячэру, з аднымі дзецьмі зрабіць хатняе заданне, іншых памыць і ўкласці спаць. Словам, спраў больш, чым у вавёркі. Вось толькі гэта знешняе, а хацелася нечага і для сябе, для душы.
Усе неабходныя матэрыялы і сыравіну Парвіна Толсцік набывае ў анлайн-магазінах. Пошта аператыўна дастаўляе пакупкі і з такой жа хуткасцю забірае зробленае, каб адвезці заказчыкам. На думку майстрыхі, цяпер няважна, дзе ты жывеш — у мегаполісе або ў вёсцы, куды нават асфальт не дайшоў. Галоўнае — мець доступ да інтэрнэту, і ўвесь свет даведаецца пра цябе. Ды, як расказвае Парвіна Рустамаўна, жыццё ў вёсцы дае ёй магчымасць быць бліжэй да прыроды, што вельмі важна для творчых людзей. У наваколлі рамесніца знаходзіць нямала падказак: прыгожая кветка, незвычайнае дрэва, яркая птушка… Усё гэта потым увасабляе ў сваіх вырабах. Убачыць іх патэнцыяльныя заказчыкі могуць зноў жа ў інтэрнэце. На сваіх старонках у «Аднакласніках», «Інстаграме» майстрыха выстаўляе ўсе рэалізаваныя навінкі, нядаўна стварыла акаўнт і «УКантакце». У аддаленым рэжыме з жадаючымі заказаць вырабы жанчына агаворвае ўсе акалічнасці, пачынаючы з характарыстык і заканчваючы тэрмінам выканання.

Як зазначае рамесніца, такі бізнес можа стаць сапраўдным матэрыяльным стымулам і прыносіць стабільны прыбытак. Зразумела, што не адразу, а праз нейкі час, пасля раскруткі. Вось толькі ў любым выпадку «ехаць за мора па доўгі рубель» не трэба, можна знайсці сябе і там, дзе нарадзіўся.
Безумоўна, не змог не спытаць шматдзетную маці, ці дапамагаюць ёй дзеці. Ці бачыць яна ў кім-небудзь з іх свой працяг?
— Так, дзеці бяруцца за розныя дробязі, калі работы многа і выканаць яе трэба хутка, — смяецца Парвіна.— Але ж пакуль гэта не стала сапраўдным захапленнем душы. Старэйшая дачка больш любіць маляваць, сярэдняя захапляецца спортам, іншыя — яшчэ малыя. Хаця, можа, у будучым нешта зменіцца і талент раскрыецца, як у мяне.
А ён у Парвіны Толсцік даволі шматгранны. Зараз, напрыклад, яна вырашыла асвоіць яшчэ і выраб малых архітэктурных форм. Пакуль робіць першыя крокі, але, бачачы, наколькі майстрыха ўпартая, можна не сумнявацца ў поспеху і гэтага пачатку.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік